Антыбальшавіцкі блёк народаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам DixonDBot (гутаркі | унёсак) у 14:48, 3 лістапада 2010. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Антыбальшаві́цкі Блёк Наро́даў (АБН, па-ангельску: Anti-Bolshevik Bloc of Nations) — міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе і Азіі. Штаб-кватэра месьцілася ў Мюнхэне.

Утварэньне

Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў (АУН) ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 года ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы» («рэвалюцыйнага ходаньня») супраць «расейскага камунізму», прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канферэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі: капітан В.Ермаковіч і старэйшы лейтэнант Г.Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад псэўданімам «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канферэнцыі). У 1944 годзе у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваны канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16 красавіка 1946 г. у Пазінгу каля Мюнхена ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі.

Дзейнасьць

АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагаў іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай», арганізуе мітынгі й прэс-канфэрэнцыі. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказвае падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вядзе шырокую прапаганду. У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі — гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры — эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў з іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі (у тым ліку з Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігай, у склад якое ўвайшоў у 1967, і Эўрапескай Радай Свабоды), актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга.

Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька. Апроч таго ў склад Блёку ўваходзілі наступныя арганізацыі:

  • Аб’яднаная Гетманская Арганізацыя (Украіна)
  • Арганізацыя Ўкраінскіх Нацыялістых
  • Баўгарскі Нацыянальны Фронт
  • Вугорскі Вызвольны Рух
  • Грузынская Нацыянальная Арганізацыя
  • Зьвяз Эстонскіх Змагароў за волю
  • Казацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
  • Камітэт «Вольная Армэнія»
  • Латыская Асацыяцыя за Змаганьня супраць Камунізму
  • Летувіскі Рух Адраджэньня
  • Нацыянальны Туркестанскі Злучаны Камітэт
  • Славацкі Вызваленчы Камітэт
  • Харвацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
  • Чэскі Нацыянальны Камітэт
  • Чэскі Рух за Свабоду
  • Эстонскі Вызвольны Рух

Аднак найбольшую актыўнасьць праяўлялі ўсё ж украінскія арганізацыі. Сваю дзейнасьць Блёк спыніў у 1996 у сувязі з выкананьнем пастаўленых мэтаў, аднак яшчэ сёньня існуюць асобныя групы АБН у ЗША, Бэльгіі, Італіі, Аўстраліі, Аргентыне, як то Амэрыканскія Сябры АБН, куды ў свой час уваходзіў былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш Старэйшы. Моладзевыя сэкцыі дзейнічаюць у ЗША й Вялікай Брытаніі.

Кіраўніцтва

Прэзыдэнты АБН

  • 1946—1986 Яраслаў Сэмэнавіч Стэцько (1912—1996)
  • 1986—1996 Яраслава Ёсіпаўна Стэцько (1920—2003), жонка

Старшыні Народнае Рады АБН

В.Берзіньш, В.Каюм-Хан, Ф.Дзюрчанскі, Ф.Фаркас дэ Кісбарнак і Р.Астроўскі

Генэральныя Сакратары

Н.(Ніно ?)Накашыдзэ й Ц.Пакорны

Сродкі масавае інфармацыі

  • «ABN Correspondence» («Карыспандэнцыя АБН»; 1950—1996, на ангельскай, нямецкай і францускай, пасьля толькі на ангельскай)
  • «Resistencia y Liberación» («Рэзыстанс і Вызваленьне»; Буэнас-айрэс)
  • «L’est européen» («Эўрапеец»; Парыж)

Вонкавыя спасылкі