Перайсьці да зьместу

Усерасейскі ўстаноўчы сход

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фотаздымак адзінага паседжаньня Усерасейскага ўстаноўчага сходу

Усерасейскі ўстаноўчы сход — прадстаўнічы орган у Расеі, абраны ў лістападзе 1917 году і скліканы ў студзені 1918 году для вызначэньня дзяржаўнага ладу Расеі.

Нацыяналізаваў памешчыцкую зямлю, заклікаў да падпісаньня мірнай дамовы, абвясьціў Расею фэдэратыўнай дэмакратычнай рэспублікай, тым самым адмовіўшыся ад манархічнай формы праўленьня (хоць яшчэ ў верасьні 1917 году Часовы ўрад абвясьціў Расею рэспублікай). Сход адмовіўся разглядаць Дэклярацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народу, якая надзяляла бы саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў дзяржаўнай уладай, тым самым спрабуючы зрабіць нелегітымнымі далейшыя дзеяньні саветаў.

Быў распушчаны 6 студзеня 1918 году УЦВК, акт пацьверджаны 18 студзеня III Усерасейскім зьездам Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў.

Хоць правыя партыі пацярпелі на выбарах поўную паразу, бо частка зь іх была пад забаронай і агітацыя за іх была забароненая бальшавікамі, абарона Ўстаноўчага сходу стала адным зь лёзунгаў Белага руху.