Сьлепата
Сьлепата, сьлепасьць (у «Беларускай граматыцы для школ» Браніслава Тарашкевіча — сьляпота) — мэдычны тэрмін, які разумее пад сабой поўную адсутнасьць зроку альбо сур’ёзнае яго пашкоджаньне. Розныя шкалы былі распрацаваны дзеля апісаньня ступені страты зроку й вызначэньня сьлепаты[1]. Поўная сьлепасьць ёсьць поўная адсутнасьць якой-небудзь формы аптычнага ўспрыманьня сьвятла.
Тэрмін «сьлепата» часьцяком выкарыстоўваецца дзеля апісаньня цяжкіх парушэньняў здольнасьці гляджэньня пры захаваньні пэўнага рэшткавага зроку. Такім чынам, з адукацыйнага й (рэ)абілітацыйнага пункту гледжаньня існуюць наступныя катэгорыі сьлепаты:
- Татальная (цалкавітая, поўная) сьлепата
- Татальная сьлепата без адчуваньня сьвятла (чалавек у такім стане ня бачыць абсалютна нічога);
- Сьлепата з адчуваньнем сьвятла, якая падзяляецца на дзьве катэгорыі ў залежнасьці ад здольнасьці асобы пазначыць крыніцу сьвятла;
- Сьлепата з адчуваньнем колераў
- Практычная (частковая, з рэшткавым зрокам) сьлепата (па-ангельску: legal blindness)
- Сьлепата з адчуваньнем руху рукі перад тварам
- Сьлепата з рэшткавым сылюэтным (контурным) зрокам
- Сьлепата з рэшткавым формава-прадметным зрокам («частковы зрок»)
Апошнюю катэгорыю («сьляпыя з рэшткавым формава-прадметным зрокам» замест «часткова відушчых») запрапанавала Вэнэра Дзяніскіна, расейскі дэфэктоляг і рэабілітоляг, якая сама належыць да гэтае катэгорыі невідушчых. Паводле заканадаўства большае часткі краінаў сьвету да сьляпых (невідушчых) залічваюцца асобы, што маюць ня больш за 4% рэшткавага зроку, асобы з рэштаю зроку ад 5 да 40 адсоткаў лічацца слабавідушчымі[2]. Аднак у ЗША максымальная рэшта зроку, што дазваляе сьцьвярдзіць сьлепасьць чалавека, складае 10% (0,1), то бок, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, невідушчым лічыцца кожны чалавек, які ня здольны ўбачыць другі радок на табліцы вастрыні зроку.
Адчуваньне сьвятла ў невідушчых можа мець правільную альбо няправільную праекцыю. Людзі, што маюць адчуваньне сьвятла з правільнаю праекцыяй, здольныя пазначыць ня толькі наяўнасьць сьвятла, але й кірунак, зь якога яно паходзіць.
У Паўночнай Амэрыцы й большасьці краінаў Эўропы, практычная сьлепата вызначаецца як вастрыня зроку ў 6/60 альбо менш. Гэта азначае, што сьляпы чалавек павінен стаяць у 6 мэтрах ад аб’екта (ці бліжэй), каб яго ўбачыць з дапамогай карэктуючых лінзаў з той жа ступеньню выразнасьці, зь якой чалавек з добрым зрокам можа яго ўбачыць на адлегласьці 60 мэтраў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ International Council of Ophthalmology. «International Standards: Visual Standards — Aspects and Ranges of Vision Loss with Emphasis on Population Surveys».
- ^ Belote, Larry. «Low Vision Education and Training: Defining the Boundaries of Low Vision Patients.» A Personal Guide to the VA Visual Impairment Services Program.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьлепата — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |