Перайсьці да зьместу

Алесь Савіцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Савіцкі.
Алесь Савіцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 8 студзеня 1924
Полацак
Памёр 5 кастрычніка 2015 (91 год)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік
Жанр раман, аповесьць[d] і аповесьць
Мовы беларуская, расейская
Дэбют «Рыбацкае шчасьце» // «Бальшавіцкі сьцяг», 1948
Узнагароды
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Славы
Ордэн Славы
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны

Алякса́ндар Ану́фрыевіч Саві́цкі (вядомы як Але́сь Савіцкі; 8 студзеня 1924, Полацак — 5 кастрычніка 2015) — беларускі празаік, грамадзкі дзяяч. Ганаровы грамадзянін г. Полацку (1987). Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972).

Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1939 сям’я пераехала ў Горадню па месцы службы бацькі. Да вайны А. Савіцкі вучыўся ў сярэдняй школе. З 1942 — партызан атрада «Сьмерць фашызму», з 1943 — камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944—1945 гг. — у Савецкай Арміі, удзельнічаў у вызваленьні Летувы, Польшчы, у баях за ўзяцьце Бэрліна. Быў тройчы паранены. Пасьля дэмабілізацыі (1945) працаваў у рэдакцыі полацкай газэты «Бальшавіцкі сцяг» (пазьней «Сьцяг камунізму») — літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела. У 1953—1958 вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве, пасьля заканчэньня якога застаўся ў асьпірантуры. У 1961—1962 — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Ураджай», у 1962—1969 — вучоны сакратар Літаратурнага музэю Якуба Коласа. У 1969—1973 загадваў сэктарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. З 1973 на творчай рабоце. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР і СССР з 1961 году. Памёр 5 кастрычніка 2015 году.

Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе (1943). Тады ж надрукаваў першую карэспандэнцыю ў падпольнай газэце Ветрынскага РК КПБ. Першае апавяданьне «Рыбацкае шчасьце» апублікаваў у 1948 у полацкай абласной газэце «Бальшавіцкі сьцяг». Многія апавяданьні, нарысы А. Савіцкага друкаваліся ў часопісах «Беларусь», «Маладосьць», рэспубліканскіх газэтах.

Аўтар кніг апавяданьняў, аповесьцей «Кедры глядзяць на мора» (1960), «Пасьля паводкі» (1962), «Белы гарлачык» (1965), «Самы высокі паверх» (1969), дакумэнтальнай аповесьці «Сьлед пракладае першы» (1971), «Белая зьнічка» (1984), раманаў «Жанчына» (1963), «Палын — зельле горкае» (1967), «Верай і праўдай» (1976), «Толькі аднойчы» (1979), «Зямля не раскажа» (1980), «Літасьці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды пасьпееш» (1983), «Верасы» (1987), «Обаль» (1989), кнігі нарысаў «На посту у тишины» (1987), зборніка апавяданьняў для дзяцей «Шкляная нітка» (1970). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

У сваіх тэмах закранае тэмы вайны, жыцьця моладзі ў пасьляваенны час, будаўнікоў, праблемы пасьляваеннай вёскі. Ракрывае побыт і працу рабочых калектываў. У аснову шэрагу раманаў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял («Верай і праўдай», «Зямля не раскажа», «Літасьці не чакай», «Памерці заўсёды пасьпееш»).

Шэраг твораў перакладзеныя на расейскую, украінскую, узбэцкую, грузінскую і славацкую мовы.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» (1984), Айчыннай вайны I ступені, Францішка Скарыны (2010), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета УССР, мэдалямі.

  • Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970) за аповесьць «Самы высокі паверх»;
  • Ляўрэат прэміі Саюзу пісьменьнікаў СССР і УЦСПС (1972) за найлепшы твор мастацкай прозы аб савецкай працоўнай клясе — дакумэнтальную аповесьць «Сьлед пракладае першы» («Сверяю жизнь по времени»);
  • Ляўрэат літаратурнай прэміі Расеі «Прохараўскае поле» (2010) за раман «Верасы» і трылёгію «Дзівосы Лысай гары»;
  • Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2002 году за твор літаратуры і мастацтва для дзяцей і юнакоў (за трылёгію «Дзівосы Лысай гары», Мн., 1999).
  • Савіцкі Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 210—211. — 480 с ISBN 5-85700-168-4
  • Савіцкі Алесь / Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Рублевская, Л. Понять истоки мужества / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. — 2009.
  • Савіцкі А. Алесь Савіцкі: "Толькі мужны дасягае мэты" / гутарку вёў Зіновій Прыгодзіч // Полымя. — 2013. — № 5. — С. 145-159. № 6. — С. 122—135.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]