Армянская фондавая біржа
Каардынаты: 40°10′38″ пн. ш. 44°30′43″ у. д. / 40.17722° пн. ш. 44.51194° у. д.
«Армянская фондавая біржа» | |
арм. Հայաստանի ֆոնդային բորսա | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Ерэван, Армэнія |
Заснаваная | 13 лютага 2001 (23 гады таму) |
Уладар | «Насдак» (ЗША) |
Ключавыя асобы | Марцін Галусьцян[1], Гайк Яганян[2] |
Валюта | армянскі драм |
Колькасьць лістынгаў | 10 (2021 год) |
РынКап | ▲148,925 млрд драмаў (канец 2019 году; 310,455 млн $) |
Аб'ём | ▲2,161 млрд драмаў (2019 год; 4,506 млн)[3] |
Сайт | amx.am |
«Армя́нская фо́ндавая бі́ржа» («АФБ») — біржа ў Ерэване, заснаваная ў лютым 2001 году.
На 2021 год месьцілася ў Цэнтральным раёне Ерэвану па вуліцы Васгэна Саркісяна, д. 26/1[4].
Акцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Армянская фондавая біржа» дапускала ў другасны сьпіс прадпрыемствы з вартасьцю паёў ад 500 млн драмаў (941 тыс. $), якія праіснавалі прынамсі 3 гады і мелі прынамсі 10% паёў у вольным абарачэньні. На вольны рынак біржы дапускалі прадпрыемствы з вэб-бачынай, на якой абнародавалі статут, і нязьменным складам управы цягам году[5]. Агулам на «АФБ» гандлявалі акцыямі 10 прадпрыемстваў, зь іх 3-х у другасным сьпісе былі: «Арпа-Сэван» — зь 7 ліпеня 2001 году, «Арцаская ГЭС» (Сьцепанакерт, Нагорна-Карабаская Рэспубліка) — з 29 кастрычніка 2009 году і «Банк гаспадарчага разьвіцьця Армэніі» — з 30 траўня 2002 году[6]. Паямі іншых 7 прадпрыемстваў гандлявалі на вольным рынку біржы: «Алмаз» — з 16 студзеня 2002 году, «Араратбанк» — з 12 чэрвеня 2008 году, «Аске» — з 30 красавіка 2020 году, «Ерэванскі завод шампанскіх вінаў» — з 15 кастрычніка 2001 году, «Ерэванскі ювэлірны завод» — з 1 кастрычніка 2001 году, «Завод чыстага жалеза» — зь 7 ліпеня 2001 году і «Унібанк» — зь 10 лютага 2016 году[7].
«Армянская фондавая біржа» брала за гандаль паямі прадпрыемстваў з другаснага сьпісу 0,1% ад сумы зьдзелкі з кожнага з бакоў і 0,2% пры гандлі на вольным рынку з кожнага з бакоў. Збор за гандаль аблігацыямі і валютай складаў 0,005% ад сумы. Таксама за гандаль пазыкамі зьбіралі 0,0003% ад іх сумы з памнажэньнем на лік дзён між зьдзелкай і выплатай пазыкі. Такі самы адсотак зьбіралі за дамовы перавыкупу і абмену[8].
Сяброўства і ўдзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год сябрамі «Армянскай фондавай біржы» былі 24 прадпрыемствы, якія маглі гандляваць паямі, у тым ліку 16 банкаў: «Амэрыябанк», «Араратбанк», «Армбізнэсбанк», «Армэнброк», «Армянска-швайцарскі банк», «Арцахбанк», «Банк гаспадарчага разьвіцьця Армэніі», «Банк прамысловага будаўніцтва», «Біблас-банк Армэніі», «Будучы рынак капіталу», «Вымярэньне», «Ганконска-Шанхайскі банк Армэніі», «Земляробчы банк», «Зьнешгандальбанк Армэніі», «ІДбанк», «Інэкабанк», «Канвэрс Банк», «Паказальны капітал», «Рэнеса», «Тонтон», «Укладаньні Арабскага банку» (Ярданія), «Уласны капітал» (Ярданія), «Унібанк» і «Эвокабанк»[9]. Пры гэтым рынкаўтваральнікамі выступалі 9 з тых прадпрыемстваў, зь іх 7 банкаў: «Амэрыябанк», «Араратбанк», «Армэнброк», «Армянска-швайцарскі банк», «Банк прамысловага будаўніцтва», «Земляробчы банк», «Канвэрс Банк», «Рэнеса» і «Ўкладаньні Арабскага банку»[10]. Таксама ўдзельнікамі біржы былі яшчэ 4 установы: «Мелат Банк», Міждзяржаўны банк (Расея), Цэнтральны банк Рэспублікі Армэнія і Эўразійскі банк разьвіцьця (Казахстан)[11]. Гэтыя ўдзельнікі маглі гандляваць дзяржаўнымі аблігацыямі, замежнай валютай і пазыкамі[12].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]13 лютага 2001 году Камісія па каштоўных паперах Армэніі паставіла на ўлік «Армянскую фондавую біржу» («АФБ»). 6 ліпеня 2001 году адбыўся 1-ы гандлёвы дзень на біржы. 29 верасьня 2002 году «АФБ» стала сябрам Міжнароднага аб’яднаньня біржаў краінаў СНД (Расея). 11 лістапада 2002 году «АФБ» уступіла ў Саюз эўразійскіх фондавых біржаў (СЭФБ; Турэччына). 15 лістапада 2005 году на біржы пачалі гандляваць замежнай валютай. 