Дабравешчаньне
Хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | Абвяшчэньне арханёлам Гаўрыілам пра зачацьце Ісуса Хрыста Дзеве Марыі |
---|---|
Дата | 25 сакавіка [ст. ст. 7 красавіка] |
Дабраве́шчаньне Прасьвято́й Багаро́дзіцы (Зьвестава́ньне Па́на) — вясеньняе хрысьціянскае сьвята, якое адзначаецца 25 сакавіка:
- у Каталіцкім касьцёле і большасьці іншых хрысьціянскіх канфэсіяў — па новым стылі
- у Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 7 красавіка).
Праваслаўная традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвята Дабравешчаньня адзначаецца роўна за 9 месяцаў перад Калядамі. Пасланы ад Бога ў горад Назарэт арханёл Гаўрыіл зьявіўся ў дом праведнага Ёсіфа і Дзевы Марыі і зьвярнуўся да Яе са словамі: «Радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою! Дабраславёна Ты сярод жанчын». Ад гэтых словаў Марыя засаромілася і падумала: «Што значыць гэтае вітаньне?» Анёл жа працягваў гаварыць: «Ня бойся, Марыя, бо Ты набыла Божую ласку. І вось Ты народзіш Сына і дасі імя Яму Ісус. Ён будзе славуты і назавецца Сынам Усявышняга, і Царству Яго ня будзе канца». Марыя ў недаўменьні запыталася ў анёла: «Як гэта будзе, калі Я мужа ня ведаю?» Гаўрыіл жа адказаў Ёй: «Дух Сьвяты агорне Цябе і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе: таму і Народжаны назавецца Сынам Божым. Вось і родзічка Твая (па паданьні — стрыечная сястра) Лізавета, якая ня мела дзяцей да глыбокае старасьці, хутка народзіць сына (Іаана Прадцечу), бо ў Бога не застанецца бязь сілы ніякае слова». Тады Марыя з пакораю сказала: «Я раба Госпада, няхай будзе мне па слову твайму». І Архангел Гаўрыіл адышоў ад Яе.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 4
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня пачатак нашага спасеньня
і адвечнай тайны яўленьне:
Сын Божы Сынам Дзевы становіцца
і Гаўрыіл благадаць дабравесьціць.
Таму і мы зь ім усклікнем да Багародзіцы:
радуйся, Благадатная,
Гасподзь з Табою.
Кандак сьвята Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 8
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Табе, найвышэйшай Ваеначальніцы,
пазбаўленыя ад бед, мы, рабы Твае, Багародзіца, удзячнасьцю сьпяваем.
Ты ж, маючы моц непераможную, ад усялякіх бед вызваляй нас, што ўсклікнем да Цябе:
радуйся, Нявеста, Якая засталася Дзеваю.
Задастойнік сьвята Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дабравесьці, зямля, радасьць вялікую, усхваляйце, Нябёсы, Божую славу. Да жывога Божага Ківота няхай ніяк не дакранецца рука нячыстых, вусны ж верных, нямоўчна сьпяваючы Багародзіцы словы Ангела, з радасьцю няхай усклікаюць: «Радуйся, Благадатная, Гасподзь з Табою».
Народная традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна народным павер’ям у гэты дзень нават «І птушка гнязда ня ўе», шануючы вялікае сьвята.
Звычаі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Дабравешчаньне (Зьвеставаньне) ў Беларусі пякуць галёпы (булачкі) ў выглядзе «бусловай лапы»[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Рэстаратары нарэшце сталі да мяне прыслухоўвацца» // Ігуменскі тракт. — 5 лістапада 2013. — № 37 (52).