Барыс Кавэрда
Барыс Кавэрда | |
Дата нараджэньня | 21 жніўня 1907 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вільня |
Дата сьмерці | 18 лютага 1987 (79 гадоў) |
Месца сьмерці | Вашынгтон (акруга Калюмбія), ЗША |
Прычына сьмерці | хвароба |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | рэдактар |
Барыс Кавэрда (12 жніўня 1907, Вільня — 18 лютага 1987, Вашынгтон, ЗША) — дзяяч расейскай Белай эміграцыі беларускага паходжаньня. У 1927 годзе зьдзейсьніў забойства паўпрэда СССР у Варшаве Войкава.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Сапрона і Ганны Кавэрдаў. Бацька ўваходзіў у расейскую партыю эсэраў.
Падчас Першай сусьветнай вайны ваяваў на германскім фронце. Пасьля рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі камандзірам. Пасьля перайшоў савецка-польскую мяжу і пасяліўся асобна ад жонкі і дзяцей на Падляшшы. Яго маці Ганна Кавэрда разам з трыма дзецьмі ў 1915 годзе эвакуявалася спачатку ў Тамбоў, а потым у мястэчка Зубчанінава пад Самарай.
У 1921 годзе Ганна Кавэрда зь дзецьмі вярнулася ў Вільню, там яна ўзначаліла беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. Барыс, як і яго дзьве сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але паводле яго сьведчаньняў адчуваў сябе там блага, бо на яго меркаваньне тамашнія вучні былі камуністамі. Зь беларускай гімназіі перайшоў у гімназію Віленскага расейскага таварыства, але беднасьць не дазваляла плаціць за навучаньне, ён прапускаў заняткі, за што і быў выключаны.
Бацька не дапамагаў сям’і — займаўся вэрбоўкаю добраахвотнікаў у створаную з ініцыятывы Беларускай вайсковай камісіі падпольную арганізацыю «Зялёны Дуб».
Барыс пачаў працаваць экспэдытарам беларускай газэты «Наша думка», пазьней яе ён палічыў камуністычнай і перайшоў у рэдакцыю газэты антыкамуністычнай арыентацыі «Грамадскі голас». Там, добра валодаючы беларускай моваю, працаваў карэктарам і экспэдытарам. У студзені — лютым 1926 году выдавец Арсень Паўлюкевіч, перайменаваў сваё выданьне ў «Беларускае слова».
Замах на Войкава
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам з рэдактарам газэты «Беларускае слова» Арсенем Паўлюкевічам і казачым есаўлам Міхаілам Якаўлевым падрыхтаваў замах на паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, якое павінна было стаць актам адплаты за ўдзел Войкава ў расстрэле царскай сям’і і наогул за чырвоны тэрор.
Кавэрда па газэтах сачыў за паведамленьнямі аб пераездах Войкава. За дзень да ад’езду зь Вільні ў Варшаву Барыс быў выключаны з расейскай гімназіі за неаплату вучобы. Апошнія грошы Кавэрда выдаў на білет і некалькі тыдняў побыту ў Варшаве, дзе ён здымаў прыватную кватэру і меў, па ягоных словах, паўгалоднае існаваньне. Споўніць свой плян Кавэрду не ўдавалася, і ён зрабіў апошнюю спробу, прыйшоўшы на пэрон 7 чэрвеня 1927 году. Там ён убачыў Войкава, якога ўжо ведаў у твар, і гандлёвага прадстаўніка Разэнгольца, якога Кавэрда палічыў за супрацоўніка польскага міністэрства замежных справаў. Зрабіўшы некалькі стрэлаў, Кавэрда цяжка параніў Войкава і здаўся паліцыянтам[1].
На судзе Кавэрда заявіў: «Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што зьдзейсьнілі бальшавікі ў Расеі, — за мільёны людзей…»[2]
Ня хочучы абвастрэньня з Саветамі, польскі суд засудзіў Кавэрду на пажыцьцёвыя катаржныя работы, якія пасьля замянілі на 15-гадовыя. Вызвалены па амністыі ў 1937 годзе, пасьля таго як адбыў 10 гадоў пакараньня.
Па вызваленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля 10 гадоў у турме Кавэрда па амністыі выйшаў на волю й перабраўся ў Югаславію, ажаніўся, вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Белградзе. Вайной быў у Варшаве, пасьля вайны празь Ліхтэнштэйн і Францыю перабраўся ў Злучаныя Штаты. Першыя спробы Кавэрды трапіць у Амэрыку былі няўдалыя, але пасьля прыняцьця Акту Макарана-Ўолтара Кавэрда змог, з дапамогай Талстоўскага фонду і Аляксандры Талстой, дачкі пісьменьніка, прыехаць у Нью-Ёрк. Там ад 1952 году жылі ягоная жонка і дзеці. Там да 1963 году працаваў у газэце «Расія» (Нью-Ёрк), пасьля ў друкарні «Новага рускага слова».
Падзеі 1927 году ды іх матывы былі апісаныя Кавэрдам у кароткім мэмуары, надрукаваным у 1984 годзе.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Божая кара. Працэс Барыса Кавэрды. // Беларуская слова : газэта. — 22 чэрвеня 1927. — № 20 (49). — С. 1—3.
- Грыцкевіч В. Справа аб замаху Барыса Каверды на Пятра Войкава: Яшчэ адзін міт пра этнічнага беларуса // ARCHE № 11(51), 2006;
- Грыцкевіч В. Барыс Каверда — забойца паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава (да 80-годзьдзя замаху) // Białoruskie Zeszyty Historyczne — Беларускі гістарычны зборнік № 27.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Беларусь-Амерыка: лёсы землякоў. Барыс Кавэрда(недаступная спасылка), Віталь Зайка, газета «Беларус» (№ 563—564)
- ^ Імёны Свабоды: Барыс Кавэрда, Радыё Свабода