Перайсьці да зьместу

Алег Ждан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алег Ждан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 студзеня 1938(1938-01-05) (86 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік
Узнагароды

Алег Ждан (сапраўднае імя Алег Аляксеевіч Пушкін; нар. 5 студзеня 1938, Смаленск, РСФСР) — беларускі празаік.

Нарадзіўся 5 студзеня 1938 году ў Смаленску ў сям’і настаўнікаў. Жыў і вучыўся ў г. Амсьціславе. Скончыўшы дзесяцігодку ў 1955 годзе, паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытута, які скончыў у 1960 годзе. Пасьля яго заканчэньня працаваў сьлесарам, інжынэрам-дыспэтчарам на будаўніцтве Карагандзінскага мэталюргічнага камбіната ў г. Цеміртаў з 1960 па 1961 гады, у Прыташкенцкай геафізычнай партыі, затым на Брацкім лесапрамысловым комплексе з 1961 па 1963 гады. Там пачаў пісаць апавяданьні. Першае зь іх «Санька, Туся і брыгадзір» было апублікавана ў 1963 годзе ў штотыднёвіку «Литературная Россия».

З 1963 году жыве ў Менску. Працаваў на Менскім трактарным заводзе з 1963 па 1972 год абрубшчыкам, грузчыкам, выбівальшчыкам, наждачнікам, начальнікам зьмены, затым два гады старшым рэдактарам Беларускага тэлебачаньня, з 1973 па 1976 і з 1983 па 1984 гады быў рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». Завочна скончыў ў 1969 годзе Літаратурны інстытут імя М. Горкага, а таксама сцэнарнае аддзяленьне Вышэйшых двухгадовых курсаў сцэнарыстаў і рэжысэраў у Маскве. З 1978 году на творчай працы. У 1998 годзе прызначаны дырэктарам выдавецтва «Вышэйшая школа».

Член Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1983 году.

Піша на расейскай мове. Першая кніга прозы Алега Ждана «У час развітаньня» выйшла ў 1975 годзе. Псэўданім ад двайнога прозьвішча дзеда Ждан-Пушкін.

Творы пісьменьніка друкуюцца ў часопісах «Нёман», «Новый мир», «Знамя», «Дружба народов», «Юность». Пісьменьнік падтрымлівае цесную сувязь зь мясцовай газ’тай «Сьвятло кастрычніка», на старонках якой рэгулярна зьяўляюцца новыя творы пісьменьніка.

Выдадзены кнігі прозы: «У гасьцях і дома» (па-расейску: В гостях и дома; Масква, 1977), «Знаёмы» (па-расейску: Знакомый; 1977), «Рысы і абліччы» (па-расейску: Черты и лица; Масква, 1985), «Па абодва бакі прахадной» (па-расейску: По обе стороны проходной; Масква, 1987), «Самастойнае жыцьцё» (па-расейску: Самостоятельная жизнь; 1990); па яго сцэнарыях былі зьнятыя фільмы «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хачаце любіце, хочаце не».

Пісьменьнік займаецца перакладамі на расейскую мову твораў беларускіх пісьменьнікаў. У сваёй творчасьці распрацоўвае дзьве тэмы: жыцьцё рабочага, гараджаніна ў першым пакаленьні, які працуе на вялікім заводзе, і побыт людзей правінцыйных гарадоў Беларусі.

У 1993 годзе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа (Віцебск) паставіў п’есу «Салгалі Богу, салгалі».

Ляўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2019 году за кнігу «Геній»[1].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]