Бярэзінскае нацыяналістычнае падпольле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бярэзінскае нацыяналістычнае падпольле
Дата ўтварэньня кастрычнік 1941 году
Дата спыненьня існаваньня красавік 1942 року
Месцазнаходжаньне Бярэзань
Леанід Шунейка

Бярэзінскае нацыяналістычнае падпольле — беларуская кансьпірацыйная арганізацыя зь мястэчка Бярэзані.

Кіраўнік падпольля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На чале падпольля стаў начальнік Бярэзінскай паліцыі парадку Леанід Шунейка, прадстаўнік старадаўняга беларускага шляхецкага роду, нашчадак паўстанца паўстаньня Каліноўскага. Напярэдадні Нямецка-савецкае вайны Леанід пражываў у Менску, паступіў у Мэдыцынскі інстытут (але пакуль невядома ў якім месьце). Быў прызваны на тэрміновую службу ў войска і вайну сустрэў у гарматным палку, кватараваў у Хорашчы на Беласточчыне.

Леанід Шунейка мог быць зьвязаны зь лідэрам Беларускае народнае грамады Юльянам Саковічам, Беларускае незалежніцкае партыіВінцэнтам Гадлеўскім, а таксама старшынёй Беларускае народнае самапомачы Іванам Ермачэнкам.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 кастрычніка 1941 году Шунейка быў накіраваны на працу выкладчыкам у школу Радашковіцкага раёну. Аднак адразу пасьля гэтага ён зьяўляецца ў Бярэзані на чале коннага паліцыйнага атраду й займае пасаду начальніка паліцыі. Зь Менску таксама прыбыў у Бярэзань на месца бургамістра раёну спачатку нехта Івашкевіч, да вайны працаваў адвакатам у сталіцы рэспублікі, які пасьля канфлікту зь нямецкім ахвіцэрам быў зьняты з пасады і заменены на прыбытага таксама зь Менску сябра БНП Анатоля Сакалова. Івашкевіч застаўся яго намесьнікам.

Адным з кірункаў дзейнасьці падпольля было выратаванне жыдоў ад галакосту. Таксама на пачатку сакавіка 1942 году Бярэзанскія паліцыянты прынялі ўдзел у апэрацыі супраць пракамуністычнай партызанаў у раёне Кліноцкіх лясоў суседняга з Бярэзанскім Ігуменскага раёну.

На дзень нараджэньня Адольфа Гітлера 20 красавіка 1942 году Леанід Шунейка сіламі паліцыянтаў некалькіх валасьцей раёну, а таксама самое Бярэзані (каля100 чалавек) плянаваў разграміць нямецкі гарнізон, падарваць артылерыйскія склады і сысьці ў лес у партызаны. Напярэдадні гэтага на базе друкарні раённай «Бярэзiнскай газэты», якую узначальваў сябар падпольля Фёдар Глінскі, вялікім накладам таемна была надрукаваная антыгітлераўская патрыятычная ўлётка, якая заклікала насельніцтва на барацьбу зь нямецкімі акупантамі.

Напярэдадні плянаванай акцыі, зь Менску ў Бярэзанскі раён адвёў сваіх людзей (каля 20 чалавек) начальнік Менскай акруговай паліцыі Уладзімер Шавель, сябар БНП. Усё гэта, паводле дасьледчыка Андрэя Цісецкага, было зьвёнамі аднаго ланцуга. У выніку сумесных дзеянбняў плянавалася ўзяць пад свой кантроль партызанскі рух, які пачаў стыхійна зараджацца ў гэтым рэгіёне, і накіраваць яго ў нацыянальна-патрыятычнае рэчышча.

З-за неасьцярожнай спробы прыцягнуць на свой бок начальніка карнага паліцыйнага атраду Каржа, былога палітычнага працаўніка Чырвонай Арміі (паводле іншых зьвесткак: ягонага намесьніка ўкраінца Іўчыка, які заняў ягоную пасаду; паліцыянта Аўтуховіча, былога шафёра райвыканкама, былога сябра ВКП(б), правакатара), які апынуўся верным нацыстам калябарацыяністам, падпольле было выскрытае.

