Перайсьці да зьместу

Язафат Кунцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Язафат Кунцэвіч
Сьвяты
Сьвецкае імя Іван
Манаскае імя Язафат
Нарадзіўся 1580[1]
Памёр 12 лістапада, 1623, Віцебск, Рэч Паспалітая (сучасная Беларусь)
Шануецца Каталіцкай Царквой (бізантыйскага і рымскага абрадаў); украінскай, беларускай і расейскай і інш. грэка-каталіцкімі Цэрквамі
Бэатыфікаваны 16 траўня, 1643, у Рыме, Папам Рымскім Урбанам VIII
Кананізаваны 1867, у Рыме, Папам Рымскім Піем IX
Галоўная сьвятыня базыліка сьв. Пятра ў Рыме
Дзень памяці 12 лістапада - Каталіцкая царква, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква,
16 верасьня - Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква
,25 лістапада - Украінская Грэка-Каталіцкая Царква
Патрон Віцебская дыяцэзія РКЦ

Язафа́т Кунцэ́віч (1580 ці 1584 — 12 лістапада 1623) — грэка-каталіцкі царкоўны і грамадзкі дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, царкоўны пісьменьнік, сьвятамучанік.

Нарадзіўся ва Ўладзімеры-Валынскім у зьбяднелай шляхецкай сям’і Кунцэвічаў, якая выехала туды зь Беларусі[2] Яго бацькам быў небагаты купец Гаўрыла, маці — Марына. У падлеткавым узросьце, неўзабаве пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году, разам з бацькамі пераехаў у Вільню. Паводле сьведчаньня біёграфаў, Іван (Ян) Кунцэвіч зь дзяцінства вылучаўся цягай да малітвы і містычным сьветапоглядам.

Да 1599 прыняў Унію і зрабіўся яе адданым прыхільнікам. На ягоны выбар Уніі і фармаваньне яго каталіцкага сьветапогляду паўплывалі знакамітыя ў свой час багасловы — грэк Пятро Аркудзі, які быў прысланы з Рыму для ўмацаваньня Зьяднанай Царквы ў Рэчы Паспалітай, віленскі езуіт Валенці Фабрыцый, будучы мітрапаліт Язэп Руцкі, які тады быў яшчэ сьвецкай асобай.

У 1604 сам Кіеўскі мітрапаліт Іпаці Пацей пастрыг яго ў манахі, надаў яму новае імя — Язафат, высьвяціў на дыякана, пасьля чаго накіраваў у Віленскі манастыр Сьвятой Тройцы[3]. Сапраўдны аскет у штодзённым жыцьці, Язафат Кунцэвіч у вольны ад малітваў і набажэнстваў час чытаў сьвятыя кнігі і пісаў свае, у якіх даводзіў неабходнасьць аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Царквы пад зьверхніцтвам Папы Рымскага. Яго праведнае манаскае жыцьцё, навука і палымяныя казаньні прыцягвалі ў манастыр новых маладых паслушнікаў.

У другой палове 1608 ён быў высьвячаны на сьвятара. (Паводле некаторых крыніцаў ужо 23 жніўня 1608 ён быў ераманахам)[4]. Таго ж году Язэп Руцкі запрасіў Я. Кунцэвіча ў Кіеў для дапамогі ў навяртаньні праваслаўных кіеўлянаў да Уніі. У Пячорскім манастыры адбыўся інцыдэнт, калі ў адказ на прамовы Язафата Кунцэвіча манахі сьцягнулі яго з амбону і моцна зьбілі, аднак пасьля багаслоўскага дыспуту варожасьць улеглася.

