Таргавіцкая канфэдэрацыя
Таргавіцкая канфэдэрацыя — аб’яднаньне шляхты Рэчы Паспалітай з мэтай вяртаньня палітычнай сыстэмы дзяржавы і шляхецкіх правоў, ліквідаваных Канстытуцыяй 3 траўня 1791 году. Канфэдэрацыя была арганізаваная з ініцыятывы Кацярыны ІІ у 1792 годзе.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1788—1792 гг. у Варшаве адбываўся Чатырохгадовы сойм, у межах якога былі распрацаваныя шэраг рэформаў, што закраналі амаль усе сфэры жыцьця тагачаснага грамадзтва Рэчы Паспалітай. Кульмінацыяй гэтых рэформаў стала падпісаньне 3 траўня 1791 г. «Урадавага закону» — новай канстытуцыі, якая, сярод іншага, уводзіла спадчыннасьць трону, абмяжоўвала выбарныя правы беднай шляхты, пашырала правы свабодных гарадоў і іх месьцічаў.
Гэтыя новаўвядзеньні прыйшліся не даспадобы некаторым прадстаўнікам шляхты, і асабліва магнатэрыі Рэчы Паспалітай. У знак пратэсту найбольш актыўныя прадстаўнікі апазыцыі ўжо ў сярэдзіне 1791 г. зьехалі за мяжу: вялікі гетман каронны Францішак Браніцкі — у Вену, польны гетман каронны Севярын Жавускі — у Пецярбург, рускі ваявода і генэрал кароннай артылерыі Шчасны Патоцкі — у Вену. Кацярына ІІ, уцягнутая на той момант у вайну з Турэччынай таксама была моцна незадаволеная тым, як разгортваліся падзеі.
Утварэньне канфэдэрацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кастрычніку 1791 г. у Ясах адбылася сустрэча Ф. Браніцкага, С. Жавускага і С. Патоцкага, дзе абмяркоўваліся будучыя пляны стварэньня канфэдэрацыі. У канцы гэтага ж году ўсе ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя ў Пецярбург, дзе бавілі час да сакавіка 1792 г. У сакавіку 1792 г. пры ўдзеле Кацярыны ІІ у Пецярбургу адбылася тайная сустрэча, дзе было прынятае рашэньне аб стварэньні новай канфэдэрацыі, якая будзе змагацца за вяртаньне парушаных правоў, а Расея дасьць для гэтага свае войскі. 27 красавіка ў Пецярбургу быў падпісаны «Акт канфэдэрацыі», якая ў гісторыю ўвайшла, як Таргавіцкая. Яе маршалкам стаў Станіслаў Шчасны Патоцкі. Кіраўніком каронных войскаў канфэдэрацыі прызначаны гетман Браніцкі. «Акт канфэдэрацыі» падпісалі таксама: Севярын Жавускі, Шыман Касакоўскі, Антоні Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, Ежы Вяльгорскі, Антоні Златніцкі, Адам Машчэнскі, Уладзімерскі Ян Загорскі, Ян Сухаржэўскі, Міхал Кабылецкі, Ян Сьвейкоўскі, Францішак Гулевіч і Дызма Бонча Тамашэўскі. Канстытуцыя Таргавіцкай канфэдэрацыі мела 23 пункты і прадугледжвала вяртаньне ўсіх былых шляхецкіх вольнасьцяў, і сярод іншага, аднаўленьне былой канфэдэратыўнай сыстэмы Рэчы Паспалітай. 12 траўня расейскія войскі пад кіраўніцтвам генэрала паручніка Міхаіла Кутузава і генэрала паручніка Івана Дуніна перайшлі Днестар і ўвайшлі на тэрыторыю Кароны Польскай.