20 сьнежня 2005 году на «АФБ» разьмясьцілі 1-я карпаратыўныя аблігацыі. 1 студзеня 2006 году Цэнтральны банк Армэніі замяніў Камісію па каштоўных паперах Армэніі ў якасьці наглядальнай установы за рынкам каштоўных папераў. 11 кастрычніка 2007 году зацьвердзілі новы Закон Армэніі «Аб рынку каштоўных папераў». 9 лістапада 2007 году «АФБ» пераўтварылі з самакіравальнай установы ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. 21 лістапада 2007 году Цэнтрабанк Армэніі і швэдзкая «Біржа апцыённых маклераў» («БАМ»; Стакгольм) заключылі дамову аб набыцьці паёў «Армянскай фондавай біржы» і «Цэнтральнага дэпазыторыя Армэніі». 7 студзеня 2008 году дамову паставілі на ўлік. 23 студзеня 2008 году пачаўся біржавы гандаль дзяржаўнымі аблігацыямі. 1 лютага 2008 году амэрыканская біржа «Насдак» (Нью-Ёрк) набыла швэдзкую «БАМ». 4 сьнежня 2008 году гандлёвы дзень для карпаратыўных каштоўных папераў павялічылі з 1-й гадзіны да 4-х. 15 сьнежня 2008 году запусьцілі рынак перазакупу і ручнога гандлю[13].
5 чэрвеня 2009 году біржа стала ўласьніцай 100% паёў ААТ «Цэнтральны дэпазыторый Армэніі». 2 красавіка 2009 году на біржы запусьцілі рынак міжбанкаўскіх пазыкаў. 24 верасьня 2012 году запусьцілі гандаль валютнымі аблігацыямі. 8 лістапада 2012 году адчынілі рынак пазыковых дамоваў. 26 лістапада 2012 году на біржы запрацаваў «Глябальны навінаправод» (Лос-Анджэлес, ЗША). 25 красавіка 2017 году на біржу перавялі аўкцыёны разьмеркаваньня і выкупу дзяржаўных аблігацыяў, якія раней праводзіў Цэнтрабанк Армэніі. У выніку такія аўкцыёны сталі праводзіць празь Сеціва для раздробных пакупнікоў. 16 траўня 2017 году СЭФБ (Турэччына) перамясьціла галаўную сядзібу ў Армэнію. 9 ліпеня 2019 году «АФБ» правяла аўкцыён, падчас якога прадалі дзяржаўных аблігацыяў на больш як 40 млрд армянскіх драмаў[13] (84 млн даляраў ЗША)[14]. У 2019 годзе выручка «Армянскай фондавай біржы» вырасла да 827,727 млн драмаў (1,725 млн $), апэрацыйны прыбытак — да 201,124 млн драмаў (419 тыс. $), а чысты прыбытак — да 172,837 млн драмаў[15] (360 тыс. $).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назіральная рада (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 1 сакавіка 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Управа (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 10 ліпеня 2020 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Справаздача за 2019 год (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2020 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Кантакт (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 10 сакавіка 2020 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Абменныя сьпісы (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Прылады Б (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Прылады Ц (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Правілы наконт расцэнак (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Сябры біржы (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Рынкаўтваральнікі (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Удзельнікі рынку (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Сяброўства (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ а б «Белнафтахім» дамовіўся з азэрбайджанскай ДНКАР аб пастаўцы 160 тыс. т нафты (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 15 студзеня 2020 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Абменны курс на 9 ліпеня 2019 году (477 драмаў за даляр) (рас.) // Цэнтральны банк Рэспублікі Армэнія, 9 ліпеня 2019 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- ^ Эрык Гайрапецян, Гайк Яганян. Фінансавая праваздача за 2019 год (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 8 траўня 2020 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зьвесткі пра гандаль (арм.) // «Армянская фондавая біржа», 1 красавіка 2021 г. Праверана 1 красавіка 2021 г.
- Аўкцыёны дзяржаўных аблігацыяў (арм.)
- Штомесячныя бюлетэні
- Правілы абмену
- Навіны
- Справаздачы