Перайсьці да зьместу

Алесь Асіповіч-Асіпчык

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Асіповіч-Асіпчык
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1 красавіка 1909(1909-04-01)
Памёр 14 сакавіка 1990(1990-03-14) (80 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, грамадзкі дзяяч, клірык

Алякса́ндар Асіпо́віч-Асі́пчык (1 красавіка 1909, в. Пляшкі — 14 сакавіка 1990, Джэксан, Нью-Ёрк, ЗША) — праваслаўны сьвецкі і грамадзка-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху XX стагодзьдзя, публіцыст. У беларускім пэрыядычным друку выступаў пад псэўданімам Зьніч.

Паходзіў зь беларускай праваслаўнай сям’і. Падчас Першай сусьветнай вайны сям’я (7 асобаў) зьехала ў бежанства ў Чалябінскую губэрню. Там ад сухотаў памёр бацька і потым яшчэ дзьве сястры. Падчас вяртаньня на бацькаўшчыну ў 1921 годзе памерла маці, пакінуўшы Алеся зь сястрой сіротамі. Дзеці трапілі пад апеку Чырвонага Крыжа, які перадаў іх у прытулак на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра.

Служыў у 4-м авіяцыйным палку ў Торуні. З 1932 да 1935 жыў у Вільні.

У гады Другой сусьветнай вайны браў удзел у дзейнасьці беларускіх грамадзкіх і культурна-нацыянальных арганізацыяў. Стварыў у верасьні 1941 году ў Слоніме Рамесную школу. Увесну 1942 году ажаніўся з інструктаркай школы Верай Сілівончык. Увосень 1943 году арыштаваны немцамі па даносе. Разам зь ім тады былі схоплены Стэфа Лыскавец — народная сьпявачка, Сяргей Новік-Пяюн — дырэктар Слонімскага музэю, паэт, і іншыя беларускія дзеячы. Праз пэўны час вызвалены з-пад арышту.

З 1944 г. — у эміграцыі. Спачатку жыў у Нямеччыне. Матэрыяльна падтрымліваў беларускіх скаўтаў у г. Рэгенсбургу. Супрацоўнічаў зь беларускім праваслаўным часопісам «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі». Быў асабіста знаёмы зь Юркам Стукалічам. У 1947 годзе выдаў кнігу «Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр»[1].

У сакавіку 1950 г. выехаў у ЗША. Пэўны час жыў у Нью-Ёрку. Пазьней працаваў у г. Нью-Брансўік на фабрыцы. Пасьля пяці гадоў побыту ў г. Таронта (Канада) вярнуўся ў ЗША. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Жыровіцкага праваслаўнага брацтва. З 1950-х гадоў быў зьвязаны з Расейскім аб’яднаньнем таварыства ўзаемадапамогі (РООВА). Выступаў на старонках беларускіх эмігранцкіх выданьняў («Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г.», Нью-Ёрк, 1967, «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Выдаваў часопіс «Сіла веры». Апошнія гады жыцьця правёў у г. Джэксане (штат Нью-Ёрк), дзе і памёр. Пахаваны там жа на мясцовых могілках «Фармы РООВА».

  • Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі Манастыр, 1947, Баварыя
  • Я Сьвятло Сьвету. Сьвятыя Беларускага народу, 1984