Перайсьці да зьместу

Іаан Наўродзкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Іван Наўродзкі»)

Протаярэ́й Іаа́н (сапраўднае імя Іва́н Уладзі́меравіч Наўро́дзкі[1]; 1900, Славянск — 2 верасьня 1961) — беларускі праваслаўны сьвятар, протаярэй.

Нарадзіўся ў 1900 року ў Славянску (Украіна) у сям’і сьвятара. У 1917 ягоны бацька і малодшы брат былі расстраляныя, а сам Іаан мабілізаваны ў Чырвоную армію, трапіў у палон і асеў у Польшчы. Ягоная маці засталася ў СССР.

Іаан пайшоў вучыцца на праваслаўнае аддзяленьне Варшаўскага ўнівэрсытэту, адначасна працуючы на лесанарыхтоўцы. Пазнаёміўся і ажаніўся з дачкой праваслаўнага сьвятара.

Па сканчэньні вучобы два рокі адслужыў у Камянцы, а 1 жніўня 1937 атрымаў прыход у Ружанах, дзе і застаўся на ўсё жыцьцё. Дамогся ад польскіх уладаў дазволу на выкладаньне Закону Божага праваслаўным вучням Ружанскай школы.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР пайшлі чуткі, што сям’ю Наўродзкіх зьбіраюцца выслаць зь Беларусі. Каб не падстаўляць усю сям’ю, айцец Іаан скасаваў шлюб.

Падчас Другой сусьветнай вайны айцец Іаан дамогся стварэньня ў будынку царквы лазарэту, арганізаваў пастаяннае гарачае харчаваньне для палонных і параненых чырвонаармейцаў. За царскімі варотамі на алтары быў абсталяваны апэрацыйны пакой, дзе працаваў будучы заслужаны ўрач РСФСР Віктар Лякомцаў. У 1942 року сьвятар быў выселены з царкоўнае хаты ў пусты закінуты дом. У 1944 Іаан Наўродзкі атрымаў сан протаярэя.

Па вайне Саветы занялі царкоўную хату пад турыстычную базу, а сьвятара Іаана шматразова выклікалі на допыты ў НКВД. Праблемы з навучаньнем у школе праз бацьку мелі таксама і дзьве дачкі Іаана. Адна зь іх, Лідзія, пасьля сканчэньня школы ня здолела паступіць у Ленінградзкі тэкстыльны інстытут, дзе экзамэнатары цікавіліся ня ведамі, а распытвалі пра бацьку. На наступны рок яна паступіла ў Беларускі політэхнічны інстытут на факультэт, дзе конкурс складаў 14 чалавек на месца, і скончыла яго з чырвоным дыплёмам. Другая ж дачка Іаана зь дзяцінства мела парок сэрца. Яе не прынялі ў Гарадзенскі мэдычны інстытут з-за таго, што яна пазначыла сваім бацькам сьвятара; пасьля гэтага яна цяжка захварэла на нэрвовай глебе і памерла ў 19-гадовым узросьце.

Праз два месяцы, 2 верасьня 1961 року, памёр і айцец Іаан. У той дзень ён ехаў па абочыне дарогі на мапэдзе, і яго зьбіла машына. У шпіталі, куды яго адвезьлі, урач даў занадта вялікую дозу ўколу супраць слупняку, што стала прычынай сьмерці Іаана Наўродзкага. Ягонае пахаваньне вылілася ў народную маніфэстацыю.

Пасьля ягонай сьмерці стала вядома, што за сваю дзейнасьць па ўратаваньні чырвонаармейцаў у 1941 року Іаан Наўродзкі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонае Зоркі.

У 2000-х партрэт протаярэя Іаана Наўродзкага заняў месца ў галерэі сьвятых новамучанікаў і спавядальнікаў Менскай япархіі за тое, што «самааддана служыў свайму народу ў гады вайны, і ўсё жыцьцё ягонае было подзьвігам служыцеля і воіна Хрыстовага»[2].

  1. ^ Список отца Ивана (рас.) Всё о Ружанах Праверана 16 ліпеня 2012 г.
  2. ^ Праўдзіна 2010. С. 1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]