Ёнас Вайшкунас
Ёнас Вайшкунас | |
Jonas Vaiškūnas | |
Ёнас Вайшкунас у першым шэрагу з жазлом сьвятара, побач жонка Дайва | |
Дата нараджэньня | 6 сакавіка 1961 (63 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Папішкі, Сьвянцянскі раён, Летувіская ССР |
Месца вучобы | Віленскі ўнівэрсытэт |
Занятак | астраном |
Навуковая сфэра | этнаастраномія, фізыка, музэйная справа, публіцыстцка |
Сайт | alkas.lt |
Ёнас Вайшкунас (па-летувіску: Jonas Vaiškūnas; нарадзіўся 6 сакавіка 1961 году) — летувіскі этнаастраном, фізык, музэйны дзяяч, чалец Рады этнічнай культуры, кіраўнік Аўкштоцкай Рады этнічнай культуры, галоўны рэдактар народніцкага парталу alkas.lt.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 6 сакавіка 1961 року ў вёсцы Папішкі Сьвянцянскага раёну. У 1979 годзе скончыў сярэднюю школу ў Сьвянцянах, у 1984 — фізычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.
У 1984—1986 роках працаваў у інстытуце лязэрнае оптыкі Акадэміі навук Летувы. У 1986—1987 інжынэр-тэхноляг вопытнага заводу фізычнага інстытуту, у 1987—1990 — старэйшы інжынэр астрафізыкі. У 1990—1998 працаваў у музэі этнакасмалёгіі музэйшчыкам і навуковым супрацоўнікам. У 2000—2001 культуроляг у Лабанорскім нацыянальным парку.
Ад 1999 року — старэйшы кіраўнік Маляцкага краязнаўчага музэю.
З 2006 року ў дактараце рэлігіязнаўства ў Ягэлёнскім унівэрсытэце ў Варшаве. Дасьледаваў народную астраномію, культурную астраномію, а таксама сымболіку летувіскага народнага мастацтва. Паводле адмысловае замовы ад 1988 року займаўся зборам і аналізам ведаў у галіне летувіскае этнаастраноміі.
Ад 1994 чалец Міжнароднай культурнай астранамічнай асацыяцыі (SEAC), з 2003 — яе віцэ-прэзыдэнт. З 2005 року чалец рады Міжнароднай садружнасьці архэаастраноміі й культурнай астраноміі (ISAAC).
Аўтар больш за 40 навуковых і каля 400 навукова-папулярных артыкулаў.[1]
У 1986—1988 роках зьяўляўся адным з актывістаў нацыянальнага адраджэньня, адным з арганізатараў клюбу «Talka» (Талака) ды рэдактарам аднайменнае газэты. У палітыцы з 1988 року, калі распачаў дзейнасьць у рэфарматарскім руху ў Маляцкім раёне, у якім браў удзел да атрыманьня Летувой незалежнасьці.
У 1996 годзе заснаваў у вёсцы Кулёны побач з Маляцкай астранамічнай абсэрваторыяй этнаграфічную сядзібу, каля якой штогод у канцы красавіка адзначаецца Юр’я — традыцыйнае сьвята абуджэньня прыроды.
У 2010 року разам з шэрагам паплечнікаў распачаў публіцыстычную дзейнасьць на партале alkas.lt.
Рэканструкцыя балцкага задыяку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У філіяле Нацыянальнага музэю беларускага мастацтва ў Раўбічах захоўваецца ўнікальны экспанат — сярэднявечны коўш з нанесенымі на яго абліччамі людзей і жывёлаў. Вайшкунас надаў шмат увагі вывучэньню гэтага экспанату, які ў выніку дапамог зрабіць рэканструкцыю старажытнабалцкага Задыяку. Грунтуючыся на матэрыялах гэтага досьледу, у 2012 ён выдае кнігу «Skaitant dangaus ženklus. Lietuviško Zodiako pėdsakais» («Чытаючы нябесныя знакі. Сьляды летувіскага Задыяку»).
Стаўленьне да Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ёнас Вайшкунас прытрымліваецца бясспрэчнага далучэньня беларусаў да балцкага сьвету. Ён лічыць, што беларусы, якія ведаюць гісторыю свайго народу, ведаюць, што яны — літоўцы і што нашая гістарычная спадчына агульная, а яе падзел у мностве выпадкаў толькі ўмоўны.[2]