Перайсьці да зьместу

Бітва пад Астроўнам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бітва пад Астроўна»)
Бітва пад Астроўнам
Расейска-француская вайна 1812 году
«Пяхота Парыжа пад Віцебскам» (Орас Вэрнэ, 1837 г.)
Дата: 13—15 (25—27) ліпеня 1812
Месца: Сеньненскі і Віцебскі паветы (Беларускае генэрал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя)
Вынік: Францускае войска заняло Віцебск да 7 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1812 г. (на 2,5 месяцу)
Супернікі
Расейская імпэрыяФранцуская імпэрыя
Камандуючыя
Пётар КанаўніцынНапалеон I Банапарт
Колькасьць
80 тыс. жаўнераў150 тыс. жаўнераў[1]
Страты
827 забітых, 2933 параненыя і 800 палонных; 8 гарматаў400 забітых, 2900 параненых і 300 палонных

Бітва пад Астроўнам (Віцебская бітва) — 3-дзённая бітва між расейскім і францускім войскамі між Астроўнам і Віцебскам (цяпер Беларусь) 13—15 (25—27) ліпеня 1812 году. Паслужыла прыкрыцьцю адступленьня 1-й расейскай арміі Міхаіла Барклая-дэ-Толі (1761—1818) зь Віцебску да Смаленску, дзе 22 ліпеня (3 жніўня) адбылося злучэньне з 2-й расейскай арміяй Пятра Багратыёна (1765—1812)[1].

Зранку 25 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня] 1812 году Гусарскі полк лейб-гвардыі (Паўлаўск, Царскасельскі павет, Санкт-Пецярбурская губэрня) і Нежынскі драгунскі полк (Старая Руса, Наўгародзкая губэрня) расейскага войска напалі на разьезд францускага войска за 3 км на захад ад Віцебску на дарозе Бешанковічы — Віцебск, якая ішла ўздоўж левага берагу ракі Дзьвіны. Абодва расейскія конныя палкі перасьледвалі францускі разьезд, які адступаў у бок сяла Астроўна (Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня; цяпер Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь), што месьціцца за 25 км на захад ад Віцебску. За 8 км на ўсход ад Астроўна 2 расейскія палкі сутыкнуліся з 2 францускімі дывізіямі пад кіраўніцтвам Ёахіма Мюрата (1767—1815): 1-я гусарская дывізія Жан-П’ера Бруера (1772—1813) і 1-я кірасірская дывізія Антуана-Люі Сэн-Жэрмэна (1761—1835). Францускае войска разьбіла 2 эскадроны расейскіх лейб-гусараў і захапіла ў лесе 6 гарматаў. У 2-й палове дня на дапамогу Мюрату падышла 13-я пяхотная дывізія Алексія-Жазэфа Дэльзона (1775—1812), якая абышла левы флянг расейскага войска празь лес. Тады расейскі генэрал Аляксандар Астэрман-Талстой (1770—1857) адступіў з абодвума коннымі палкамі і сваім 4-м пяхотным корпусам (агулам каля 9 тыс. жаўнераў) да Віцебску.

Літаграфія «Бітва ля Астроўна 25 ліпеня 1812 г.» (Альбрэхт Адам, 1830-я гг.)

Цягам 26 ліпеня [ст. ст. 14 ліпеня] 1812 г. 3-я пяхотная дывізія расейскага войска на чале з генэрал-лейтэнантам Пятром Канаўніцыным (1764—1822) стрымлівала ў ар’ергардных баях францускае войска Напалеона між вёскамі Какувячына і Камары (Віцебскі павет; цяпер Ноўкінскі сельсавет, Віцебскі раён, Беларусь). Бой вёўся на вузкай дарозе ў лесе. Да 2 францускіх дывізіяў Мюрата далучыўся корпус Яўгена Багарнэ (1781—1824). У падтрымку расейскай дывізіі Канаўніцына падышла грэнадэрская дывізія генэрал-лейтэнанта Мікалая Аляксеевіча Тучкова (1765—1812). А 14-й гадзіне Напалеон упершыню асабіста пераняў камандаваньне францускім войскам[1] і а 15-й гадзіне павёў яго ў наступленьне. Увечары францускае войска выйшла зь лясной дарогі на адкрытае поле, дзе заночыла.

На сьвітанку 27 ліпеня [ст. ст. 15 ліпеня] 1812 г. Напалеон накіраваў 14-ю пяхотную дывізію на чале з генэралам Жан-Батыстам Брусье (1766-1814) да ракі Дзьвіны, на адваротным правым беразе якой віднеўся Віцебск. Расейскі конны ар’ергард (4 тыс. коньніцы і 40 гарматаў) на чале з генэралам Пятром Пятровічам Паленам (1777—1864) стрымліваў 14-ю францускую дывізію Брусье з 5-й гадзіны ранку каля вёскі Дабрэйка[2] (цяпер Ноўкінскі сельсавет) за 8 км на захад ад Віцебску. Тады Брусье выкарыстаў гарматы сваёй дывізіі. Прыход 13-й францускай пяхотнай дывізіі на чале з генэралам Дэльзонам і 1-га францускага коннага корпуса на чале з генэралам Эт’енам Нансуці (1768—1815) прымусіў расейскага генэрала Палена адступіць за раку Лучосу, якая ўпадала ў Дзьвіну на поўдзень ад Віцебску. Аб 11-й гадзіне Напалеон спыніў прасоўваньне францускага войска, якое разьбіла бівакі для начлега. А 13-й гадзіне 1-я расейская армія пачала адступленьне зь Віцебску на Смаленск трыма калёнамі. Толькі аддзелы расейскіх казакоў заночылі ў месьце для падтрыманьня гарэньня вогнішчаў, каб стварыць уражаньне ў французаў быццам расейскае войска засталося ў Віцебску.

У 1912 г. насупраць губэрнатарскага палаца ў Віцебску ўсталявалі абэліск з чырвонага граніту вышынёй 26 мэтраў з надпісам на дошцы: «Бесьсьмяротнай доблесьці герояў Айчыннай вайны, удзельнікаў бітваў пад Віцебскам 13, 14, 15 ліпеня і 26 кастрычніка 1812 году». Помнік распрацаваў архітэктар Іван Фамін, які перамог у конкурсе Санкт-Пецярбурскага архітэктурнага таварыства[1].

Абэліск каля Астроўна (2007 г.)

У 1962 г. каля вёскі Астроўна (Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР) усталявалі абэліск з надпісам: «Тут, на палях бітваў пад Астроўна, Кукавячынам, Дабрэйкай 13—14 /25—26/ ліпеня 1812 году 9-тысячны атрад расейскіх войскаў пад камандаваньнем генэралаў Астэрмана-Талстога і Канаўніцына стойка трымаў абарону супраць 20-тысячнай арміі Напалеона, чым забясьпечыў бесьперашкоднае злучэньне 1-й і 2-й расейскіх арміяў каля Смаленску».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]