Калі манаская супольнасьць Траецкага манастыра ў Вільні павялічылася да 50 манахаў, зьявілася магчымасьць засноўваць новыя манастыры Зьяднанай Царквы. Шляхціч Рыгор Трызна, маршалак слонімскі, падараваў манахам-уніятам манастыр у Быцені, які ён збудаваў для сваёй дачкі Эўфрасіньні, і тады Язэп Руцкі накіраваў туды Язафата Кунцэвіча, каб ён заснаваў там навіцыят для манахаў Зьяднанай Царквы. Тады ж Рыгор Трызна пазнаёміў ігумена Быценскага манастыра Язафата Кунцэвіча з сваім праваслаўным суседам Іванам Мялешкам, смаленскім кашталянам. Пад уплывам ераманаха Язафата Іван Мялешка прыняў Унію і падараваў манахам Жыровічы, дзе была царква з цудатворнай іконай Багародзіцы. Язафат Кунцэвіч стаў першым ігуменам Жыровіцкага манастыра. Шляхціч Іван Мялешка разам з сужонкай Ганнай з Фурсаў збудавалі ў Жыровічах манастыр і 29 кастрычніка 1613 ўрачыста ўвялі туды Язафата Кунцэвіча зь яго манахамі[5]. З таго часу Жыровічы сталі слаўным водпуставым месцам, куды штогод пачалі прыходзіць пілігрымы з самых розных куткоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пасьля сьмерці 18 ліпеня 1613 мітрапаліта Іпація Пацея Кіеўскай мітраполіяй пачаў упраўляць Язэп Руцкі, а Язафат Кунцэвіч ад гэтага часу і да 1617 быў архімандрытам Віленскага манастыра Сьвятой Тройцы, які тады налічваў ужо 60 манахаў. За гэты час ён многа зрабіў для разбудовы і добраўпарадкаваньня манастыра, арганізацыі манаскага жыцьця. Старэйшых манахаў архімандрыт Язафат Кунцэвіч накіраваў у Наваградак і Менск, дзе базыляне адчынілі школы, а сам застаўся толькі з маладымі манахамі. У гэты час яму даводзілася адначасова выконваць абавязкі архімандрыта, вікарыя, спаведніка, прапаведніка, эканома і нават дзяка. Як сьцьвярджаў сьведак айцец Г. Хмяльніцкі, звычайна ён сам званіў на пад’ём і ў царкве на малітву[6].

Паводле рэкамэндацыі Руцкага ў 1617 прызначаны біскупам віцебскім і адначасова каад’ютарам да полацкага архібіскупа Гедэона Бральніцкага. Разам зь мітрапалітам Язэпам Руцкім, які распрацаваў статуты Базылянскага закону, Язафат Кунцэвіч моцна спрычыніўся да рэарганізацыі ўсходняга манаства ў краі.

Пасьля сьмерці Бральніцкага ў канцы 1618 Я. Кунцэвіч стаў полацкім архібіскупам. У Полацак ён прыбыў з асаблівай місіяй ад мітрапаліта Руцкага — умацаваць Унію ў гэтым краі.

Першымі крокамі архібіскупа Язафата Кунцэвіча на новай ніве сталася адраджэньне царкоўнага жыцьця: аднаўленьне храмаў (у тым ліку Полацкага Сафійскага сабору), заснаваньне парафіяльных школаў, «чыстка» кліру. Адначасова ён праявіў сябе адданым прыхільнікам еднасьці Заходняй і Ўсходняй Цэркваў. Да Базылянскага закону ён прыяднаў манахаў трох манастыроў Полацкай япархіі: Полацкага манастыра, Чарэйскага манастыра і Магілёўскага манастыра.

Разам з тым актыўнасьць новага полацкага архібіскупа выклікала неадназначную рэакцыю. 9 кастрычніка 1618 архібіскуп Язафат Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў са звычайнай душпастырскай мэтай «прыгледзець за царкоўным парадкам». Жыхары не дазволілі яму, як пастыру, нават уступіць у места, зачынілі гарадзкую браму, расставілі на вежах і на валу гарматы, скіраваныя на сьвіту архібіскупа, і ўзброеных людзей, частка якіх выйшла з харугвамі перагарадзіць уніяцкаму архібіскупу дарогу ў места. «Калі гэты ўладыка-адшчапенец, — казалі яны, — дзе-небудзь пакажацца бліжэй каля места, то ў места мы яго ня пусьцім, а яго заб’ем, бо за пастыра і ўладыку свайго ня лічым і прызнаваць яго ня хочам». Гэты інцыдэнт стаўся прычынай судовага разьбіральніцтва, у выніку ягока завадатараў бунту як парушальнікаў спакою ў дзяржаве прысудзілі да сьмяротнай кары, а на места быў накладзены штраф[7].

