Вячаслаў Пратасевіч
Вячаслаў Пратасевіч | |
Дата нараджэньня | 17 красавіка 1913 |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Роспа, Капыльскі раён |
Дата сьмерці | 2 лістапада 1992 (79 гадоў) |
Прафэсія | народны майстар музычных інструмэнтаў, каваль |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1946—1992 |
Узнагароды |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пратасевіч.
Вячаслаў Сьцяпанавіч Пратасевіч (17 красавіка [ст. ст. 30] 1913, вёска Роспы, цяпер у Капыльскім раёне Менскай вобласьці — 02 лістапада 1992) — беларускі народны майстар традыцыйных музычных інструмэнтаў, выканаўца на дудцы, скрыпцы, жалейках з саломкі, кмену, чароту й інш.
Удзельнік партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 30 гадоў жыў і працаваў ва Ўзьдзе.
3 1977 г. працаваў у Менску — у Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Беларусі імя Г. І. Цітовіча, у фальклёрна-этнаграфічным ансамблі «Харошкі» — майстар па рамонце і настройцы ўнікальных народных музычных інструмэнтаў. Вырабляў дудкі, жалейкі, альты, скрыпкі, цымбалы, ліры і іншае, якія вылучаюцца прыемным тэмбрам, добра трымаюць строй. Інструмэнты Пратасевіча выкарыстоўваюць у канцэртнай практыцы вядомыя творчыя калектывы Беларусі.
Шматлікія інструмэнты захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музэі, Узьдзенскім краязнаўчым музэі, Літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску.
Ляўрэат 1-га Ўсесаюзнага фэстывалю самадзейнай мастацкай творчасьці працоўных (залаты мэдаль; 1975—1977), неаднаразова ўдзельнічаў у перадачах Беларускага тэлебачаньня і радыё, музычна-этнаграфічных канцэртах.
Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся Вячаслаў Сьцяпанавіч у сям’і безьзямельнага селяніна. Ягоны дзед Іван праслужыў капэльмайстарам у царскай арміі 25 гадоў, таму аднавяскоўцы называлі Пратасевічаў «Салдатавы». Ён меў сем сыноў і дзьвюх дачок. Людзі ведалі пра сямейны ансамбль Пратасевічаў. Ігралі ўсе, але асабліва вызначаліся сыны Алесь, Сьцяпан (бацька Вячаслава), Кастусь і Хведар. Пасьля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі да сямейнага ансамблю Пратасевічаў далучыліся шматлікія аднавяскоўцы.
Музыкі з Роспаў часта выступалі пасьля сялянскіх сходаў, на вясковых вечарынах, у першых вясковых клюбах. Рэпэртуар быў рознабаковы. Ігралі «Грабелькі», «Крыжачок», «На рэчаньку», вальсы «Галубкі», «Майскі сон», маршы «Разьвітаньне славянкі», «Дні нашага жыцьця», «Казачок», полькі «Бульба», «Паўлінка», «Сьмех». Празь некаторы час у ансамблі, спачатку з бубнам, а пасьля з маленькай скрыпачкай у руках зьявіўся васьмігадовы хлопчык Веця. Ён тры зімы наведваў пачатковую школу, якая знаходзілася ў панскім доме ва ўрочышчы Гарбахі. Улетку пасьвіў каровы ў заможных сялянаў. Гэта быў незвычайны хлопчык. Ён па-свойму ўспрымаў гоман птушак, шапаценьне чароту, журчаньне вады ў рацэ (жылі побач з ракой Лошай). Прырода стала для яго музычнай школай. Ад бацькі Сьцяпана Веця пераняў сталярную і бондарскую справу. Выразаў з дрэва лыжкі і апалонікі, розныя кухонныя прылады, выгінаў з дроту дзівосныя фігуркі-цацкі. А пазьней з клёпкі бочкі зрабіў штосьці падобнае на скрыпку, замест струн нацягнуў валасы з конскага хваста. І зайграў… З таго часу пачаў разьвівацца ягоны музычны талент.
Здольнасьці пляменьніка першым заўважыў родны дзяцька Веці Хведар і вырашыў дапамагчы юнаму таленту. Ён у 1920 годзе, прадаўшы карову, выпісаў з Ляйпцыга скрыпку Цімермана пад нумарам трынаццаць і падарыў таленавітаму родзічу. Малады музыка хутка асвоіў новы інструмэнт.
У 15-гадовым веку Вячаслаў навучаўся кавальскай справе ў жыда Лейбы Хацкеля зь вёскі Харытонаўкі. Хутка пра «залатыя рукі» юнака ведалі ва ўсёй акрузе. Сякеры, косы і сярпы карысталіся попытам у Капыльскім і Узьдзенскім раёнах. Спачатку з бацькам і дзедам Вячаслаў працаваў у камуне вёскі Мрочкі. Калі пачалі стварацца калгасы, яго першага накіравалі ў Капыльскую МТС на курсы трактарыстаў. І ён хутка асвоіў знатную на той час, амаль «лётчыцкую» справу. Працуючы ў калгасе «Чырвоныя Роспы», юнак займаўся кавальскай справай і рамантаваў гадзіньнікі, швейныя машыны, вырабляў розныя рэчы з дрэва і мэталу.
