Аляксандар Цьвікевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Ліцьвін (гутаркі | унёсак) у 00:34, 29 траўня 2008. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Аляксандар Іванавіч Цьвікевіч (22 чэрвеня 1888, Берасьце - 30 сьнежня 1937, Менск) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філёзаф, публіцыст.

Біяграфія

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 г. у Берасьці ў сям'і фельчара чыгуначнай лякарні. Cкончыў юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту (1912), да 1914 г. працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасьці. Пасьля пачатку Першай Сусьветнай вайны - у бежанстве ў Туле, дзе прыймаў актыўны ўдзел у працы камітэту дапамогі ахвярам вайны. У 1917 г. у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Удзельнічаў у працы І Усебеларускага зьезду, быў абраны сакратаром прэзыдыюму, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады зьезду. У студзені 1918 г. Выканкам І Усебеларускага зьезду накіраваў Аляксандра Цьвікевіча разам з С. Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Берасьце. Аднак не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цьвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсьці ў дэлегацыю УНР у якасьці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 г. быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпляматычнай місіі. Падчас дзейнасьці місіі Цьвікевіч вырашаў пытаньні беларуска-ўкрайнскай мяжы, дамагаўся прызнаньня адроджанай беларускай дзяржаўнасьці і перагляду Берасьцейскага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам ў Кiеве быў наладжаны выпуск газэты „Белорусское эхо”, арганiзавана Беларуская гандлёвая палата. 29 траўня 1918 г. беларуская місія зьвярнулася да расейскай мірнай дэлегацыі й падала галаве яе, Ракоўскаму, ноту, падпісаную Цьвікевічам і Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнаньня расейскім савецкім урадам незалежнасьці Беларусі.

У ліпені 1918 г. Аляксандар Цьвікевіч увайшоў у склад кіруючых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў.

Вясной 1919 г. урад БНР накіроўвае Цьвікевіча ў Бэрлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытаньне - атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасьля адмовы германскiх улад выдаць грошы ездзiў у Вену, каб атрымаць частку зь iх у Аўстрыйскiм банку.

З 1921 па 1923 гг. Аляксандар Цьвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй І Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасьні 1921 г. На гэтай канфэрэнцыі ў яго рэдакцыi была прынята рэзалюцыя па вiленскім пытаньні. У 1922 г. Цьвікевіч разам з Ластоўскім рабілі спробу ўключэньня беларускага пытаньня ў парадак дня Гэнуэзскай канфэрэнцыі.

У 1923 г., у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячоў палітыкай урада БНР В.Ластоўскага, быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам. На ІІ Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 г., пад узьдзеяньнем посьпехаў i дасягненьняў палiтыкi беларусiзацыi ў БССР, Аляксандар Цьвікевіч прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці Рады міністраў БНР і прызнаньні Менска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. У лістападзе 1925 г. Цьвікевіч з сям’ёй пераехаў у Менск.

Пасьля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым – вучоным сакратаром у Інбелкульце. З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.

4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе "Саюзу Вызваленьня Беларусі". 10 красавіка 1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмi, Iшыме, потым Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 сьнежня 1937 г. 30 сьнежня 1937 г. Аляксандар Цьвікевіч быў расстраляны ў Менску.

Рэабiлiтаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 г., па другiм — 31 траўня 1989 г.

Навукова-публіцыстычная дзейнасьць

Аляксандар Цьвікевіч зьяўляецца аўтарам 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 г. у Кіеве ён выдае брашуру “Кароткі нарыс узьнікненьня БНР” (на расейскай мове), у якой дае кароткую спраўку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасьць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасьць. З мэтай азнаёміць замежнага чытача з Беларусьсю і яе нацыянальным рухам Аляксандар Цьвікевіч у 1921 г. у Бэрліне на расейскай мове выдае брашуру “Беларусь: палітычны нарыс”.

З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандар Цьвікевіч у 1921 г. напісаў кнігу “Адраджэньне Беларусі і Польшча”, дзе прыйшоў да высноў, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі ня столькі палітычныя, колькі эканамічныя.

Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цьвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газэтах і часопісах, у пераважнасьці ў часопісе "Беларускі сьцяг". З пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы й эсэ, як “Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі”, “Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй”, “Усе дарогі вядуць у Беларусь”, “Эўразійцы” і г.д. Падпісваецца ў асноўным крыптонімам А. Ц. цi псэўданiмамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію “Погляд П.Бяссонава на беларускую справу”.

У 1926 г. у Рызе намаганьнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цьвікевіча “Вялiкае апрашчэньне цi вялiкае ўдасканаленьне?”. Увесь зьмест гэтай кнігі быў зьвернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэньня.

У 1929 г. у Менску была надрукавана фундамэнтальная навуковая праца Аляксандра Цьвiкевiча “Западно-руссизм”: Нарысы з гiсторыi грамадзкай мысьлi на Беларусi ў XIX i пачатку XX стст.” У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэялёгіі і практыцы русіфікацыі Беларусі ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, даў ацэнку розным накірункам “заходнерусізму”. Фактычна пасьля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь наклад быў зьнішчаны. Уцалела толькi некалькi кнiг у прыватных зборах, што дало магчымасьць перавыдаць яе ў 1993 г.

Вонкавя спасылкі