Вера Маслоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вера Маслоўская
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 12 (24) сакавіка 1896
Аграднічкі, Гміна Супрасьль, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча
Памерла 23 студзеня 1981(1981-01-23) (84 гады)
Супрасьль, Гміна Супрасьль, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча
Пахаваная Супрасьль
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, настаўніца, палітычная актывістка і пісьменьніца

Вера Ігнатаўна Маслоўская (дзявоч. Матэйчук, з другога сужонства Карчэўская, псэўд. Мурашка, Вера Мурашка, Беларуская Мурашка; 24 сакавіка 1896, Супрасьль — 23 студзеня 1981) — беларуская грамадзка-палітычная і культурная дзяячка, адна з пачынальнікаў беларускага школьніцтва на Беласточчыне, паэтэса.

Жыцьцярыс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вера Матэйчук нарадзілася ў сялянскай сям’і. Атрымала пачатковую асьвету ў Агароднічках і Супрасьлеўскай школе для дзяўчат, затым працавала на тэкстыльнай фабрыцы. Вызначылася як арганізатар забастоўкі работнікаў, за што была звольнена з працы. Матэрыяльнае становішча не дазваляла на далейшую нармальную вучобу, Вера вучылася дома і ў 1914 г. здала экстэрнам выпускныя экзамэны ў Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі. Але, калі дыплём настаўніцы быў ужо на руках, выбухла вайна. У канцы 1915 г. нямецкія акупацыйныя ўлады пастанавілі, што школьныя заняткі павінны адбывацца на роднай мове насельніцтва. Так паўстала магчымасьць арганізацыі беларускіх школаў. У 1917 г. Вера зноў у Сьвіслачы, на чатырохмесячных пэдагагічных курсах, якія працавалі пры новаарганізаванай беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Закончыўшы іх, накіроўваецца ў вёску Грабавец Арлянскай гміны (цяпер Дубіцкая гміна, Гайнаўскі павет, Польшча), дзе арганізуе беларускую народную школу, якой кіруе на працягу двух гадоў. У жніўні 1919 г. павышае свае кваліфікацыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, дзе ўключаецца ў рэвалюцыйны рух. На працягу 1919/20 школьнага году настаўнічала на Меншчыне (в. Карма Ігуменскага пав.), была школьным інструктарам на Барысаўскі і Дзісенскі паветы. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак, створанага вясной 1920 г. ў Менску. Прымкнула да БПС-Р, пад уплывам П. Бадуновай напісала свой першы верш «Ідзі!», надрукаваны 27 чэрвеня 1920 г. у менскай газэце «Беларусь».

12 лютага 1920 г. Вера выйшла замуж за Ўладзіслава Маслоўскага — беларуса зь Віленшчыны, капітана польскай арміі, які неўзабаве загінуў на фронце. У канцы 1920 г. Вера Маслоўская вяртаецца ў родныя Агароднічкі з заданьнем стварыць на тэрыторыі Беластоцкага, Бельскага, Сакольскага паветаў падпольную паўстанчую арганізацыю. Кіраваў ёю ўрад Ластоўскага, які ў той час знаходзіўся ў Коўне. Пад канец 1921 г. паўстанчая арганізацыя мела ўжо свае ячэйкі ва ўсіх паветах Беласточчыны і Гарадзеншчыны, а ў раёне Белавескай пушчы — партызанскае злучэньне на чале з Германам Шыманюком (пс. «Скамарох»). У верасьні 1921 г. ў Празе адбывалася Ўсебеларуская нацыянальна-палітычная нарада, у якой Вера Маслоўская ўдзельнічала як дэлегат ад Беласточчыны і Гарадзеншчыны (ехала ў Прагу з пашпартам БНР празь Летуву, Балтыйскае мора і Нямеччыну). У Празе яна выступіла як аўтар рэзалюцыі аб змаганьні за ўзьяднаньне ўсіх беларускіх земляў. Пасьля вяртаньня Маслоўскай на радзіму яе поле дзейнасьці хутка пачало звужацца, у сьнежні 1921 г. у падпольную арганізацыю пранік правакатар, у сакавіку 1923 г. 43 падпольшчыкі з Маслоўскай на чале апынуліся за кратамі беластоцкай турмы. Ад 14 да 22 траўня 1923 г., ў Беластоцкім акруговым судзе адбываўся «Працэс 45-і». Цэнтральнай яго фігурай была Вера Маслоўская, якую абвінавачвалі ў тым, што яна арганізавала і кіравала падпольнай арганізацыяй, удзельнічала ў праскай канфэрэнцыі, супрацоўнічала зь беларускім штабам у Мерачы (Летува). Маслоўская прызнала, што прымала самы актыўны ўдзел у арганізацыі, каб злучыць у адно цэлае ўсе часткі падзеленай Беларусі, аднак у гэтым віноўнай сябе ня лічыць. Вера Маслоўская была прыгаворана да шасьцігадовага турэмнага зьняволеньня. Пакараньне адбывала ў Беластоку і Варшаве. Вялікую маральную падтрымку зьняволенай і яе таварышам аказвала беларуская грамадзкасьць, у прыватнасьці, актыў створанай летам 1922 г. Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), Леапольд Родзевіч, прысьвяціў Маслоўскай верш «Начны сьветагляд». Дасылала Маслоўская на волю свае лісты і вершы. Сярод іх верш, прысьвечаны органу БРА, «Вольны Сьцяг», які быў надрукаваны ў гэтай жа газэце 16 верасьня 1923 г. Вершы Маслоўскай у той час друкаваліся таксама ў расейскай газэце «Рассвет», якая выдавалася ў Амэрыцы.