Дарослае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1939 годзе Вячаслаў ажаніўся зь мясцовай дзяўчынай Аленай Рудакоўскай. Склалася шчасьлівае сямейнае жыцьцё, нарадзіўся сын, пабудавалі хату. У чэрвені 1941 г. вёска Роспы апынулася ў партызанскай зоне. У хаце Пратасевічаў камандаваньне брыгады імя Чапаева разьмясьціла радыёапаратуру і друкарскі станок для ўлётак. Майстар на ўсе рукі выклёпваў, выточваў і паяў дэталі, соднямі не адходзіў ад горну: рамантаваў вінтоўкі і кулямёты, падкоўваў партызанскіх коней. Карнікі расправіліся з партызанскімі сем’ямі ў лютым 1943 году. А вясной 1944 нямецкія самалёты разбурылі вёску. Ацалелі некалькі хатаў. Сярод іх — хата Пратасевічаў. У час бамбаваньня там знаходзілася жонка Алена з нованароджанай дачушкай.
Пасьляваеннае аднаўленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вызваленьня Беларусі пачалося аднаўленьне народнай гаспадаркі. Многія жылі ў зямлянках. Працавала кузьня Пратасевіча. Майстар сам намываў рачны пясок для лепшай плаўкі і зваркі мэталу. Са шчыта станкавага кулямёта «Максіма» нарэзваў палоскі і наварваў іх на сярпы, кавалкі шчыта гарматы ішлі на кляпаньне сякераў. З дроту вырабляў цьвікі. Усім гэтым дапамагаў аднавяскоўцам будавацца. Адзін каваль на тры калгасы — ладзіў плугі, бароны. Людзі прыходзілі да яго кожны дзень: каму чыгунок ці патэльню зрабіць, каму рыдлёўку падрабіць. Знайшлі на пажарышчы швейную машынку. І тую адрамантаваў пагарэльцам.
Творчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адначасова з асноўнай працай Вячаслаў Сьцяпанавіч займаўся вырабам традыцыйных беларускіх музычных інструмэнтаў: басовыя жалейкі, дудкі-рагаткі і дудкі са сьвістковым прыстасаваньнем, сурмы, валынкі, скрыпкі, альты, цымбалы, ліры выходзілі з-пад ягоных умелых рук. Перабраўшы мноства кулёў саломы, ён змайстраваў першую дудачку, на якой тады і выканаў папулярную і любімую людзьмі «Кацюшу». Толькі ён ведаў, колькі трэба зрабіць адтулін і на якой адлегласьці, пад якім кутом зрабіць зрэз саломінкі. У 1950 годзе вясковы музыка становіцца ляўрэатам раённага конкурсу самабытных артыстаў.
У 1961 годзе Пратасевічы пераязджаюць у пасёлак Узда. Там гаспадар уладкоўваецца майстрам па рамонце гадзіньнікаў і побытавым абслугоўваньні насельніцтва. Разам з сынам Анатолем займаецца пошукам неабходных матэрыялаў для музычных інструмэнтаў. Матэрыялы знаходзілі ў навакольлі роднай вёскі Роспы, таксама ў Белавескай і Налібоцкай пушчы (дазвол на гэта даў сам міністар культуры).
Лясьнікі зьдзіўляліся, як Вячаслаў Сьцяпанавіч выбіраў неабходныя сухія яліны. Да аднаго дрэва падыходзіў, прыкладваў вуха, стукаў і чуў толькі аднаму яму вядомы чароўны звон. А на другое адразу паказваў, што зь яго будзе добры інструмэнт. Што скажаш — талент ад Бога!
У 1973 годзе майстар Пратасевіч перабраўся да дачкі ў Калодзішчы, што пад Менскам. Там дзеду Вецю вылучылі два пакоі для абсталяваньня майстэрні. Частымі гасьцямі ў майстра былі навучэнцы школаў, пэдагогі, навуковыя супрацоўнікі. У ягоным доме дзеці ня толькі майстравалі, але і спазнавалі азы музычных ведаў. У пакоях уздоўж сьценаў стаялі дудкі з саломінак, кмену, чароту, жалейкі і трубы. На падлозе разьмясьціліся бубны, цымбалы, гусьлі, ліры, віяланчэлі. Тут былі і першыя скрыпачкі дзеда Веці.
Успамінае сын Анатоль: «Дом Пратасевічаў быў заўсёды адчынены для гасьцей, якіх сустракалі і праважалі маршам. Бацька іграў на скрыпцы, а маці Алена Мікалаеўна брала бубен. Шчырыя і адкрытыя былі яны для людзей».
