Аляксандар Язэп Лісоўскі
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1580 |
Памёр | 1616[1] |
Род | Лісоўскія гербу „Вожык“[d] |
Бацькі | Ян Лісоўскі[d] |
Дзейнасьць | кавалерыя, вайсковец |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лісоўскі.
Алякса́ндр Ю́зэф (Эзоп Янавіч) Лісо́ўскі (па-польску: Aleksander Józef Lisowski; 1580—1616) — літоўскі шляхціч, князь.
Пачатак кар’еры ў ВКЛ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Род перасяліўся ў ВКЛ з польскага Памор’я пры Жыгімонце Аўгусьце. Яго бацька Ян стаў кліентам Яна Кішкі і разам з ім наведаў Францыю, Гішпанію І Італію. Шлюб Яна з Шуркоўнай з Наваградскага ваяводства меў 3 дачок і 9 сыноў. Аляксандр Эзоп нарадзіўся ў раёне Вільні. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай школе. Вайсковую кар’еру пачаў у войску валаскага гаспадара Міхая, але пасьля ўварваньня польскіх войскаў у 1600 годзе далучыўся да іх. У 1604 годзе завэрбаваўся ў гусарскую харугву Шчаснага Невяроўскага для ўдзелу ў вайне супраць Швэцыі ў Інфлянтах. Але замест таго, каб прыняць удзел у бітве ля Белага камню 27 верасьня 1604, нападае і расстрэльвае з лука слуг Я. Кішкі, пасьля чаго ўздымае бунт у інфлянцкім войску ВКЛ і «горш за паганіна» рабуе Інфлянты, Курляндыю і Упіцкую эканомію ў ВКЛ, на заклікі да суду гетмана ВКЛ Я. К. Хадкевіча не зьявіўся. За што 3 траўня 1605 г. соймавы суд пазбаўляе яго шляхецтва і аб’яўляе інфамію. Любы мог яго забіць і атрымаць узнагароду. Аднак у абставінах асабістага канфлікту гетмана ВКЛ і падчашага ВКЛ Януша Радзівіла ён знайшоў службу ў прыватным войску апошняга. Я. Радзівіл стаў кіраўніком (маршалкам) рокашу 1606—1608 гадоў у ВКЛ. У войску свайго патрона Лісоўскі на чале казацкай роты ўзяў удзел у бітве пад Гузавам супраць сіл рэгалістаў. Яны прайгралі, і Лісоўскі са сваімі казакамі адступіў на Падняпроўе. За 1606—1607 г. атрад А. Я. Лісоўскага разрабаваў казну Вішнявецкіх на Брагінскім замку, Магілёўскае староства і Клецак.
На службе ў Ілжэдзьмітрыя II
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пазбаўлены надзеі на выратаваньне ад законнай шыбеніцы Лісоўскі з 200 дабраахвотнікамі-казакамі зь Беларусі зышоў у Масковію, для падтрымкі Ілжэдзьмітрыя II. У Старадубе ён атрымаў чын палкоўніка, а яго атрад значна папоўнілі добраахвотнікі з данскіх казакоў, беларускіх і рускіх мяшчан і беднай шляхты. У сакавіку 1608 году Лісоўскі атрымаў першую буйную перамогу, разьбіўшы ў Зарайскай бітве царскае войска. Летам ён абаснаваўся ў Тушынскім лягеры. Затым Лісоўскі сумесна зь Янам Пятром Сапегам прыняў удзел у аблозе Троіцкага манастыра. 17 лютага 1609 году атрад Лісоўскага ў 2 тыс. байцоў падышоў да Суздалю, заняў гарады Шуя і Плёс. 30 красавіка Лісоўскі падышоў да Яраслаўля[2]. 8 чэрвеня яго атрад захапіў Кінешму[3]. Сваёй базай Лісоўскі абраў Суздаль.
