Аблога Марыенбургу 1410 году
Аблога Марыенбургу | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Каралеўства Польскае Вялікае Княства Літоўскае | Тэўтонскі Ордэн | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Уладзіслаў II Ягайла Вітаўт Вялікі | Генрых фон Пляўэн | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
15 000 палякаў 11 000 — 12 000 літвінаў[1] | 3000 рэзэрв 1427 выжылых з Грунвальду 200 маракоў з Даньцыгу (Гданьск)[2] | ||||||||
Аблога Марыенбургу — двухмесяцовая аблога замку ў Марыенбургу (Мальбарку), сталіцы манаскай дзяржавы Тэўтонскага ордэну. Аб’яднаныя польскія і літоўскія войскі пад камандваньнем Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя Вітаўта асаждалі замак з 26 ліпеня па 19 верасьня 1410 году з мэтай далейшага заваяваньня Прусіі пасьля грандыёзнай перамогі ў Грунвальдзкай бітве. Тым ня менш, тэўтонская цьвердзь вытрымала аблогу, і крыжакі былі вымушаныя адмовіцца толькі ад невялікай часткі сваіх тэрыторыяў паводле Торунскага міру 1411 году. Абаронца Марыенбургу Генрых фон Пляўэн зрабіў сабе рэпутацыю выратавальніка крыжацкага ордэну ад татальнага зьнішчэньня.
Перадгісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Саюзныя польскія і літоўскія войскі ўварваліся ў Прусію ў ліпені 1410 году з мэтай захапіць Марыенбург. Іхні шлях быў заблякаваны тэўтонскімі рыцарамі, якія сабралі ўсе саюзныя сілы ў вырашальнай бітве пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 году. Крыжакі пацярпелі разгромную паразу, пакінуўшы большасьць свайго камандваньня забітымі альбо захопленымі. Пераможныя войскі Літвы і Польшчы заставаліся на полі боя яшчэ тры дні; цягам гэтага часу Генрых фон Пляўэн і комтур гораду Швэца (Сьвецэ) арганізавалі абарону Марыенбургу[1]. Фон Пляўэн ня ўдзельнічаў у бітве, таму што яму даверылі кіраваць рэзэрвовымі войскамі Швэца колькасьцю 3000 чалавек. Канчаткова ня высьветлена, ці фон Пляўэн рушыў да Марыенбургу паводле ранейшых інструкцый вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгэна, ці ён праявіў уласную ініцыятыву, каб кампэнсаваць нястачу кіраўніцтва[1]. Як толькі польска-літоўскія сілы падыйшлі да Марыенбургу, тры крыжацкія цьвердзі — Гогенштайн (Ольштынек), Астэрод (Аструда) і Хрыстбург (Дзежгонь) — здаліся без супраціву. Саюзныя войскі прасоўваліся павольна, праходзячы ў сярэднім каля 15 км за дзень, даючы час фон Пляўэну канчаткова арганізаваць абарону. Гэтая затрымка крытыкуецца сучаснымі гісторыкамі як адна з найвялікшых польска-літоўскіх тактычных памылак і зьяўляецца тэмай для шматлікіх навуковых тэорыяў[3].
Аблога
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя польска-літоўскія сілы прыбылі толькі 26 ліпеня 1410 году[2]. Днём таму фон Пляўэн загадаў спаліць невялікае мястэчка звонку Марыенбурскай цьвердзі, пазбавіць саюзных жаўнераў прытулку і ачысьціць гэтае месца для поля бою[4]. Аблога была неінтэнсіўнай: польскі кароль Ягайла быў упэўнены, што Прусія ўжо пала і прускія землі пачалі расхоплівацца мясцовым дваранствам. Ён адаслаў некалькі групаў войск захапіць невялікія замкі, якія ўжо былі пакінутыя без гарнізонаў[5]. Толькі восем замкаў засталіся ў руках тэўтонцаў[6]. Крыжакам было дазволена камунікаваць са сваімі хаўрусьнікамі[2]. Яны адправілі дэлегатаў да караля Вугоршчыны Жыгімонта і караля рымскага і чэскага Вацлава IV, якія забясьпечылі ордэн грашовай пазыкай на збор наймітаў і паабяцалі надаслаць багемскія і мараўскія вайсковыя падмацаваньні да канца верасьня. Лівонскі ордэн надаслаў 500 чалавек, як толькі скончыўся трохмесячны пэрыяд замірэньня зь Літвой[2]. Аблога, якая трымала сілы Ягайлы ў адным месцы, дапамагла арганізаваць абарончыя сілы ў іншых частках Прусіі[7]. Асаджаючыя войскі чакалі капітуляцыі свайго ворага і не былі падрыхтаваныя да доўгатэрміновага бою з-за нястачы амуніцыі, баявога духу і церпячы разрослую эпідэмію дызэнтэрыі[8]. Шляхта хацела вярнуцца дамоў, а найміты хацелі атрымаць плату за свай удзел. Літоўскія войскі пад камандваньнем Вітаўта былі першымі, якіх адклікалі[8]. Урэшце аблога была перанесеная на 19 верасьня. Перад адыходам Ягайла пабудаваў цьвердзь у Штуме, за поўдзень ад Марыенбургу, спадзеючыся і далей аказваць ціск на крыжакоў[9]. Польска-літоўскія сілы вярнуліся назад у Літву і Польшчу, пакідаючы польскія гарнізоны ў замках, якія ўжо былі абложаныя альбо захопленыя[8].
Вынікі і наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля адступленьня польска-літоўскія войскаў крыжакі пачалі адваёўваць свае старыя замкі. Да канца кастрычніка пад кантролем палякаў засталіся толькі чатыры крыжацкія цьвердзі — прымежныя мястэчкі Торна (Торунь), Нэшаў (Нэшава), Рэгдэн (Радзынь-Хелмінскі) і Штрасбург (Бродніца)[10]. Ягайла сабраў новае войска і нанёс чарговую паразу крыжакам у бітве пад Карановам 10 кастрычніка 1410 году[11]. Фон Пляўэн, карыстаючыся сваёй рэпутацыяй героя Марыенбургу, у лістападзе быў абраны новым вялікім магістрам. Фон Пляўэн хацеў працягнуць ваенныя дзеяньні, але ён ня мог не прыслухацца да сваіх дарадчыкаў і быў вымушаны весьці мірныя перамовы[12]. Торунскі мір быў падпісаны 1 лютага 1411 году. Гэты акт разглядаецца за дыпляматычную перамогу крыжакоў, бо яны адмовіліся толькі ад невялікай часткі сваіх тэрыторыяў. Аблога Марыенбургу і пазьнейшы Торунскі мір лічацца няўсьцешлівымі вынікамі грандыёзнай бітвы пад Грунвальдам[5].
Замак Марыенбург быў захоплены палякамі падчас Трынаццацігадовай вайны (1454—1466).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ivinskis, Zenonas (1978), Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties, Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija, LCC 79346776 (лет.)
- Turnbull, Stephen (2003), Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights, Campaign Series, 122, London: Osprey, ISBN 9781841765617 (анг.)
- Urban, William (2003), Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality (Revised ed.), Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, ISBN 0-929700-25-2 (анг.)