Перайсьці да зьместу

Алеся Башарымава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алеся Башарымава
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 1987
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, перакладніца
Мова беларуская
Узнагароды
Эксьлібрыс[d] (2012)

Але́ся Башары́мава (нар. 1987, Магілёў, Беларуская ССР) — беларуская паэтка і перакладніца.

Скончыла клясу Магілёўскага абласнога ліцэю №1 з інфарматычна-матэматычным ухілам. У 2004 годзе паступіла ў эканамічны ўнівэрсытэт у Менску, які скончыла ў 2009 годзе. Пасьля гэтага на працягу 2 гадоў працавала маркетолягам. Захапленьне творчасьцю Тувэ Янсан прывяло да спробаў перакладаць з швэдзкае мовы[1].

Аўтарка зборніку вершаў «Расамаха» (выдавецтва «Медысонт», 2020). Творы друкаваліся ў газэце «Раніца», калектыўных зборніках конкурсаў маладых літаратараў, што праводзіў Беларускі ПЭН-цэнтар: «Групавы партрэт з бабай Броняй» (2007), «Сьвятая праўда ды іншыя казкі» (2009), «Птушкі лёгкіх паводзінаў» (2011). Вершы перакладаліся на ўкраінскую, грузінскую, летувіскую мовы.

Перакладніцкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перакладае галоўным чынам з швэдзкай мовы. Пераклады народных і аўтарскіх казак, кароткай прозы, вершаў друкаваліся ў анлайн-часопісе перакладной літаратуры «Прайдзісьвет»[2], дадатку «Літаратурная Беларусь» да газэты «Новы час», часопісе «Дзеяслоў», зборніку містычнага апавяданьня «Вусьцішны пакой», зборніку сьвяточнага апавяданьня «Падарунак на Каляды», зборніку вершаў Тумаса Транстрэмэра «Пад вольным небам», зборніку выбраных вершаў Эдыт Сёдэргран.

Пераклала на беларускую мову кнігі Тувэ Янсан пра мумітроляў «Камэта над далінай мумітроляў» (разам з Настай Лабадой), «Капялюш Чарадзея», «Небясьпечнае лета», «Мэмуары Мумітаты» (выдавец Зьміцер Колас); кнігі Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан, які жыве на даху», «Карлсан прылятае зноў» і «Карлсан хітруе зноў» (выдавецтва «Папуры»); шэраг кніг-карцінак: «Найлепшы сьпявак у сьвеце» (Ульф Нільсан і Эва Эрыксан) — выдавецтва «Кнігазбор», 2014, «Сьнежны чалавек» (Эва Суса і Бэнжамэн Шо) — выдавецтва «Кнігазбор», 2013, «Зьвяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас» (Ульф Старк і Лінда Бундэстам) выдавецтва «Koska»., 2019; зборнік паэзіі Вэрнэра Аспэнстрэма «Літаньне» (выдавецтва «Медысонт», 2019).

У перакладах Алесі Башарымавай на беларускую выходзілі творы такіх аўтараў як Дан Андэрсан, Карын Бое, Яльмар Сёдэрбэрг, Стыг Дагерман, Бэатрыкс Потэр, Эдыт Нэсьбіт, Ганс Крыстыян Андэрсэн, Сэльма Лягерлёф, Парфіры Гаратак.

  • Прэмія часопіса «Прайдзісвет» за найлепшы пераклад (2011)[3]
  • 1 месца ў першым конкурсе «Экслібрыс» за найлепшы пераклад (2012)[4]
  • Шорт-ліст прэміі «Дэбют» (2012)[5]
  • Шорт-ліст прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад (2020)[6]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]