Перайсьці да зьместу

Алесь Родзін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Родзін
Дата нараджэньня 15 траўня 1947(1947-05-15)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 19 сьнежня 2022(2022-12-19) (75 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак маляр
Навуковая сфэра малярства[2]
Сябра ў Беларускі саюз мастакоў
Жанры партрэт
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Родзін.

Але́сь Ро́дзін, поўнае імя Алякса́ндар Іва́навіч Родзін (15 траўня 1947, г. Баранавічы — 19 сьнежня 2022[3]) — беларускі мастак-авангардыст, аўтар футурыстычных карцін і шматгадовы арганізатар фэстываляў экспэрымэнтальнага мастацтва «Дах».

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1972 годзе.

У 15 гадоў захапіўся тэлескопамі, яго вабіла не сама оптыка, а эмацыйныя станы, якія адчувае чалавек, гледзячы на ірацыянальна фантастычны сьвет начнога неба. З аптычнымі прыборамі Алесь Родзін экспэрымэнтаваў і пазьней, ужо ў інстытуце, каб зразумець таямніцы колера- і формаўтварэньня. Гэта дало штуршок, каб напісаць першыя гіпэррэалістычныя сюжэты.

Студэнтам Алесь Родзін спрабаваў пераадольваць бар’еры рэалістычнага адлюстраваньня рэчаіснасьці. Яго цікавілі фармальная кампазыцыя, творчыя пошукі Шагала, Кандзінскага. Даволі жорсткі кансэрватызм мастацкага асяродзьдзя таго часу, у якім давялося працаваць, навучыў выжываць у экстрэмальных умовах, захоўваць уласнае ўнутранае сьветаадчуваньне. У той жа час гэта падштурхнула мастака да «андэграўндных пошукаў першай хвалі» — так назвалі пазьней мастацтвазнаўцы субкультуру, якая склалася ў Беларусі ў 1970-х гадах. Мастак знайшоў свой уласны адметны мэтад, які пазьней мастацтвазнаўца Яўген Шунейка назваў «нон-стоп-панарама»[4].

Карціны выстаўляліся ў Францыі, Італіі, Нідэрляндах, Бэльгіі і іншых краінах. Доўгі час працаваў у бэрлінскім арт-цэнтры «Тахелес». Адрэстаўраваныя творы мастака ў 2022 годзе прадстаўлены ў Мінску[5].

Працаваў у галіне жывапісу, графікі. Аўтар твораў «Мэгаполіс» (1975), «Міфалягема тысячагодзьдзя. Нон стоп панарама» (1986—2000), «Двайны стандарт» (1986), «Ноч неапазнаных сутнасьцей» (1987), «XXI стагодзьдзе» (1989—1991), «Пустэльнікі» (1993—1996), «Апакаліпсіс» (1994—1997), «Кругі пазнаньня» (1996—1997), цыкла «Сындром Адраджэньня» (1996—1997), паліпціху «Стварэньне сусьвету» (1999—2001). Творчасьці ўласьцівы сюррэалістычная манера выкананьня, графічнасьць, дэталізацыя сюжэта, спалучэньне абстрактнасьці мысленьня і фігуратыўнасьці выяваў.

Інцыдэнт з творамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэрсанальная выстава ў бэрлінскім арт-цэнтры «Тахелес» праходзіла на шостым паверсе. У сьнежні 2010 году «Тахелес» захапіла служба аховы. Цэнтар перайшоў іншаму ўладальніку, і той вырашыў забраць будынак сабе раней тэрміну. Так Алесь Родзім апынуўся на вуліцы, а калекцыя яго работ магла быць увогуле зьнішчана, калі б не падтрымка прэсы, людзей, улюбёных у творчасьць мастака, і нават нямецкага ўрада. Карціны вярнуліся іх стваральніку, а сам ён — у Беларусь[6]