На дзяржаўнай службе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пачатку міждзяржаўнай вайны РП з Масковіяй 1609—1618 гадоў, Лісоўскі вырашыў далучыцца да дзяржаўных сілаў ВКЛ. У вясну 1610 году ён пачаў паход на Ўсход. Спачатку быў разрабаваны Растоў, а 2 траўня ён выйшаў да Калязінскага манастыра. Далей Лісоўскі падступіў да Цьверы, рухаўся праз Тарапец і выйшаў да Вялікіх Лук. Затым ён са сваімі атрадамі спыніўся на Пскоўшчыне ў крэпасьцях Вароніч і Завалочча. Са сваіх базаў тут рабіў далекія рэйды пад Пскоў і Ноўгарад, замінаючы швэдам займаць рускую поўнач і абараняючы межы ВКЛ. Пры пасярэдніцтве А. Талваша і Л. Сапегі афіцыйна перайшоў на службу да РП, а 7 лістапада 1611 г. за ваенныя паслугі супраць Масквы сойм зьняў зь яго інфамію і вярнуў шляхецтва.
У 1612 годзе абараняў Смаленск. Увайшоў у добрыя адносіны зь Я. К. Хадкевічам і Я. П. Сапегам, разам зь якімі разблякаваў Смаленск з захаду. Разьбіў маскавітаў пад Крычавам у 1614 г.
Вялікі рэйд Лісоўскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1615 годзе на чале вялікага атраду (2 тыс. жаўнераў) зьдзейсьніў набег на тэрыторыю Расеі. Паход плянаваўся і рабіўся для адцягненьня ўвагі ад Смаленску. У ліпені ён аблажыў Бранск, а 19 чэрвеня захапіў Карачаў, пад якім разьбіў 7000-нае войска маскоўскага князя Шахоўскага. Затым лісоўчыкі і казакі Балаўня занялі Арол. 23 жніўня/6 верасьня ў раёне Арла «літоўскі люд» тады падстрэленага ў руку Лісоўскага спалавініў 2000-нае войска князя Пажарскага[4], але ўмацаваны табар яны браць ня сталі, каб пазьбегнуць вялікіх страт. Затым Лісоўскі захапіў Болхаў, Бялёў, Ліхвін, Перамышль. У лістападзе лісоўчыкі спалілі пасады Ржэва, выбіўшы адтуль Ф. Шарамецьева. Нягледзячы на тое, што колькасьць загоншчыкаў скарацілася да 850 чалавек (400 літоўскіх людзей, 300 чаркасаў, 50 «рускіх вароў», тады ўжо немцы пакінулі атрад), рэйд працягнуўся. Маскоўцы спрабавалі злавіць лісоўчыкаў пад Алексінам 10 сьнежня 1615 г., але тыя высьлізнулі, пасьля чаго спалілі Вугліч, спустошылі Яраслаўшчыну, Кастрамчшыну, Паволжа, абышоўшы Маскву з усходу і поўдню, пятлёй у 200 км вярнуліся на межы ВКЛ у пачатку 1616 году.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За лета 1616 г. зьбіраў сродкі і казакоў у раёне Гомелю, адкуль у верасьні выйшаў да Старадубу. Па адной вэрсіі раптоўна памёр пад Вязьмай, зваліўшыся з каня. Па іншай у пачатку кастрычніка ад раптоўнай хваробы ў Старадубе пры наборы і аглядзе папаўненьня. Пасьля яго сьмерці кіраўніцтва яго атрадам перайшло Станіславу Чаплінскаму. Жанаты ня быў. Дзяцей і маёнткаў не пакінуў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Aleksander Józef Lisowski // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Князья Пожарские и Нижегородское ополчение
- ^ 400 лет назад, в 1609 году, на территории современной Ивановской области был наголову разгромлены отборные польские части под командованием Александра Лисовского(недаступная спасылка)
- ^ Орловский бой
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- НГАБ Метрыка Літоўская спр.288.;
- Wisner Henryk, Lisowczycy, Warszawa, 1976;
- Polski Słownik Biograficzny Tom XVIII. s.470, Wrocław 1972.