Усевалад Кароль
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кароль (неадназначнасьць).
Усевалад Кароль (18 кастрычніка 1919, в. Старое Сяло, Меншчына — 4 кастрычніка 1984, Баранавічы) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, доктар-гінэколяг.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Радашковічах (1928—1929), у Віленскай беларускай гімназіі (1929—1936). Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт Стэфана Баторыя, мэдыцынскі факультэт. Валодаў нямецкай і ангельскай мовамі. Апошні кіраўнік Беларускага студэнцкага саюзу. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданьнях.
Паводле ўспамінаў Анатоля Бярозкі ў верасьні 1939 году Кароль выратаваў яго ад бальшавіцкай вязьніцы. У пакой да Бярозкі, калі там быў Кароль прыйшлі супрацоўнікі НКВД: «Па-першае, паказалі нам „Воззвание к жителям Вильно“. Спыталі, ці можам перакласьці тэкст на польскую і беларускую мовы. Я пераклаў на беларускую, а Кароль — на польскую. Тэкст называўся „Да вшысткіх беларусінув, жыдув, палякув, ліцьвінув“. Адзін з „опэраў“, чытаючы тэкст, сказаў: „Все хорошо, но мы не употребляем слово „жыд“. І паправіў „жыдув“ на „евреюв“. Так польская мова ўзбагацілася новым словам… Але на гэтым нашае спатканьне з супрацоўнікамі НКВД ня скончылася: „Нам нужна ваша помощь. Мы разыскиваем таких людей, как Луцкевич, Берёзка…“ Тады Кароль, які добра валодаў расейскай мовай, адказвае: „Берёзка? Вы его не найдете — его убила бомба возле костела Петра и Павла“. І яны выкрасьлілі мой псэўданім са сьмяротнага сьпісу».
Падчас Другой сусьветнай вайны зьехаў зь Вільні. З траўня 1943 на працы ў Баранавічах. Працаваў тамака абсэльвэнтам у шпіталі, разам зь іншымі беларускімі дактарамі-патрыётамі Анатолем Бярозкам, Язэпам Малецкім, Наўмікам. Выкладаў у мэдычнай школе ў Баранавічах.
Актыўны сябра Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Кіраўнік БНП па Баранавіцкай акрузе. Па яго расповедах у красавіку 1944 Усевалад Родзька прапаноўваў яму стаць ў БНП міністрам замежных справаў. Яго меліся перакінуць у Лёндан праз Швэцыю з дапамогаю Арміі Краёвай.
Паводле І. Валахановіча з нападам немцаў на СССР Кароль эвакуяваўся на ўсход, дзе скончыў школу ГРУ. У якасьці радыста з савецкімі спэцграпамі неаднаразова закідваўся ў Летуву. У 1942 годзе арыштаваны Віленскім СД — завэрбаваны. Зьехаў жыць у Менск, пасьля ў Баранавічы.
У 1944 арыштаваны бальшавікамі. У 1946 праходзіў па «справе шасьці», калі было асуджана кіраўніцтва БНП. Прысуджаны да 10 гадоў. Напачатку працаваў у лягерох Пячоры на будоўлі, пасьля пераведзены на працу да шпіталю.
Вядома, што яшчэ з гімназіі й Віленскага ўнівэрсытэту захапляўся вырабам лялек. Займаўся гэтым нават у сталінскіх лягэрах.
Па вяртаньні з канцлягероў працаваў гінэколягам у Баранавічах. Шмат у горадзе дасюль згадваюць яго добрым словам. Сябраваў зь Ларысай і Янкам Геніюшамі іншымі беларускімі палітвязьнямі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Ёрш «Вяртаньне БНП» // Менск — Слонім, 1998
- Пятро Рашэтнік «Сустрэчы на жыцьцёвым шляху» // Беларускі Рэзыстанс, 1(3)-2006
- Валахновіч І. «Антисоветское подполье на территории Белоруссии в 1944—1953», Менск, 2002