Аповесьць пра Даўмонта
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго (дапамога). |
Аповесьць пра Даўмонта — гісторыка-літаратурны твор, складзены ў 2-й чвэрці XIV ст. ў Пскове як жыцьцяпіс пскоўскага князя Даўмонта.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачатковая рэдакцыя складаецца зь некалькіх апавяданьняў. У іх паведамляецца, як у 1266 годзе альшанскі князь Даўмонт з дружынай прыбыў у Пскоў, бо "побишася Литва межи собой" (маецца на ўвазе забойства вялікага князя ВКЛ Міндоўга), тутака хрысьціўся й быў пасаджаны на пскоўскі пасад. Хутка Даўмонт зладзіў паход у землі літоўскага князя Гердзеня, паланіў яго жонку й двух дзяцей. Пасьля апісаныя паходы Даўмонта на м. Ракавор і ў Памор’е, яго бітвы зь літоўцамі і лівонскімі рыцарамі, абарона Пскова ад ворагаў. У аповесьці зьмешчаная пахвала Даўмонту, паведамляецца пра яго хваробу, сьмерць і пахаваньне. Твор пазбаўлены павучальнасьці й абстрактнасьці, яго аўтар імкнуўся да канкрэтнасьці й дакладнасьці.
Літаратурны лёс аповесьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]"Аповесць пра Даўмонта" была ўключаная ў першы й другі зводы Пскоўскіх летапісаў, у пазьнейшыя агульнарускія летапісныя зводы, наўгародзкія летапісы XV–XVI стагодзьдзяў. Да XVII ст. аповесьць неаднаразова перараблялася й дапаўнялася; дасьледчыкі вылучаюць 8 ейных рэдакцыяў. Так званая сярэдняя рэдакцыя XVI ст. дапоўненая падрабязнасьцямі пра літоўскі пэрыяд жыцьця Даўмонта і сказаньнем пра ягонага "брата" Войшалка.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Охотникова В.И. Повесть о Довмонте: Исслед и тексты. Л., 1985.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.