Перайсьці да зьместу

Антоні Сухадольскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сухадольскі.
Герб Сьлепаўрон

Антоні Сухадольскі (па-польску: Antoni Suchodolski) гербу Сьлепаўрон (памёр у 1799 г.) — кашталян смаленскі і мерацкі, ваявода гарадзенскі.

Род Сухадольскіх з даўніх часоў жыў у Ваўкавыскім павеце. Бацька Антонія — ваўкавыскі крайчы Казімір Сухадольскі, маці — Антаніна з дому Пукшта.

1764 г. — як ваўкавыскі крайчы падпісвае ў сваім павеце элекцыю Станіслава Аўгуста.

1769 г. становіцца гродзкім судзьдзёй у Ваўкавыску.

1771 г. становіцца ваўкавыскім земскім судзьдзёй.

У 1770-ых гг. Сухадольскія разам з Булгарынамі былі галоўнымі прадстаўнікамі Антонія Тызенгаўза ў сваім павеце.

1778 г. удзельнічае ў Сойме, як пасол Ваўкавыскага павету. На тым жа Сойме выбраны ў склад Скарбовай Камісіі ВКЛ.

1788 г. выбраны на Чатырохгадовы Сойм ад Смаленскага павету пры асабістай падтрымцы Станіслава Аўгуста. Бараніў Вайсковы Дэпартамэнт ад ліквідацыі. Калі ж Дэпартамэнт ліквідавалі, патрабаў, каб наваствораная Вайсковая камісія была падзелена на польскую і літоўскую. Калі і гэту прапанову адкінулі, жадаў, каб колькасьць камісараў у адзінай камісіі была роўнай. Бараніў Раду 13 і 19 студзеня 1789 г. У траўні 1789 г. сышоў з пасады скарбніка ВКЛ, каб яе заняў ягоны сын Ян. 27 жніўня 1789 г. патрабаваў выдзеліць сродкі на ўніяцкія духоўныя сэмінарыі. 3 верасьня 1790 г. выступіў супраць выгнаньня адступнікаў ад Уніі, лічачы, што гэта не віна простага люду.

Стаўленьне да прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня невядомае. У чэрвені выступаў за разьдзяленьне Камісіі паліцыі на польскую і літоўскую.

1792 г. — стаў канцэлярам Таргавіцкай канфэдэрацыі ВКЛ.

У лістападзе 1790 г. — атрымлівае смаленскае кашталянства.

1793 г. — адзін зь нешматлікіх сэнатараў удзельнічаў у Гарадзенскім Сойме. Быў вельмі актыўны і займаў, па словах расейскага пасла Сіверса «умераную апазыцыю». Актыўна выступіў супраць другога падзелу Рэчы Паспалітай.

1794 г. у паўстаньні ўдзелу не прымаў з прычыны недаверу да яго паўстанцкіх уладаў.

Меў рэзыдэнцыю ў в. Рагозьніца, дзе ў 1791 г. пабудаваў палац.

Быў жанаты на Тэрэзе з Быхаўцаў. Меў 2 сыноў Яна і Ігнацыя і дачку Францішку.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Andrzej Haratym. Suchodolski Antoni // Polski Słownik Biograficzny. Tom XLV/2 W-wa-Krakow 2008, с. 267—272