Гамлет
Гамлет | |
па-ангельску: The Tragedy of Hamlet, Prince of Denmark[1] па-ангельску: Hamlet[2] | |
Жанр: | трагедыя |
---|---|
Аўтар: | Ўільям Шэксьпір |
Мова арыгіналу: | раньнесучасная ангельская мова[d] і ангельская мова |
Публікацыя: | 1602 |
«Га́млет» (па-ангельску: Hamlet), больш поўна «Трагічная гісторыя Гамлета, прынца Дацкага» (The Tragicall Historie of Hamlet, Prince of Denmarke) — адна з найвядомейшых трагедыяў Шэксьпіра, твор сусьветнае клясыкі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Легенда пра дацкага прыца Гамлета, які помсьціць за забойства свайго бацькі ягонаму брату, была вядомая задоўга да Шэксьпіра. Асноўныя элемэнты сюжэту трагедыі ўжо прысутныя ў трэцім эпізодзе «Дзеяў данаў» Саксона Граматыка (глядзіце Амлет).
Пэрсанажы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя пэрсанажы «Гамлета»:
- Клаўдзій, кароль Даніі.
- Гамлет, сын папярэдняга і пляменьнік цяперашняга караля.
- Гертруда, маці Гамлета, удава папярэдняга й жонка цяперашняга караля.
- Прывід айца Гамлета
- Палоній, лорд камергер.
- Лаэрт, сын Палонія.
- Афэлія, дачка Палонія.
- Гарацыё, сябар Гамлета.
- Разэнкранц, Гільдэнстэрн — прыдворныя.
- Акторы
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У калеўскім замку Эльсінор афіцэры некалькі начэй бачаць прывід, падобны да нядаўна памерлага караля. Яны расказваюць пра гэта Гарацыё, той выходзіць зь імі на варту й спрабуе загаварыць з прывідам, але той не адказвае. Гарацыё і афіцэры вырашаюць на наступную ноч паклікаць Гамлета.
Гамлет падаўлены сьмерцю бацькі, а таксама тым, што меней чым праз два месяцы пасьля ягонае сьмерці новы кароль, брат памёрлага, абвяшчае пра намер ажаніцца з ягонаю ўдавою, маці прынца.
Лаэрт зьбіраецца ў Францыю, а перад ад’ездам навучае сваю сястру Афэлію асьцярожна ставіцца да залётаў Гамлета, бо ня ўпэўнены ў ягоных намерах.
На наступную ноч Гамлет выходзіць на варту і бачыць прывіда, які кліча яго за сабою. Сябры спрабуюць спыніць Гамлета, але той усё ж ідзе. Застаўшыся зь ім сам-насам, прывід ягонага бацькі расказвае, што ён не памер ад укуса зьмяі, як усе лічаць, а быў атручаны братам, і заклікае сына да помсты. Гамлет ня ўпэўнены, што гэта сапраўды дух ягонага бацькі, а не пякельная здань, і хоча высьветліць, ці праўду ён сказаў. Для гэтага ён прыкідваецца вар’ятам. Палоній вырашае, што прынц звар’яцеў ад каханьня да ягонае дачкі, і расказвае пра гэта каралю й каралеве.
У Эльсінор прыбываюць Разэнкрац і Гільдэнстэрн, даўнія прыяцелі Гамлета. Кароль і каралева падбухторваюць іх цікаваць за прынцам, але той хутка разумее гэта. Тымчасам у замак прыбываюць акторы, і Гамлет вырашае выкарыстаць іх, как выпрабаваць караля. Кароль і Палоній падслухваюць размову Гамлета з Афэліяй. Насуперак іх чаканьням, Гамлет адвяргае Афэлію ды кажа ёй ісьці ў манашкі. Клаўдзій вырашае паслаць Гамлета ў Англію.
Гамлет навучае актораў паставіць п’есу, якая павінная напомніць Клаўдыю пра ягоны ўчынак, калі ён сапраўды вінаваты. Клаўдзій выходзіць на сярэдзіне п’есы, і ягоны пляменьнік ўпэўніваецца, што прывід сказаў праўду. Гамлет ідзе да маці і рэзка зь ёю размаўляе. Напужаная, яна кліча на дапамогу, і яе крык падтрымлівае Палоній, які хаваецца за шпалераю ў пакоі. Прыняўшы Палонія за караля, Гамлет забівае яго. Пасьля гэтага Клаўдзій вырашае, што Гамлет павінны ехаць у Англію адразу ж, і дасылае разам зь ім Разэнкранца й Гільдэнстэрна, якія вязуць тайны загад Клаўдзія забіць Гамлета.
Афэлія вар’яцее, верагодна з-за сьмерці бацькі. З Францыі вяртаецца Лаэрт, і патрабуе ў Клаўдзія адказу за сьмерць Палонія. Клаўдзій запэўнівае Лаэрта, што сам ён ня вінаваты. Піраты прыносяць Гарацыё ліст ад Гамлета, згодна якому карабель, на якім плыў прынц, быў захоплены, а сам ён трапіў у палон і вяртаецца ў Данію. Гарацыё выходзіць яму насустрач. Клаўдзій расказвае Лаэрту, што Палонія забіў Гамлет. Атрымаўшы навіну, што Гамлет вяртаецца, кароль і Лаэрт дамаўляюцца зладзіць фехтавальнае спаборніцтва, на якім Лаэрт зможа забіць Гамлета. Прыходзяць весткі, што Афэлія патанула, упаўшы ў раку.
Вяртаючыся, Гамлет і Гарацыё бачаць пахаваньне Афэліі. Прысутны там Лаэрт накідваецца на Гамлета, але кароль супакойвае юнака, нагадаўшы пра іхнюю дамову. Гамлет расказвае Гарацыё, што, западозрыўшы нядобрае, прачытаў каралеўскае пісьмо пакуль Разэнкранц і Гільдэнстэрн спалі, і падмяніў яго новым, у якім казалася, што забіць трэба саміх пасланцаў.
Калі Гамлет згаджаецца ўдзельнічаць у фехтавальным спаборніцтве, кароль і Лаэрт намазваюць атрутаю рапіру апошняга, а кароль у дадатак труціць віно ў келіху, зь якога мусіць піць Гамлет. Гамлет першы раз раніць Лаэрта, і каралева п’е за здароўе сына зь ягонага келіху. Лаэрт раніць Гамлета атручанай рапірай, затым у ходзе бою яны абменьваюцца зброяй і рану атручанай рапіраю атрымоўвае таксама Лаэрт. Гертруда кажа, што віно атручана, і памірае. Лаэрт расказвае, як кароль падбухторыў яго атруціць рапіру, прабачае Гамлету забойства бацькі і просіць прабачыць яго. Гамлет дае яму прабачэньне, і Лаэрт памірае таксама. Гамлет забівае караля атручанай рапірай, і сам памірае ад раны. Уваходзяць паслы з Англіі, абвяшчаючы, што Разэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя. Салют у гонар памерлага прынца завяршае п’есу.
Кінавэрсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Са шматлікіх кінавэрсіяў «Гамлета» найбольш вядомыя наступныя:
- Гамлет: рэжысэр і выканаўца ролі Гамлета — Лоўрэнс Аліўе.
- Гамлет: рэжысэр — Грыгоры Козінцаў, выканаўца ролі Гамлета — Інакенці Смактуноўскі.
- Гамлет: рэжысэр — Франка Дзэфірэлі, выканаўца ролі Гамлета — Мэл Гібсан.
У сусьветнай культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- П’еса і фільм Тома Стопарда «Разэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» даюць пастмадэрнісцкую трактоўку трагедыі з пункту гледжаньня другасных персанажаў.
- Раман Джона Апдайка «Гертруда й Клаўдзій» ўяўляе з сябе прыквэл да «Гамлета».
- Эпізоды трагедыі натхнялі многіх мастакоў, у тым ліку Джона Ўільяма Ўотэрхаўза і Дантэ Габрыэля Расэці.
Фразэалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шматлікія цытаты з «Гамлета» сталі фразэалягізмамі ў многіх мовах сьвету. Самая вядомая сярод іх — Быць альбо ня быць?
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як клясычны твор сусьветнага ўзроўню, «Гамлет» быў перакладзены на 67 моваў сьвету[3]. Поўны пераклад на беларускую мову выканаў Юрка Гаўрук (1935, 1964).