Дзейнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дзе́йнік — галоўная часьціна сказу, якая абазначае асобу ці прадмет, што ўтварае дзеяньне. Дзейнік адказвае на пытаньні «хто?, што?»

Дзейнік часьцей за ўсё выражаецца назоўнікам ці асабовым займеньнікам у назоўным склоне: Успыхнуць ярка зоркамі сьняжынкі пад нагой. Нізінамі, узгоркамі праложым шлях мы свой. (А. Астрэйка).

Дзейнікам можа быць слова любой часьціны мовы, ўжытая ў значэньні назоўніка: Малыя любяць дружыць з дарослымі. (Я. Брыль). Абое маўчалі, абое чакалі адзін ад аднаго пытаньня. (П. Галавач). Іншы скажа — проста ў сук улепіць. (Б. Сачанка). Камандуючы ўважліва слухаў, але амаль нічога не запісваў. (І. Мележ). І гэтае «добра» чамусьці так кальнула Косьцю, што ён ажно падскочыў. (І. Шамякін). Недзе побач у паветры пачулася нядобрае ф’ю, ф’ю. (В. Быкаў).

Дзейнік выражаецца неазначальным дзеясловам: Жыць — Радзіме служыць. (Прыказка). Чытаць гэты твор — асалода й праца. (Я. Брыль).

Дзейнік можа быць выражаны спалучэньнямі словаў. Такія спалучэньні зьяўляюцца непадзельнымі[a]. Дзейнікам могуць быць:

  • спалучэньні колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі або займеньнікамі: Прабілі тры званкі, гучна й адрывіста азваўся паравоз. (Я. Колас). Абодва мы былі падобны адзін на аднаго. (К. Чорны);
  • спалучэньні словаў многа, мала, шмат, некалькі з назоўнікамі ў родным склоне множнага ліку: На сход прыйшло многа беспартыйных. (П. Галавач). Некалькі жанчын завіхаліся ў дзедавай хаце. (М. Лынькоў).Шмат вайной людзей закалыхана, многа сьпіць іх у зямлі сырой. (А. Куляшоў);
  • спалучэньне назоўніка ці займеньніка ў назоўным склоне зь іншым назоўнікам у творным склоне з прыназоўнікам з: Рэдка сонца зь месяцам страчаюцца. (П. Панчанка). Мы з табою справілі заручыны на зары далёкае пары. (А. Звонак);
  • спалучэньні займеньнікаў хто, ніхто, кожны, некаторы, некалькі з назоўнікам або займеньнікам у родным склоне множнага ліку й прыназоўнікам з: Кожны з нас памятае прачытаную ў юнацтве першую кнігу. (Я. Скрыган).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Такія спалучэньні сынтаксічна непадзельныя