Вячаслаў Сьцяпанавіч знайшоў сваё прызваньне: сем гадоў працаваў майстрам па рамонце і настройцы ўнікальных народных музычных інструмэнтаў у Белдзяржфілярмоніі, выступаў перад слухачамі ў школах, клюбах, на сьвятах. Ягоныя мэлёдыі запісваліся на Беларускім і Ўсесаюзным тэлебачаньні. Заслужаная артыстка БССР Валянціна Карэлікава, артысты Васіль Купрыяненка, Ёсіф Несьцяровіч у складзе фальклёрнага ансамблю «Харошкі» ў час гастрольных паездак ігралі на ягоныя інструмэнтах перад слухачамі ў Ангельшчыне, Італіі, Польшчы, Японіі, шматлікіх іншых краінах. На Кіпры шырокая аўдыторыя параўноўвала гучаньне дудак зь Беларусі з голасам скрыпак Страдывары.
Пражыў Вячаслаў Сьцяпанавіч Пратасевіч 79 гадоў і пакінуў нам багатую культурную спадчыну. Ягоныя музычныя інструмэнты прывабліваюць наведвальнікаў у Нацыяльным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, краязнаўчых музэях Капылю і Ўзды. Разышліся яны па блізкім (Расея, Украіна, Прыбалтыка) і далёкім замежжы (Ангельшчына, Індыя, Японія, ЗША) разам зь беларускімі дыяспарамі. Ён стаў ляўрэатам 1-га Ўсесаюзнага фэстывалю самадзейнай мастацкай творчасьці працоўных, узнагароджаны залатым мэдалём, шматлікімі дыплёмамі ўсіх узроўняў. Імя ягонае назаўсёды ўнесенае ў Энцыкляпэдыю літаратуры і мастацтва Беларусі. Як удзельнік партызанскага руху ўзнагароджаны мэдалямі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і інш.
Дзеці народнага творцы знайшлі сваё месца ў жыцьці. Сын Анатоль стаў спэцыялістам па рамонце швейнага абсталяваньня. У час адпачынку ў санаторыі «Лясныя азёры» вырабляў з карчоў дрэваў фігуры жывёлаў. Дзьве дачкі — Ганна і Зоя — вывучыліся на фэльчараў. Сярод пяці ўнукаў ёсьць інжынэр-эканаміст (добра грае на баяне), майстар-наладчык аўтамабільнага абсталяваньня, будаўнік. А ўнучка ў Расеі — мастачка-мадэльерка. Усе яны пакрысе ўзялі цудоўнае і прыгожае ад дзеда.
Сёньня на месцы былога дома ў вёсцы Роспы ўстаноўлены помнік з прозьвішчамі загінулых землякоў.
«У мяне столькі задум, што ня хопіць майго жыцьця!» — апошнія словы Вячаслава Сьцяпанавіча для нашчадкаў.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 лютага 2003 году завулку Мікалаеўскі ў аг. Калодзішчы Менскай вобласьці было нададзена імя В. С. Пратасевіча.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Низина, И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. — Мн., 1979. — С. 81, 96 — 98.
- Пратасевіч В. С. // Сахута, Я. М. Беларускае народнае мастацкае кавальства. — Мн.: Полымя, 1990. — С. 56 — 58.
- Уладзімір Аляхновіч. «Народнае мастацтва. Саломінкі чароўная ігра».
- Н. И. Гарковенко. Колодищи — неиссякаемый родник удивительных судеб. Музыка сонечнага куста, Минск «Бестпринт» 2019.
- Ядвига Малевич «Самародак зямлі Капыльскай».
- Белорусские народные музыкальные инструменты, 1979.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, 1987; Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч // Т. 4. — С. 380—381.
- Беларуская народная інструментальная музыка, 1989.
- Памяць. Уздзенскі раён, 2003.
- Летописи поселка Колодищи, 2015.
- Бярозка №9, 1986. Играй, соломинка, играй.
- Беларусь №4, 1987. Іграй жа, дудачка, іграй на радасць.
- Мастацтва Беларусі №2, 1988. Саломінкі чароўная ігра.
- Помнікі гісторыі і культуры Беларусі №2, 1989. Музычны летапіс народа.
- Знамя юности, сентябрь 1975. Родники.
- Вечерний Минск,27.12.1980. Мелодии золотой соломинки.
- Літаратура і мастацтва, 15.05.1981. Музыка сонечнага куста.
- Слава працы, 12.09.1981. Просьба з Бельгіі.
- Наша слова, 30.06.1983. Прысвечана самабытнаму майстру.
- Советская Белоруссия, 01.09.1985. Пой, моя скрипка.
- Чырвоная змена, 13.10.1985. Майстар і музыка.
- Слава працы, 02. 06.2013. Дзед Веця — майстар і музыка з Роспаў.
- Советская Белоруссия, 02.04.1987. Минская весна. Свята.
- Железнодорожник Беларуси, 23.07.1987. Живет такой мастер.
- Вечерний Минск, 28.11.1989. Добрый день, мастер.
- Вечерний Минск, 16.06. 1993. Выставка Памяти мастера.
- Вечерний Минск, 22.06.1993. К истокам.
- Вечерний Минск, 23.06.1993. Возрождение традиций. Цэнтр гульні і цацкі. Лауреат I-го Всесоюзного конкурса 1975—1977.
- Культура, №24 23.06.1993 Памяти мастера.