Боны паўстаньня 1794 году
Боны паўста́ньня 1794 году («скарбовыя білеты», па-польску: bilety skarbowe) — сродкі грашовага абарачэньня (боны), якія дзейнічалі ў 1794 г. у часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Найбольшы ўжытак мелі на тэрыторыі Кароны, у меншай ступені выкарыстоўваліся ў Літве. Выйшлі з абарачэньня па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Эмітэнт — Часовая Нацыянальная Рада.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Непасрэдна прычыніліся да ўвядзеньня папяровых грошай паўстанцамі фінансавыя праблемы, зь якімі яны былі вымушаны сутыкнуцца. Першапачаткова для згашэньня дэфіцыту сродкаў зьдзяйсьняліся рэквізыцыі царкоўных каштоўнасьцяў, абмяжоўваўся выхад за мяжу залатой і срэбнай манэты, зьніжалася манэтная стапа[a].
Выпускаліся паўстанцкім урадам Тадэвуша Касьцюшкі. Рашэньнем касьцюшкаўскага ўраду ад 8 ліпеня 1794 г. плянаваўся выпуск скарбовых білетаў агульнай намінальнай вартасьці 60 млн злотых, якія фармальна забясьпечваліся срэбнай манэтай. Пры гэтым колькасьць залатой манэты рэзка зьмяншалася, зьмяншалася вага срэбнае манэты. Дадаткова плянаваўся выпуск разьменных папяровых грошай агульнай сумай у 14 млн 13 жніўня ўтворана Дырэкцыя скарбовых білетаў, на якую непасрэдна ўскладваліся абавязкі выпуску грошай.
У жніўні і верасьні выпушчаны дадатковыя, меншыя наміналы агульнай сумай на 14 млн злотых, агулам выпушчана тры эмісійныя сэрыі. Уведзены ў афіцыйны ўжытак 16 жніўня ў часе аблогі Варшавы прускімі войскамі. Побач з тым, 13 жніўня ўведзены разьменныя наміналы, але іх недастатковая колькасьць стала адной з прычынаў няўдачы ідэі папяровых грошай (між тым, Т.Касьцюшка настойваў на большым выпуску дробных разьменных наміналаў). Абарачэньне таксама адбывалася праз Найвышэйшую літоўскую раду, праз што боны трапілі неўзабаве на тэрыторыю Літвы. Абарачаліся да капітуляцыі Варшавы перад расейцамі 8 лістапада 1794 г.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выкарыстоўваліся галоўным чынам урадам паўстанцаў як сродкі аплатаў паслуг зь іх боку. Першапачаткова ўстаноўлена пакараньне за адмову ў прыняцьці грошай у памеры ў 10% ад кошту паслугі, якое падвойвалася ў другі раз (20%), трэцяя адмова каралася спагнаньнем усёй сумы. З 20 кастрычніка 1794 г. градацыя спагнаньняў зьмянілася і складала цяпер адпаведна штраф у памеры 20 коштаў адмоўленай паслугі (тавару), канфіскацыю тавару, арышт. Прымусовыя захады сталі спробай падвысіць рэальнае абарачэньне грошай, што насамрэч не дало вялікага рэальнага выніку. Апрача таго, боны выкарыстоўваліся таксама як сродкі сплачваньня падатку ў прапорцыі 50% падатку папяровымі грашыма, 50% — звонкай манэтай. З 30 верасьня падаткі маглі поўнасьцю сплачвацца бонамі. У насельніцтва мелі дастаткова нізкую папулярнасьць, на што ўрад паўстанцаў адказваў прапагандысцкімі акцыямі і спагнаньнямі (гл. вышэй).
Падробка бонаў каралася сьмерцю і канфіскацыяй маёмасьці.
Першапачаткова плянавалася адклікаць боны цягам некалькіх гадоў. Лічылася, што адбудзецца распродаж дзяржаўнае маёмасьці за боны, шляхам чаго боны будуць выведзены з абарачэньня.
