Ўільям Барылка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ўільям Барылка
Рост 180 см
Вага 82 кг
Пазыцыя Абарона
Кідок правы
Дата нараджэньня 25 сакавіка 1927
Месца нараджэньня Тымінс, Антарыё, Канада
Дата сьмерці к.26 жніўня 1951 (24 гады)
Месца сьмерці Кокран, Антарыё, Канада
Выступаў за
Гульнявая кар’ера 1945—1951

Ўільям „Біл“ Барылка (па-ангельску: William «Bashin' Bill» Barilko; 25 сакавіка 1927, Тымінс, Антарыё, Канада — к. 26 жніўня 1951, Кокран, Антарыё, Канада) — канадзкі хакеіст, гулец клюбу Нацыянальнай хакейнай лігіТаронта Мэйпл Ліфс“.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацькі Ўільяма Барылкі — эмігранты зь Беларусі. Бацька, Сьцяпан Барылка, нарадзіўся ў 1892 року ў Дабучыне Пружанскага павету (цяпер Пружанскі раён). У 1910 року пераехаў у Канаду і ўзяў імя Стывэн. Маці, Феадосія Карпінчук, нарадзілася ў 1899 року ў Малечы Пружанскага павету (цяпер Бярозаўскі раён); у 25-гадовым веку зьехала ў Канаду[1].

Ўільям Барылка меў брата Алекса і сястру Ганну. Быў заручаны з Луізай Гастынгс. З прычыны цяжкага фінансавага становішча кінуў школу пасьля васьмі клясаў і ўладкаваўся працаваць у золатаздабыўчай шахце. Бацька, не жадаючы сыну сваёй долі, пераканаў таго заняцца хакеем.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прафэсійную кар’еру Біл Барылка пачаў у камандзе лігі Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа „Галівуд Вулўз“. У лютым 1947 року перайшоў у найдаражэйшы тады клюб сьвету „Таронта Мэйпл Ліфс“, дзе й выступаў да канца жыцьця[2], сьпярша пад №21, у 1948—1950 роках — пад №19. У наступным сэзоне атрымаў вызвалены №5.

За пяць сэзонаў Барылка з „Таронта“ выйграваў чэмпіёнскі кубак чатыры разы: у 1947, 1948, 1949 і 1951 роках. Апошняя шайба, закінутая Барылкам 21 красавіка 1951 року ў авэртайме супраць „Манрэалю“, прынесла „Лістам“ чэмпіёнства ў 5-м матчы фіналу розыгрышу 1951 року.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 жніўня 1951 року Барылка з сваім дэнтыстам Генры Гадсанам паляцеў гідрасамалётамFairchild 24“ у паўночны Квэбэк на рыбалку[3][4]. На адваротным шляху да возера Парк’юпайн аднаматорны самалёт зьнік, і 11 гадоў ягоныя пасажыры лічыліся зьніклымі бязь вестак[3]. 6 чэрвеня 1962 пілёт шрубалёту Рон Бойд знайшоў абломкі самалёта ў тайзе прыкладна за 100 км на поўнач ад Кокрану ў Антарыё, на 56 кілямэтраў убок ад іхняга курсу. Прычынамі аварыі было названае спалучэньне недасьведчанасьці пілёта, благое надвор’е і вялікая загружанасьць.

Біла Барылку пахавалі на Тымінскіх могілках у родным месьце.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біл Барылка выступаў у матчах усіх зорак НХЛ сэзонаў 1947, 1948 і 1949 рокаў, закінуўшы ў апошнім зь іх шайбу. Уладальнік Кубка Стэнлі 1947, 1948, 1949 і 1951 рокаў.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1988 року выйшла кніга пра жыцьцё Ўільяма Барылкі „Авэртайм, спазьненьне: Гісторыя Біла Барылкі“ (Overtime, Overdue: The Bill Barilko Story). У 2004 року выйшла кніга „Барылка — бяз сьледу“ (Barilko — Without A Trace).

У 1993 року гурт „The Tragically Hip“ напісаў песьню «Fifty Mission Cap» пра кар’еру і сьмерць Біла Барылкі. Гэтая песьня дагэтуль выконваецца перад кожным дамашнім матчам „Таронта Мэйпл Ліфс“.

У 2017 року канадзкі спартовы тэлеканал TSN паказаў дакумэнтальны фільм „Місія“ (The Mission) пра спробу дастаць абломкі самалёта Генра Гадсана.

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Рэгулярны сэзон   Плэй-оф
Сэзон Клюб Ліга ЗГ Г П Пк Ш ЗГ Г П Пк Ш
1943—44 Голмэн Плагерс ХАПА
1944—45 Тымінс Канадыенс ХАПА
1944-45 Парк’юпайн Камбайнз ХАПА 3 2 5 8
1945—46 Галівуд Вулўз ЦАХЛ 38 4 5 9 103 12 2 3 5 26
1946—47 Таронта Мэйпл Ліфс НХЛ 18 3 7 10 33 11 0 3 3 18
1946—47 Галівуд Вулўз ЦАХЛ 47 9 2 11 69
1947—48 Таронта Мэйпл Ліфс НХЛ 57 5 9 14 147 9 1 0 1 17
1948—49 Таронта Мэйпл Ліфс НХЛ 60 5 4 9 95 9 0 1 1 20
1949—50 Таронта Мэйпл Ліфс НХЛ 59 7 10 17 85 7 1 1 2 18
1950—51 Таронта Мэйпл Ліфс НХЛ 58 6 6 12 96 11 3 2 5 31
Агулам у НХЛ 252 26 36 62 456 47 5 7 12 104

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зялевіч, Алена (8 студзеня 2021) Глыбокі сьлед на лёдзе. Гісторыя канадзкага хакеіста беларускага паходжаньня Біла Барылка. „Раённыя будні“. Праверана 9 студзеня 2021 г.
  2. ^ Bill Barilko(анг.) NHL.com. Toronto Maple Leafs. Праверана 9 студзеня 2021 г.
  3. ^ а б Leafs pay tribute to Barilko(анг.) // CBC Sports, 1 траўня 2001 г. Архіўная копія ад 29 кастрычніка 2017 г. Праверана 9 студзеня 2021 г.
  4. ^ Carola Vyhnak. The 11-year mystery of Leafs' 'Bashin' Bill Barilko'(анг.) // Toronto Star, 1 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 11 лістапада 2020 г. Праверана 9 студзеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]