Ісьляндзкае імя
Ісьля́ндзкія імёны адрозьніваюцца ад большасьці сучасных заходніх сыстэмаў прозьвішчаў утварэньнем па імі бацькі (часам па маці): яны характарызуюць толькі бацьку (маці) дзіцяці, а ня ўсю гісторыю радзіны. У адрозьненьне ад іншых скандынаўскіх краінаў, Ісьляндыя захавала традыцыйную сыстэму імёнаў, якая раней была характэрнай для ўсіх скандынаўскіх народаў[a].
Такім чынам, ісьляндзкая сыстэма грунтуецца на імёнах па бацьку, хоць некаторыя асобы маюць прозьвішчы і могуць карыстацца абодвума спосабамі. Звычайна гэта ісьляндзкія грамадзяне іншых дзяржаваў, найчасьцей Даніі. Зь людзей, якія маюць ісьляндзкія прозьвішчы, можна пералічыць колішняга прэм’ер-міністра Гейра Хордэ, футбаліста Эйдура Смары Гуд’ёнсэна, актора Магнуса Скевінга, кінарэжысэра Балтасара Кармакура Сампэра, акторку Аніту Брыем і дэпутатку Элін Хірст. Да 1925 року можна было легальна абраць новае прозьвішча; гэтым скарыстаўся ісьляндзкі нобэлеўскі ляўрэат — пісьменьнік Гальдаўр Лякснэс, а яшчэ адзін пісьменьнік Эйнар Х’ёрлейфсан і ягоныя браты абралі прозьвішча «Кваран». З 1925 прозьвішча атрымаць нельга, не пацьвердзіўшы сваё жаданьне гісторыяй роду[2].
Уласныя імёны, якія раней у Ісьляндыі не сустракаліся, мусяць перш быць ухваленыя Ісьляндзкім камітэтам па імёнах (ісьл. Mannanafnanefnd)[3]. Імя можа быць прынятае, калі яно лёгка інкарпараванае ў ісьляндзкую мову. За некаторымі выключэньнямі, імёны мусяць складацца толькі зь літараў Ісьляндзкага альфабэту (у тым ліку þ і ð) і павінны скланяцца паводле ісьляндзкіх правілаў.
Недапушчальныя не падыходзячыя для стаці асобы імёны. Тым ня меней, у студзені 2013 року 15-гадовая дзяўчынка на імя Блэр (у Ісьляндыі гэта мужчынскае імя) атрымала права пакінуць сваё імя, праз суд пераадолеўшы забарону камітэту па імёнах[4]. Ейная маці Б’ёрк Эйтсдотыр, прачытаўшы раман Гальдаўра Лякснэса «Рыба можа сьпяваць(is)», вырашыла назваць дачку па імі галоўнай гераіні Блэр (лёгкая брыза), ня ведаючы, што гэтае імя мужчынскае[5].
Сыстэма ўтварэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мужчына на імя Ён Эйнарсан мае сына Оляфура. Оляфур мецьме ня прозьвішча Эйнарсан, як бацька, а Ёнсан, што літаральна азначае Ёнаў сын. Тое самае і для дзяўчынак. Дачка Ёна Эйнарсана Сігрытур — ня Эйнарсан, а Ёнсдотыр (Ёнава дачка).
У асобных выпадках прозьвішча ўтвараецца ад другога імя бацькоў, а не ад першага. Напрыклад, калі Ён — сын Х’яльмара Арнара Вільяльмсана, яго могуць называць альбо Ён Х’яльмарсан (Ён, сын Х’яльмара), альбо Ён Арнарсан (Ён, сын Арнара). Гэта здараецца, напрыклад, у тым выпадку, калі бацькоў пераважна называюць другім імем, а ня першым; такое здараецца даволі часта. Іншай прычынай можа быць лепшая сугучнасьць другога імені бацькі зь імем дзіцяці.
У выпадках, калі два чалавекі з аднаго кола маюць аднолькавыя ўласныя імёны і імёны па бацьку, іх адрозьніваюць паводле дзедавага імя, напрыклад Ён Дорсан Б’ярнарсанар (Ён, сын Дора, сына Б’ярні) і Ён Дорсан Хальсанар (Ён, сын Дора, сына Хальлюра). Апошнім часам гэта практыкуецца радзей (з-за распаўсюджаньня другіх імёнаў), аднак у ісьляндзкіх сагах сустракаецца паўсюдна.
Варыянты з матронімам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераважная большасьць ісьляндзкіх імёнаў па бацьках утвораныя ад імені бацькі, аднак існуюць выпадкі ўтварэньня ад матчынага імя. У такіх выпадках прынцып пабудовы такі ж самы: Оляфур, Брындысін сын, атрымае поўнае імя Оляфур Брындысарсан. Зь вядомых прыкладаў такіх асобаў — футбаліст Гейдар Гельгусан («Гельгін сын»), пісьменьніца Гудрун Эва Мінэрвудотыр («Мінэрвіна дачка»), сярэднявечны паэт Эйліфр Гадрунарсан («Гадрунін сын»).
Магчымыя імёны адразу і ад бацькі, і ад маці: так, цяперашні мэр Рэйк’явіку Дагур Бэргторусан Эгертсан — «сын Бэргторы і Эгерта». Поўнае імя ўжо згаданай вышэй дзяўчынкі, якая адсудзіла права карыстацца ўласным «мужчынскім» імем — Блэр Б’яркадотыр Рунарсдотыр («дачка Б’ёрк і Рунара»).
Побытавыя звароты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ісьляндцы называюць адзін аднаго па імі. Напрыклад, да прэм’ер-міністра Сыгірдура Інгі Ёўгансана варта зьвяртацца не «спадар Ёўгансан», а «Сыгірдур Інгі» ці проста «Сыгірдур», радзей поўным імем.
У размове, дзе прысутнічаюць два чалавекі з аднолькавымі імёнамі (напрыклад, Ёўн Стэфансан і Ёўн Дорляксан), няма патрэбы карыстацца канчаткам «-сон» у імені па бацьку. Да першага ў такім разе зьвяртаюцца «Ёўн Стэфанс», да другога — «Ёўн Дорлякс»; тут імя па бацьку ператвараецца ў «мянушку». Калі ж чалавек мае другое імя (а ў цяперашняй культуры для чалавека на імя Ёўн гэта стала паўсядзённай справай), тады выкарыстоўваюць яго.
Сьпявачка Б’ёрк, імя якой успрымаецца як ейнае сцэнічнае, насамрэч ёсьць ейным імем (поўнае імя — Б’ёрк Ґудмундсдотыр), і менавіта так называцьмуць яе ісьляндцы ці то ў фармальнай, ці то ў нефармальнай размове.
У разнайстайных сьпісах асобаў (напрыклад, у тэлефонным даведніку) запісы прыведзеныя ў альфабэтным парадку імёнаў; каб адрозьніваць розных людзей, дадаюцца апісаньні прафэсіяў.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Surnames with the suffix -son or -dotter. Swedish Patent and Registration Office. Праверана 25 кастрычніка 2013 г.
- ^ Personal Names Act. Ministry of the Interior. Праверана 25 кастрычніка 2013 г.
- ^ Naming Committee accepts Asía, rejects Magnus // Iceland Review Online Праверана 12 верасьня 2006 г.
- ^ Blaer Bjarkardottir, Icelandic Teen, Wins Right To Use Her Given Name, Huffington Post, 31 January 2013
- ^ Where Everybody Knows Your Name, Because It’s Illegal, The Stateless Man, January 28, 2013], Huffington Post, 31 January 2013