Перайсьці да зьместу

Васіль Пралыгін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Васі́ль Андрыя́навіч Пралы́гін (1885 — пасьля 1927) — вайсковец.

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Закончыў 2-клясную школу, працаваў у чыгуначных майстэрнях. З 1903 г. чалец Саюзу сацыялістаў-рэвалюцыянэраў максымалістаў. Удзельнік Сьнежаньскага ўзброенага паўстаньня 1905 г. у Маскве. З 1914 г. у войску, старшыня салдацкага камітэту 3-га Пярлоўскага палка 2-й арміі Заходняга фронту. За храбрасьць і бязбоязнасьць у баях узнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі. У ноч на 30 кастрычніка разам зь іншымі, на просьбу чальца Вайскова-рэвалюцыйнага камітэту Заходняй вобласьці і фронту Г. В. Салаўёва, які прыбыў ноччу 29 кастрычніка 1917 г. у Нясьвіж, дзе разьмяшчаўся штаб 2-й арміі і яе салдацкі камітэт, ён захапіў бронецягнік (5 гармат, 24 кулямёты, 70 чалавек асабовага складу, верных Часоваму ўраду), які стаяў на разьезьдзе Хвоева, і ў 8 гадзін раніцы таго ж дня рушыў праз Койданаў на Менск. Чырвонагвардзейцы і рабочыя чыгуначнай станцыі Фаніпаль, каб прадухіліць дывэрсіі, ноччу пайшлі наперадзе цягніка і асьвятлялі палатно чыгункі ліхтарамі. Левы эсэр Калатухін і ад’ютант камандуючага Заходнім фронтам паручнік Завадзкі спазьніліся і ўзарвалі мост праз раку Пціч, калі бронецягнік па ім ўжо прайшоў. З гэтага часу цягнік назвалі «Браніраваны цягнік імя таварыша Леніна». Пазьней Пралыгін удзельнічаў у барацьбе з контрарэвалюцыяй у Жлобіне, Гомлі, пад Бранскам, ва Ўкраіне. У сьнежні 1917 г. быў цяжка паранены. Больш служыць на бронецягнік не вярнуўся. Дэмабілізаваўся з арміі, працаваў на партыйных і адміністрацыйных пасадах у Кашыры, Рыбінску, Маскве, Туркестане. Апошнія вядомыя пра яго дакумэнты датаваныя 1927 г.

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.