Дзякуючы стараньням прадстаўніка савецкага Чырвонага крыжа ў Польшчы Стэфаніі Сэмпалоўскай Вера вызваляецца з турмы датэрмінова (чэрвень 1927 г.). 21 лістапада 1927 г. выйшла замуж за Уладзімера Карчэўскага. Як былы палітвязень доўгі час застаецца беспрацоўнай. Сьпярша сям’я жыла ў Гайнаўцы, а потым у Альпені на Палесьсі і ў Кодані над Бугам, дзе Вера была арганізатарам мастацкай самадзейнасьці (у Альпені ставілі, між іншым, Купалаву «Паўлінку», ролю якой выконвала сама). Да настаўніцкай працы Вера з мужам вяртаюцца толькі пры савецкай уладзе. З восені 1939 г. працавалі ў Калантаях Ваўкавыскага павету, а летам 1940 г. вяртаюцца ў Агароднічкі. Тут арганізуюць беларускую няпоўную сярэднюю школу. У гэтай школе працавалі таксама ў часе нямецкай акупацыі (да Калядаў 1941 г.), а пазьней, калі яўнае навучаньне было забаронена, вучылі дзяцей таемна. Восеньню 1943 г. зноў адкрываецца беларуская школа ў Агароднічках, у якой надалей працуюць Карчэўскія.

У Агароднічках працавала Вера і пасьля вайны, выкладаючы родную мову. Аднак у выніку тэрарыстычных дзеяньняў падпольля Вера была вымушана спыніць настаўніцкую працу ў Агароднічках і ў чэрвені 1946 г. выехала ў Жагань на Сылезіі. Тут арганізавала дзіцячы сад, якім кіравала пяць гадоў. У палове 1951 г. вярнулася ў Супрасьль, дзе загадвала гарадзкой бібліятэкай, працавала ў Лізе жанчын, была выбрана раднай у беластоцкую Павятовую раду. Зь верасьня 1958 г. на пэнсіі. Памерла ў Супрасьлі, пахаваная на мясцовых могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэтычная творчасьць Веры Мурашкі вырасла на глебе нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў пачатку дваццатых гадоў, удзельнікамі якой былі заходнебеларускія сяляне, рамесьнікі і сельская інтэлігенцыя розных палітычных поглядаў і напрамкаў. Старонкі гераічнага народнага змаганьня, у якім актыўны ўдзел прымае сама паэтэса, былі вядучым матывам усяго раньняга пэрыяду яе творчасьці. Вершы гэтага часу зьяўляюцца ня толькі своеасаблівай дакумэнтацыяй настрояў і імкненьняў руху, але і важным інструмэнтам яго прапаганды. На гэта паказвае іх высокая грамадзянская заангажаванасьць, імкненьне ўзьдзеяньня на чытача, іх агітацыйная накіраванасьць, што нярэдка перавышае мастацкія сродкі і формы вершаскладаньня. Гэтым мэтам служаць вершы «Мужык», у якім акрамя гаротнай долі селяніна моцна акцэнтуецца ўсьведамленьне яго чалавечай годнасьці, а таксама «Ідзі!» — зь ярка выражаным заклікам да працы і барацьбы за лепшую долю. Верш «Бацькаўшчыне», угрунтаваны на матывах узброенага змаганьня партызанскага злучэньня, якое дзейнічала ў Белавескай пушчы пад камандаваньнем «Скамароха», а вершам «Беларускім партызанам» паэтэса адгукнулася на расправы палявых судоў над удзельнікамі падпольля.

Цяжка перажывала маладая паэтэса гады зьняволеньня, пакутлівая атмасфэра якіх знайшла адлюстраваньне ў значнай колькасьці вершаў, напісаных у 1923—1927 г. («Думкі», «За кратамі», «Птушка», «Вясна за кратамі» і іншыя). Яны складаюць выразна акрэсьлены тэматычны цыкль яе творчасьці, у якім плястычнае адлюстраваньне панурых турэмных будняў і пякучай тугі па свабодзе і радзімай старонцы («Там, дзе Супрасьль, Белавежа, думкі там ляцяць…») не пераходзіць у безнадзейнасьць і роспач, а чаргуецца з моцнымі акцэнтамі веры. Аптымістычная візія жыцьця шырока праяўляецца таксама ў яе лірыцы каханьня ці апісаньнях прыроды («Успамін», «Дзе, сонейка, ты» «Прамень», «У гаі»). Гэтая тэндэнцыя назіраецца і ў своеасаблівым запаветным вершы «Хацела б я» зь ярка выражаным гуманістычным асэнсаваньнем маралі і суадносін паміж людзьмі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Туронак Ю. Забытая ліра Веры Мурашкі // Ніва. 1978. 5 сакавіка.
  • Гайдук М. З горда ўзнятым чалом // Ніва. 1978. 30 ліпеня.
  • Туронак Ю. Непакорная Вера // Беларускі каляндар. Беласток: БГКТ, 1990.