Іван Лучыц-Федарэц
Іван Лучыц-Федарэц | |
Дата нараджэньня | 26 лістапада 1938 |
---|---|
Месца нараджэньня | Акрутнае, Палескае ваяводзтва |
Дата сьмерці | 14 верасьня 2016 (77 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск |
Месца вучобы | Львоўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Івана Франко |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | філялёгія |
Месца працы | Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа |
Вядомы як | мовазнаўца, дыялектоляг, славіст, этымоляг, перакладнік |
Іва́н Іва́навіч Лу́чыц-Федарэ́ц (26 лістапада 1938, Акрутнае, цяпер Дарагічынскі раён Берасьцейскай вобласьці — 14 верасьня 2016, Менск, Беларусь) — беларускі мовазнаўца і перакладчык. Адзін са складальнікаў «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы» (ЭСБМ).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц нарадзіўся ў вёсцы Акрутнае ў 1938 року. Пасьля сканчэньня першае клясы сям’я пераехала ў Дарагічын, бо ягонаму бацьку, інваліду Вялікай Айчыннай вайны, прасьцей было жыць у горадзе.
Пасьля школы паступіў у Львоўскі ўнівэрсытэт імя Івана Франко на чэскае аддзяленьне. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працаваў экскурсаводам-перакладчыкам у Львоўскім аддзяленьні «Інтурысту», дзе авалодаў дадаткова польскай, славацкай, сэрбскай ды іншымі мовамі.
Пазьней атрымаў запрашэньне на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа пры Беларускай акадэміі навук і ўсё далейшае жыцьцё прысьвяціў разьвіцьцю лінгвістыкі.
Памёр Іван Лучыц-Федарэц у Менску 14 верасьня 2016 року, не дажыўшы месяц да свайго 78-годзьдзя.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачаў навуковую дзейнасьць з удзелу ў распрацоўцы калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесься ў прасторы і часе» (1971), у якой ягонаму пяру належыць вялікая частка. Яна паслужыла асновай абароненай праз два гады кандыдацкай дысэртацыі «Лінгва-геаграфічная характарыстыка і рэканструкцыя адной групы лексікі Палесься (жылыя і гаспадарчыя пабудовы)».
Палеская тэма з тых часоў аказалася адной з самых значных у ягонай творчасьці: сэрыі артыкулаў, слоўнікавых падборак, яшчэ адной калектыўнай працы пад ягонай рэдакцыяй — «Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесься. Атлас. Слоўнік» (2008). Акрамя таго, Іван Лучыц-Федарэц удзельнічаў ва ўкладаньні перакладных слоўнікаў: беларуска-латыскага, латыска-беларускага[1] й іншых.
Аднак самыя істотныя дасягненьні ў беларускай лінгвістыцы і адначасова славістыцы ў цэлым зьвязаныя з трыццацігадовай працай І. Лучыца-Федарца ў складзе аўтарскага калектыву «Этымалягічнага слоўніку беларускай мовы» (ЭСБМ). Імя Івана Іванавіча значыцца ў выходных зьвестках 9-ці з 13-ці тамоў, выдадзеных да гэтага часу, прычым 6-ты том напісаны ім цалкам. Значны аб’ём слоўнікавых артыкулаў напісаны таксама для падрыхтаванага да друку 14-га тому ЭСБМ. Увесь гэты творчы здабытак складае ня меней за 8 тысяч слоўнікавых артыкулаў, гэта значыць, каля чвэрці выданьня ў цэлым, што зьяўляецца сьведчаньнем зусім унікальнага ўнёску ў беларускую этымалёгію.
Акрамя славянскіх моваў Іван Іванавіч дасканала валодаў ангельскай, нямецкай і францускай мовамі, займаўся перакладамі з гэтых моваў.
Іван Лучыц-Федарэц як беларускі мовазнаўца, буйны славіст і этымоляг, быў шырока вядомы па-за межамі Беларусі. Працяглы час ён займаў пасаду старшыні этымалягічнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў.
З 1995 року быў адным з заснавальнікаў, актыўным удзельнікам і старшынём менскага аддзяленьня Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памёр стваральнік Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы Іван Лучыц-Федарэц // Радыё «Свабода»
- ^ БелаПАН. (5 траўня 2011) В Минске состоялась презентация белорусско-латышского и латышско-белорусского словаря (рас.) Open.by Праверана 17 студзеня 2017 г.