У сакавіку 1620 на зваротным шляху з Масквы ў Кіеў прыбыў Ерусалімскі патрыярх Тэафан, які актыўна праводзіў пратурэцкую і прамаскоўскую палітыку. Ён незаконна[8] высьвяціў новых праваслаўных біскупаў і паставіў іх наўзамен раней прызначаных уніяцкіх, чым абвастрыў супярэчнасьці ў асяродку хрысьціянаў Рэчы Паспалітай. У прыватнасьці, у абыход Кунцэвіча біскупам Полацку быў пастаўлены Мялеці Сматрыцкі, дзеяньні якога ў Рэчы Паспалітай расцанілі як падбухторваньне да мецяжу і царкоўнаму расколу ўва ўгоду Турэччыны. У прыватнасьці кароль і вялікі князь Жыгімонт пісаў:

« нехта Сматрыцкі і Барэцкі змовіліся з падданымі цэсара турэцкага, непрыяцеля веры хрысьціянскай і нашага, які на панствы нашыя вайной ідзе. Зь нейкім пастырам, нібы патрыярхам ерусалімскім, на шпегі да панстваў нашых ад цэсара турэцкага дасланым, наважыліся без дазволу і ведама нашага прысьвячэньні браць — адзін на мітраполію Кіеўскую, а іншы – на архібіскупства Полацкае, ігнаруючы тых, хто прылажэнствы гэтыя духоўныя здаўна з пападаньня нашага спараднага на сябе носяць і добрае здароўе маюць. »

Аднак прапаганда М. Сматрыцкага прынесла свой плён. Архібіскупа Я. Кунцэвіча зьвінавацілі ў перасьледзе праваслаўных, на што ён змушаны быў адказаць лістом, адрасаваным Льву Сапегу:

« Я ж ніколі нікога да Уніі гвалтам не прымушаў, такога ніколі не было. Абараняць жа мне мае царкоўныя правы, (калі на мяне наступаюць гвалтам), мяне прымушае звычайная біскупская прысяга. »

Найбольш напружаны характар барацьба супраць Уніі набыла ў Віцебску, насельніцтва якога пасланцы Сматрыцкага падбухторылі да непаслушэнства законнаму архібіскупу.

Уступіўшы ў валоданьне віцебскімі цэрквамі, Я. Кунцэвіч заняўся іхным абсталяваньнем: загадаў іх падмесьці, пачысьціць абразы, наладзіць хоры і адкідныя сядзеньні. Паводле словаў відавочцаў, праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі, што нельга з царквы нічога выкідаць, нават пыл. На падставе гэтага яны абвясьцілі, што Я. Кунцэвіч прытрымліваецца лацінскай веры і перарабляе цэрквы на лацінскі ўзор[7].

Ад сакавіка 1621 па атрыманьні ліста М. Сматрыцкага, жыхары Віцебску поўнасьцю перасталі падпарадкоўвацца Я. Кунцэвічу. 4 красавіка 1621, у дзень Дабравешчаньня, віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусьцілі працэсію ўніяцкіх сьвятароў з Прачысьценскага сабору ў царкву Дабравешчаньня: «люд посполитый лаял их и соромотил и на здоровье их як того часу, так и потомных часов похвалки чинил, грозячи им забиянем и у воду утопенем». У Дабравешчанскай царкве 16 жніўня, у дзень Спаса («яблычнага»), праваслаўныя зноў «тумульт учинили», званілі ў званы, проста ў царкве зьбілі сьвятара айца Максіма Турчыновіча і Кунцэвічавага слугу Стэфана Базіліскага, а потым гналіся за самім архібіскупам. У дзень Пяцідзясятніцы вялікі натоўп праваслаўных спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што накіроўвалася за места да царквы Сьв. Духа, і прымусіў яе вярнуцца ў места. 20 лютага 1622 каля сотні жыхароў Віцебску абкружылі царкву Дабравешчаньня, перашкаджаючы адпраўленьню архібіскупам набажэнства, «крик, волане великое учинили», «словы неучтивыми лаяли, соромотили» ўніяцкае духавенства, а пасьля службы напалі на архідыякана і чэлядзь архібіскупа[7].