Гэнэральная канфэдэрацыя ВКЛ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]22 траўня 1792 г. корпусы рускай арміі пад кіраўніцтвам генэрала Міхаіла Крачэтнікава ўвайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыя канфэдэрацыі на землях ВКЛ была даручана прадстаўніку буйнога магнацкага роду Віленшчыны, генэрал-маёру расейскай арміі Шыману Касакоўскаму. Актыўна падтрымліваў яго ў гэтай справе брат — інфлянцкі біскуп Юзаф Касакоўскі. За наступныя паўгады Таргавіцкая канфэдэрацыя была абвешчана ва ўсіх вялікіх гарадах ВКЛ. Шляхта гарадоў часта прысягала новай канфэдэрацыі пад прымусам і пагрозай пазбаўленьня маёмасьці[1]. 12 чэрвеня 1792 г. у Вільні было абвешчана аб стварэньні Генэральнай канфэдэрацыі ВКЛ. Ейным маршалкам стаў канцлер ВКЛ Аляксандар Сапега. Шыман Касакоўскі быў абвешчаны гетманам ВКЛ «з волі народу». Канфэдэрацкія ўлады ў гарадах Рэчы Паспалітай замянілі сабой былыя органы ўлады. Іх асноўнай задачай была пастаўка фуражу і правіянту для расейскіх войскаў.
Найясьнейшая канфэдэрацыя абодвух народаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]23 ліпеня 1792 г. пад ціскам сваіх прыбліжаных, у першую чаргу канцлера Яўхіма Храптовіча, Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі. Гэта абазначала заканчэньне вайны з Расеяй. 6 верасьня 1792 г. у Берасьці быў падпісаны акт аб’яднаньня канфэдэрцыяў ВКЛ і Кароны ў адзіную Найясьнейшую канфэдэрацыю абодвух народаў. Яна ставіла перад сабой тыя ж задачы, што і яе папярэднікі. Цэнтрам канфэдэрацыі стала Горадня.
Гарадзенскі сойм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку лютага 1793 г. стала вядома аб уварваньні на тэрыторыю Кароны прускіх войскаў, якое адбывалася згодна з таемнай дамовай Расеі і Прусіі ад 23 студзеня. У той жа час у Горадню прыехаў новы расейскі пасол Якуб Сіверс, які сьпярша адмаўляў датычнасьць Расеі да гэтых падзеяў. Аднак 29 сакавіка ён прачытаў таргавічанам сумесную дэклярацыю Расеі і Прусіі, у якой гаварылася, што
«Непонятное заблуждение нации (французской), некогда столь цветущей, теперь униженной, раздираемой и находящейся на краю пропасти, это заблуждение вместо того чтобы послужить предметом ужаса для беспокойных (польских умов), напротив показалось им предметом достойным подражания… Столь опасный очаг естественно возбудил внимание соседних держав; они сообща обсудили средства задушить зло в самом зародыше и предохранить от заразы собственные границы. Её величество императрица Всероссийская и его величество король Прусский, по соглашению с его величеством императором Римским, признали самою действительною мерой: заключить Польскую республику в более тесные границы, чтоб облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроеное правительство, которое было бы в состоянии обуздать беспорядки и партии, столь часто нарушавшие спокойствие республики и её соседей».[2]
Кіраўнікі канфэдэрацыі, убачыўшы, што іх падманулі, зьехалі з Горадні або за мяжу, або ў свае ўладаньні. Засталіся толькі браты Касакоўскія, якія і ўзялі на сябе кіраваньне канфэдэрацыяй у апошнія месяцы. У адпаведнасьці з дэклярацыяй 17 чэрвеня 1793 г. быў скліканы Гарадзенскі сойм, які спачатку зацьвердзіў Другі падзел Рэчы Паспалітай, а пасьля 18 верасьня, распусьціў Таргавіцкую канфэдэрацыю.
Значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Таргавіцкая канфэдэрацыя з аднаго боку была спробай магнатэрыі Рэчы Паспалітай і незадаволенай шляхты вярнуць кардынальныя правы, парушаныя Канстытуцыяй 3 траўня, але зь іншага боку канфэдэрацыя стала інструмэнтам у руках Кацярыны ІІ для апраўданьня свайго ўварваньня на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а пазьней і яе чарговага падзелу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Howard Lord, Robert. Drugi rozbiór Polski. — Warszawa: PAX, 1984. — 411 stron. ISBN 83-211-0511-4
- Łojek J. Geneza i obalenie Konstytucji 3 maja. Lublin 1986 ISBN 83-222-0313-6
- Smolenski, W. Konfederacja Targowicka. Kraków, 1903.
- Соловьёв С. М. История падения Польши // Соч. — М.: 1995.