Перайсьці да зьместу

Аднародныя часьціны сказу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аднаро́дныя часьці́ны ска́зучасьціны сказу, якія выконваюць аднолькавую задачу, адносяцца да аднаго агульнага для іх слова й вымаўляюцца спакойна, як пералічэньне. Аднароднымі могуць быць галоўныя й даданыя члены сказа. У сказе могуць быць рады аднародных дзейнікаў, выказьнікаў, дапаўненьняў, азначэньняў, акалічнасьцей: Вясна ў ядвабах, аксамітах прыйшла на пушчы й палі, зімы даношаную сьвіту зьняла з набраклае зямлі. (П. Броўка). У гэтым сказе тры рады аднародных членаў (выказьнік: прыйшла, зьняла; недапасаваныя азначэньні: у ядвабах, аксамітах; акалічнасьці месца: на пушчы й палі).

Аднародныя часьціны выражаюць пералічэньне прадмета, зьяў, дзеяньняў, прымет. У гэтым выпадку яны зьвязваюцца паміж сабой:

  • бяззлучнікавай сувязьзю: Вада падмывала пясчаны бераг, вірылася вакол вярбы. (І. Шамякін). Добра, што цягне яго да людзей, да вучобы, да працы. (Я. Брыль)
  • пры дапамозе злучальных злучнікаў: Вясной і ўвосень тут нельга было прайсьці ні балотам, ні лесам. (І. Шамякін). Пяе пясок балтыйскіх дзюн то шумам хваль, то звонам струн. (М. Танк).

Аднародныя часьціны сказу, зьвязаныя вымаўленьнем[a] пералічэньня, на пісьме разьдзяляюцца коскамі: І рака дыхнула вольна, паднялася, паплыла. (М. Лужанін). Зямля буяла пад шчодрым сонцам, пад лаголным небам. (І. Мележ). Пры бяззлучнікавым супрацьпастаўленьні паміж аднароднымі членамі ставіцца працяжнік: Ня едзем — плывем. (Р. Барадулін). Перад спалучальнымі злучнікамі і, ды якія зьвязваюць два аднародныя члены або паказваюць, што пералічэньне закончана, коска ня ставіцца: Век наш любіць дакладнасьць і мужнасьць. (П. Панчанка). Каласіцца на палетку жыта ды пшаніца. (К. Крапіва). Працуй, дружы й радуйся за наш вялікі дом.(П. Панчанка). Ня ставіцца коска й перад адзіночнымі злучнікамі ці, або: Ля кожнай маладой таполі яблынька ці вішня расьцвіла. (П. Панчанка).

Злучнік і паўтараецца перад усімі або некалькімі аднароднымі часьцінамі, коска паміж імі ставіцца: І сэрцы, і воля, і думы народа злучыліся ў плыні адной... (Я. Колас). А ў нас цьвітуць каштаны, і вішні, і агрэст. (П. Панчанка). Калі злучнік і зьвяўвае аднародныя члены парамі, то коска ставіцца паміж парамі аднародных часьцінаў: Нам пакараюцца моры і рэкі, горы і нетры зямлі. (Я. Колас).

Перад супраціўнымі злучнікамі коска ставіцца заўсёды: Час быў нялёгкі, але вясёлы. (І. Шамякін). Не васількамі, а буйным калосьсем, лета нам сэрца крані. (К. Кірэенка).

Калі аднародныя часьціны сказу злучаны паўторнымі злучнікамі, коска ставіцца перад другім зь іх: Не патрэбна забітым ні славы, ні вечнасьці. (П. Панчанка). Ці то вецер, ці то агонь сарваў вялікі кавалак даху з пакгаўза. (М. Лынькоў).

Калі аднародныя часьціны сказу злучаюцца парнымі састаўнымі злучнікамі (як, так і; ня толькі, але; хоць і, але; калі не, то), коска ставіцца перад другой часткай злучнікаў: Як дзень, так і ноч ідуць паязды ды йдуць. (А. Якімовіч). Наша рэспубліка ня толькі выконвае, але і перавыконвае плянавыя заданьні. Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу. (Я. Колас).

У сярэдзіне ўстойлівых выразаў ні даць ні ўзяць, ні канца ні краю, ні праехаць ні прайсьці, і сьмех і грэх, ні тое ні сёе коска ня ставіцца.

  1. ^ Або інтанацыяй пералічэньня