Сьв. Язафат Кунцэвіч

Кульмінацыя канфлікту настала 12 лістапада 1623 (Віцебскае паўстаньне), калі разьюшаны натоўп віцебскіх праваслаўных рынуўся ў дом Я. Кунцэвіча. Архібіскуп выйшаў ім насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?» Як сьведчаць судовыя дакумэнты, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці». Цела Язафата скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне[2]. Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасьць у месьце[9].

Да моманту прыбыцьця ў Віцебск сьледчай камісіі, большая частка ўдзельнікаў расправы зьбегла зь места. Да суду прыцягнулі толькі 19 чалавек. Многія сьведкі паказвалі на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыцьцё Кунцэвіча і забілі яго толькі празь нянавісьць і «распалены запал» супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з рымскім касьцёлам і падпарадкаваньня апостальскай сталіцы і Рымскаму Папу. Каралеўскія камісары, што праводзілі расьсьледаваньне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязьвінна, і што забойцы ня мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства[7].

Цела архібіскупа Язафата Кунцэвіча пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў ягонай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, але пазьней яго мошчы неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад зьнішчэньня расейскімі войскамі.

Працэс захадаў да бэатыфікацыі сьв. Язафата пачаўся ў наступны год па яго сьмерці. Працэс працягнуўся пры ўдзеле створаных па вызначэньні Урбана VIІI (двойчы, у 1625 і 1635 гг.) камісіяў для дасьледаваньня жыцьця, дзейнасьці, сьмерці Язафата Кунцэвіча і цудаў, зьвязаных зь ягоным апякунствам.

Па завяршэньні расьсьледаваньня, у траўні 1643 году Полацкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч быў залічаны Папам Урбанам VIII да сьпісу сьвятых у ВКЛ і Ўкраіне, а ў чэрвені 1867 году Папа Пій IX абвясьціў яго сьвятым для ўсёй Каталіцкай Царквы. Мошчы беларускага сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы сьв. Пятра ў Рыме, каля алтара сьв. Васіля Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма[10].

Папа Рымскі Ян Павал II назваў сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасьці».

Язафат Кунцэвіч — аўтар палемічных і багаслоўскіх твораў «А фальшаваньню пісьм славенскіх…», «Правілы для ўніяцкіх прасьвітараў», «Катэхізму», 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона еднасьці…» (1617) і іншых. У сваім укладаньні «Пра хрышчэньне сьв. Уладзіміра» Кунцэвіч даводзіў, што руская Царква першапачаткова была каталіцкай.

  1. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #122499220 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ а б 66. Хто такі Язафат Кунцэвіч? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Нарис історіï Василіянського чину святого Йосафата. Відавництво оо. Василіян, Рим, 1992. С. 102.
  4. ^ Нарис історіï Василіянського чину святого Йосафата. Відавництво оо. Василіян, Рим, 1992. С. 110.
  5. ^ Historya o początkach cudownego obrazu Nayswiętszey Panny Maryi Zyrowickiey w Litwie. Wilno, 1628.
  6. ^ Нарис історіï Василіянського чину святого Йосафата. Відавництво оо. Василіян, Рим, 1992. С. 115.
  7. ^ а б в г Алена Вернікоўская. Супраціўленне праваслаўных Полацкай епархіі ўвядзенню уніі і забойства Язафата Кунцэвіча // Беларускі гістарычны агляд, Том 8 Сшытак 1—2 (14—15) Снежань 2001
  8. ^ Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў. Беларускі гістарычны агляд. Архіўная копія ад 17 ліпеня 2011 г. Том 7. Сшытак 2 (13)
  9. ^ Сёньня Дзень сьв. Язафата // Наша Ніва, 12 лістапада 2008
  10. ^ Аляксей Хадыка. Святы Язафат Кунцэвіч: Складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша Вера. — 2006. — № 2 (36).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язафат Кунцэвічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў