Перайсьці да зьместу

Віялета Бардзілоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віялета Бардзілоўская
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзілася2005
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяскакун на батуце
Узнагароды і мэдалі
ордэн Пашаны

Віялета Бардзілоўская (нар. 7 чэрвеня 2005 году, Магілёў, Беларусь) — беларуская гімнастка ў скачках на батуце. Брала ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ў якасьці індывідуальнай нэўтральнай атлеткі і здабыла срэбраны мэдаль. Чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў 2021 году ў сынхронных скачках на батуце.

Нарадзілася 7 чэрвеня 2005 году ў Магілёве. Пачала займацца гімнастыкай на батуце, калі ёй было чатыры гады[1].

Заняла 19-е месца ў асабістым заліку на сусьветных спаборніцтвах ва ўзроставай групе 2017 году ў катэгорыі 11—12 гадоў[2]. Яна выступала на юніёрскім чэмпіянаце Эўропы 2021 году і здабыла там залаты мэдаль у сынхронных спаборніцтвах з партнэркай Марыяй Сяргеевай[3]. Акрамя таго, зборная Беларусі па скачках на батуце заваявала срэбраны мэдаль, саступіўшы Расеі[4]. Затым на чэмпіянаце сьвету 2021 году ва ўзроставых групах Бардзілоўская і Сяргеева заваявалі срэбраны мэдаль у сынхронным заліку. У асабістым заліку Бардзілоўская заняла 49-е месца[5].

Спартоўка дэбютавала ў дарослым складзе ў лютым 2022 году на Кубку сьвету ў Баку і заняла сёмае месца ў фінале асабістага заліку[6]. У сакавіку 2022 году Міжнародная фэдэрацыя гімнастыкі (МФГ) дыскваліфікавала расейскіх і беларускіх спартоўцаў праз расейскае ўварваньне ва Ўкраіну[7]. Бардзілоўская па-ранейшаму выступала на хатніх турнірах, заваяваўшы тытул чэмпіёнкі Беларусі ў асабістым заліку ў 2022 годзе[8] У 2024 годзе МФГ зацьвердзіла сьпіс некаторых спартоўцаў як «нэўтральных» дзеля іхняга вяртаньня на міжнародныя спаборніцтвы[9]. Яна вярнулася да ўдзелу ў спаборніцтвах на чэмпіянаце сьвету ў Баку 2024 году і заняла дзясятае месца ў паўфінале, што зрабіла яе першай рэзэрвовай спартоўкай дзеля ўдзелу ў фінале[10]. Затым беларуска брала ўдзел на Кубку сьвету ў Котбусе і заняла 12-е месца[11].

Заваявала квоту на летнія Алімпійскія гульні 2024 году паводле вынікаў сэрыі Кубка сьвету 2024 году[12][13]. У чэрвені была зацьверджаная Міжнародным алімпійскім камітэтам дзеля ўдзелу ў спаборніцтвах у якасьці індывідуальнай нэўтральнай атлеткі[14]. На Алімпійскіх гульнях Бардзілоўская здабыла срэбраны мэдаль у індывідуальных спаборніцтвах па скачках на батуце, саступіўшы брытанцы Браяні Пэйдж[15].