Аналягічна іншым першым экспэрымэнтам у Эўропе па ўвядзеньні папяровых грошай, боны пачалі хутка зьведваць інфляцыю. Неўзабаве па выпуску яны страцілі 17% сваёй рэальнай вартасьці ў дачыненьні да срэбнае манэты, пасьля бітвы пад Мацяёвіцамі — палову. Пасьля капітуляцыі Варшавы паўстанцы дабіваліся ад расейцаў захаваньня ўжытку грошай, але гэты пункт дамовы ня быў прыняты. Страціўшы вартасьць, боны атрымалі шырокую папулярнасьць для фальшывых банкруцтваў, таму 25 траўня 1795 г. генэрал-губэрнатар Буксгеўдэн забавязаў трымальнікаў бонаў зарэгістраваць гатоўку цягам 2 тыдняў у адміністрацыі цывільнага скарбу ў Варшаве. Агулам вядома бонаў на суму 10 883 437 злотых, у тым ліку білетаў вартасьцю ад 5 да 1000 злотых на 6 649 500 і разьменных — на 4 233 937 злотых, каля 7 млн злотых засталося на руках у насельніцтва.
Зьнешнія і ўнутраныя прыкметы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выпускаліся ў наміналах 5, 10 грошаў; 1, 4, 5, 10, 25, 50, 100, 500, 1000 злотых. Малюнак грошай — аднабаковы, спосаб друку — манахромны. Малюнак дапаўняўся і аздабляўся арнамэнтальнай рамкай. Першая эмісія ад 8 ліпеня 1794 г. уключала банкноты ў 5, 10, 25, 50, 100, 500, 1000 злотых (сьветла-фіялетавага, бэзавага, аранжжавага, карычневага, ружовага, цаглянага, зялёна-лімоннага колераў адпаведна, вадзяныя знакі ў выглядзе абрэвіятуры «BS» ад польскага «bilet skarbowy» «скарбовы білет»), малюнак быў вэртыкальным і ўключаў выявы польскага і літоўскага гербаў, а таксама сымбаляў паўстаньня. Указваліся ўмовы пагашэньня, ставілася пячатка («сухая» пячатка, на банкнотах 500 і 1000 злотых — масьцікай), прастаўляліся рукапісныя чарнільныя подпісы і сэрыйныя нумары (пры ніжнім краі). Другая (13 жніўня 1794) — 5 і 10 грошаў (белая папера, вадзяныя знакі ў выглядзе рымскіх лічбаў V, X адпаведна), 1 злоты (з вадзяным знакам у выглядзе надпісу «ZŁŁ 1»), малюнак быў вэртыкальны (5 грошаў) і гарызантальны (10 грошаў, 1 злоты), уключаў таксама дзяржаўныя сымбалі Польшчы і Літвы, наддрукоўку «F.Malinowski» на адваротным баку. Трэцяя (4 верасьня 1794) — 4 злотых (белая папера, вадзяны знак у выглядзе надпісу «ZŁŁ 4»), меў гарызантальную кампаноўку малюнку, спрошчанае агульнае афармленьне, такую ж наддрукоўку. На ўсіх банкнотах указвалася дата выпуску, зьмяшчаўся дэвіз паўстанцаў «Воля, Адзінства, Незалежнасьць».
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Стапа – мера вагі, што выражае колькасьць манэт, якія можна адчаканіць са зьлітку пэўнае вагі, такім чынам, яе зьніжэньне павялічвае колькасьць манэт, якую можна адчаканіць.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баюра, А.Н. Бумажно-денежное обращение на территории Беларуси в XVIII―XX вв. / А.Н. Баюра. — Брест: Издательство БГТУ, 2013. — 123 с.;
- Сінчук, І. Скарбовыя білеты // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Гэта — накід артыкула па гісторыі Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |