Перайсьці да зьместу

Варончанская сядзіба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сядзіба ў Варончы, малюнак Н. Орды, 1876

Варончанская сядзіба — сядзіба-паркавы ансамбль у колішнім мястэчку Варонча (цяпер вёска ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі, цэнтар Варанчанскага сельсавету).

Сядзібу заклаў у 1787 апошні наваградзкі ваяводам Юзафам Несялоўскім. Панскі дом і два бакавыя флігелі стваралі парадны двор з круглымі газонамі. Архітэктурны комплекс маёнтку дапаўняўся касьцёлам сьв. Ганны, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі забудовамі і паркам.

Сам маёнтак — аднапавярховы простакутны драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам меў пераходны характар ад барока да клясыцызму: барочная плястыка даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасьцю клясычнай ордэрнай сыстэмай, яе портыкамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі простакутныя вокны і прасьценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі, вылучаныя двума чатырохкалённымі портыкамі з мансардамі, якія накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканьні параднай і жылой паловы дома зьвязваліся паміж сабою анфілядна. Парадная частка складалася зь вялікай залі, вітальні, гасьцінай, кабінэту і іншых памяшканьняў (у некаторых сьцены і столь былі ўпрыгожаныя росьпісам, кафлянымі печкамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася зь некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лябірынт скляпеньняў.

Пасьля сьмерці ваяводы ў 1814 яго сын Франьцішак Ксавэры Несялоўскі, генэрал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладаньні генэрала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 прадала маёнтак Антону Мержаеўскаму.

Апошнімі ўладальнікамі Варончы былі Любанскія. Аляксандра Любанска выйшла замуж за Адама Чарноўскага.

Пад час Другой Сусьветнай вайны 30 красавіка 1943 уладальнікі сядзібы (8 чалавек) былі забітыя савецкімі партызанамі. Сядзіба была спаленая разам з касьцёлам. У жывых партызаны пакінулі толькі сьляпога сына Антонія Чарноўскага, які па вайне застаўся жыць у Варончах да сваёй сьмерці ў 1989. Яго вельмі любілі мясцовыя жыхары, бо ён быў добры музыка.

Да сёньня захаваліся бровар, касьцёл і фрагмэнты парку. Ад колішняй сядзібы засталася толькі частка муру.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]