Перайсьці да зьместу

Варыкоз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вырыкоз падскурных венаў у калене

Варыкоз (пашырэньне венаў; лац. varix — вузел) — нераўнамернае павелічэньне прасьвету венаў з утварэньнем выпучваньняў у вобласьці стончанай вянознай сьценкі і іх вузлападобнай зьвілістасьці. Выяўляецца празь недастатковасьць клапанаў венаў і парушэньнем крывацёку. Найчасьцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гемарой), семявы канацік (варыкацэле) і падсьлізьневы слой стрававода. Другасная хвароба выклікаецца трамбозам, аплазіяй і дысплазіяй венаў. Першасная хвароба ў 50% хворых разьвіваецца ва ўзросьце 20—50 гадоў ад пашкоджаньня нэрвовага апарату венаў. Ускладненьне хваробы выклікае тромбафлембіт і трафічныя язвы. Сустракаецца ў 17% насельніцтва сьвету і зьяўляецца найбольш частай прычынай мужчынскага бясплодзьдзя (42% выпадкаў)[1]. У Беларусі ад хваробы церпяць 30% жыхароў[2].

Прадухіленьню хваробы спрыяюць штодзённыя прагулкі і разьмінаньне, плаваньне і язда на ровары, уніканьне закідваньня аднаго калена на другое пры сядзеньні, кантрастны душ штовечар і масаж ног (пагладжваньне ад ступні да пахвіны 7 хвілінаў зранку пасьля зарадкі). Карысна ўжываць багатую на расьлінныя валокны і вітаміны (С, В1, В6, Р) ежу: гародніна (капуста, перац і пятрушка), злакі і садавіна (ківі і цытрусавыя). У падарожжы неабходна кожныя 1,5 гадзіны спыняцца або ўставаць у салёне для 15-хвіліннага шпацыру. Падчас і пасьля працоўнага дня варта ўзьнімаць на 10 хвілінаў ногі вышэй за тулава. Таксама варта адмовіцца ад паленьня, гарачых ваннаў, цеснага адзеньня і абутку на абцасах звыш 4 см, выкарыстоўваць эластычныя шкарпэткі і панчохі[3].

Разьвіцьцю хваробы спрыяе залішняя вага, цяжкая цялесная праца з падняцьцем цяжару, працяглае стаяньне на нагах, нашэньне сьціскальных панчохаў і гольфаў, стаячая і сядзячая праца, малая рухавасьць[4].

Адзначаецца пашырэньне венаў на галёнцы і сьцягне, хуткая стамляльнасьць, боль у нагах, пачуцьцё цяжару, сьверб і цяпло скуры, ацёкі[5].

  1. ^ Кастусь Матушыч. У 42% выпадкаў прычына мужчынскай бясплоднасьці – варыкоз, і гэта лечыцца // Наша Ніва : газэта. — 10 сакавіка 2010. — № 10 (656). — С. 15. — ISSN 1819-1614.
  2. ^ Юлія Чаргінец. Трыццаць працэнтаў беларусаў хварэюць на варыкоз // Белтэлерадыёкампанія, 16 лютага 2012 г. Праверана 2 верасьня 2013 г.
  3. ^ Вольга Цыбульская. Варыкоз — непрыгожа і небясьпечна // Краіна здароўя. — 15 жніўня 2007. — № 19 (32). — С. 5-6.
  4. ^ Вольга Цыбульская. Каб варыкоз ня зьбіў вас з ног // Краіна здароўя. — 23 чэрвеня 2010. — № 27 (196). — С. 3.
  5. ^ Аляксандар Руцкі. Варыкознае расшырэнне вен // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 19. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варыкозсховішча мультымэдыйных матэрыялаў