Вялікая Лёжа Беларусі
Вялікая Лёжа Беларусі | |
Вялікая Лёжа Беларусі | |
Дата ўтварэньня | 25 траўня 2019 (5 гадоў таму) |
---|---|
Афіцыйныя мовы | беларуская мова |
Вялікая Лёжа Беларусі — гэта сувэрэннае аб’яднаньне рэгулярных вольнамулярскіх лёжаў, што працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Створаная пры падтрымцы і прызнаньні Вялікіх Лёжаў Польшчы, Літвы і Ўкраіны і рэгулярна асьвечаная 25.05.2019 на Ўсходзе Менску падчас супольнага рытуальнага сходу. Мае свае Канстытуцыю, Агульны статут. Арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная.
Перадгісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікая Лёжа Беларусі мае даўнюю багатую гісторыю і працягвае традыцыі Каралеўскага Мастацтва на беларускай зямлі пачынаючы з протамасонскіх аб’яднаньняў позьняга Сярэднявечча і эпохі Адраджэньня, лёжаў XVIII-XIX стагодзьдзяў, беларускіх вольных муляраў пачатку XX стагодзьдзя. З Другое сусьветнае вайны і да распаду СССР масонства ў Беларусі было забароненае.
У 1998 годзе першыя грамадзяне Беларусі былі ініцыяваныя ў лёжах Вялікай Нацыянальнай Лёжы Польшчы (ВЛНП). На рытуальныя працы зь Менску выяжджалі ў Варшаву і іншыя польскія месты. Гэты рух набываў папулярнасьць і 19.11.2005 г. на Ўсходзе Варшавы пад юрысдыкцыяй ВЛНП была створаная лёжа №8 «Іван Луцкевіч», якая аб’яднала беларускіх братоў і працавала на беларускай мове. У 2010 годзе з дазволу ВЛНП «Іван Луцкевіч» упершыню за доўгія дзесяцігодзьдзі правёў беларускія масонскія працы на тэрыторыі Беларусі, у Менску. Колькасьць братоў павялічвалася і 20.09.2014 году на Ўсходзе Вільні пад юрысдыкцыяй Вялікай Лёжы Літвы была створаная беларускамоўная лёжа №7 «Скарына», куды беларускія масоны прыяжджалі зь Менску, але ўсё часьцей з дазволу ВЛЛ праводзілі працы на тэрыторыі Беларусі. 21.05.2016 г. на Ўсходзе Кіева пад юрысдыкцыяй Вялікай Лёжы Ўкраіны грамадзяне Беларусі стварылі лёжу №15 «Браніслаў Тарашкевіч», якая таксама працавала на беларускай мове. З гэтых трох лёжаў і была створаная ВЛБ, якая ўвасобіла новую, беларускую масонскую юрысдыкцыю, што дазволіла ўсім беларускім братам законна і рэгулярна працаваць на Радзіме. На пачатак 2021 году Вялікую Лёжу Беларусі афіцыйна прызналі Вялікія Лёжы Польшчы, Літвы, Украіны, Эстоніі й Казахстану.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- З’явілася масонская Вялікая ложа Беларусі. Вялікім майстрам стаў Сяргей Дубавец
- Чым займаюцца беларускія масоны? 25 пытаньняў Вялікаму майстру беларускай ложы
- Што хаваецца за дзвярыма Дома масонаў у Мінску?
- Сяргей Дубавец: Беларускія масоны пашыраюць свабоду без палітыкі
- Nicht unbeirrt vom Lärm der Welt. Über den Aufbau der Freimaurerei in Belarus während der Staatskrise. Von Br. Walter Plassmann. — Humanität. Das deutsche freimaurer-magazin. 2/2021