Паводле Андрэя Цісецкага, правал адбыўся ў выніку кантактаў Фёдара Глінскага зь сябром прасавецкага падпольля Яўгенам Іванавічам Куртом. Прасавецкім крылом падпольля кіравалі Ёсіф Іванавіч Сухоцкі, Іван Агеевіч Лескавец і Галіна Васільеўна Фінская. Апошняя ажыцьцяўляла сувязь зь менскім ВСПР (Ваенны Савет Партызанскага Руху). У выніку дзейнасьці правакатара і правалаў менскага падпольля ў лютым-красавіку 1942 году, праз апошняе й магла праточыцца інфармацыя пра дзейнасьць бярэзанскага падпольля, як прасавецкага, так і нацыянальна арыентаванага. Дасьледчык пацьвярджае гэтую думку тым, што арышты і прасавецкіх і нацыянальна арыентаваных падпольнікаў адбыліся практычна адначасова.

Паводле паведамленьня паліцыі бясьпекі і СД на акупаванай тэрыторыі СССР па дзейнасьці беларускіх партызанаў за кругабег 1 студзеня — 28 кастрычніка 1942 году (паведамленьне №5 ад 29 траўня 1942 году):

У раёне Бярэзані былы школьны інспэктар у м. Менску Шунейка на падставе ілжывых дадзеных змог уладкавацца на пасаду намесьніка начальніка паліцыі парадку. Сваё становішча ён выкарыстаў, каб угаварыць 32 паліцыянтаў разам са зброяй бегчы ў партызаны. Перад уцёкамі яны павінныя былі падарваць ў Бярэзані вялікі склад з расейскімі артылерыйскімі снарадамі. Перад ажыцьцяўленьнем гэтага пляну Шунейка й 39 паліцыянтаў былі арыштаваныя.

Леанід Шунейка, яго імаверная жонка Зінаіда Маёрава, перакладчыца нямецкай камэндатуры Лізавета Яфімаўна Гансоўская (Гансеўская), стараста Машчаніцкай воласьці Яўген Ермалкевіч, рэдактар «​​Бярэзінскай газеты» Фёдар Фёдаравіч Глінскі, памочнік начальніка паліцыі Машчаніцкага воласьці Альбэрт Герасімавіч Пекар былі павешаныя. На месцы былі ўзятыя пад варту многія Бярэзанскія, а таксама выкліканыя Шунейкам зь Якшыцкай і Пагосцкай валасьцей паліцыянты (нейкую частку паліцыянтаў з апошняга гарнізону ён нібы напярэдадні перавёў у пажарную ахову Бярэзані).

Пры раззбраеньні Пагосцкіх ахоўнікаў парадку, начальнік участка (ён жа быццам камандовец карнага антыпартызанскага атраду) Гарошка (сам родам з Пагосту) спрабаваў бегчы, але з-за ранаў патануў у рацэ. Ягоны намесьнік Токараў застрэліўся. Акупанты раззброілі і арыштавалі ўсіх машчаніцкіх паліцыянтаў на чале з Альбэртам Пекарам (толькі 5 чалавек са складу апошняга гарнізону быццам былі адданыя немцам). Усяго з гэтае справы, паводле сьведчаньняў відавочцаў падзеяў, гітлераўцы пакаралі сьмерцю 60-70 чалавек, у тым ліку жонак Ермалкевіча, Глінскага і іншых.

У траўні 1942 года ў лес да Шавеля сышлі два нераскрытыя падпольнікі — бургамістар раёну Анатоль Сакалоў і ягоны намесбнік Івашкевіч. Аднак неўзабаве большасьць нацыяналістычных партызанаў была забітая на сустрэчы з савецкімі партызанамі.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік павешаным сябрам нацыянальна арыентаванага крыла падпольля быў усталяваны ў Бярэзані на патрабаваньне грамадзкасьці толькі 3 ліпеня 1998 году.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]