Польская вайсковая арганізацыя
По́льская вайско́вая арганіза́цыя (POW, па-польску: Polska Organizacja Wojskowa) — падпольная (незаконная) ваенізаваная арганізацыя, створаная падчас Першай сусьветнай вайны ў мэтах барацьбы за вызваленьне польскіх тэрыторыяў з-пад расейскага валадарства.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Створаная ў лістападзе 1914 году з ініцыятывы Юзэфа Пілсудзкага аб’яднаньнем Стралецкага саюзу і Польскіх стралецкіх дружын. Першапачаткова арганізацыя дзейнічала ў царстве Польскім, пасьля пашырыла сваю дзейнасьць на Галіччыну, таксама на Украіну, Беларусь, Летуву і іншыя заходнія тэрыторыі тагачаснай Расейскай імпэрыі. Займалася пераважна сабатажам і зборам выведкавых дадзеных; частка сяброў арганізацыі адначасова праходзіла вайсковую службу ва ўзброеных сілах Цэнтральных дзяржаў.
Сакрэтную дапамогу арганізацыі аказвалі ўлады Нямецкай імпэрыі. Кіруючым органам быў Цэнтральны нацыянальны камітэт (па-польску: Centralny Komitet Narodowy), галоўным кашталянам — Юзэф Пілсудзкі. Пасьля таго, як Нямеччына заняла царства Польскае і яго сталіцу Варшаву, арганізацыя легалізавалася, большая частка яе сябраў уступіла ў Польскія легіёны.
У 1917 годзе пасьля загаду Пілсудзкага, каб польскія жаўнеры, якія служылі ў арміях Цэнтральных дзяржаваў, не давалі прысягі на вернасьць Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны, ён быў інтэрнаваны нямецкімі ўладамі. Частка сябраў арганізацыі была арыштаваная і інтэрнаваная ў лягэрах у Шчыпёрна і Градоўцы, а арганізацыя зноў перайшла ў падпольле. Дзейнасьць арганізацыі была накіравана, апроч ранейшага праціўніка, таксама супраць Нямеччыны і Аўстрыі.
Польскую вайсковую арганізацыю ўзначаліў Эдвард Рыдз-Сьміглы. Палітычнае кіраўніцтва ажыцьцяўляў закансьпіраваны канвэнт на чале з Енджаем Марачэўскім.
Увосень 1918 году сябры арганізацыі ўдзельнічалі ў раззбраеньні нямецкіх і аўстрыйскіх салдатаў у Царстве Польскім і на іншых польскіх тэрыторыях. У сярэдзіне лістапада сябры Польскай вайсковай арганізацыі блакіравалі аўстрыйскія гарнізоны ў Галіцыі, забясьпечыўшы польскі кантроль над тэрыторыяй. Зь лістапада 1918 каля 400 байцоў арганізацыі ўдзельнічала ў абароне Львову ад сечавікоў Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі.
З утварэньнем у лістападзе 1918 году часавага народнага ўраду Польшчы ў Любліне Польская вайсковая арганізацыя стала асновай узброеных сілаў гэтага ўраду. У сьнежні 1918 году арганізацыя ўлілася ў польскую армію, якая толькі фармавалася.
Пазьней снаваліся ў сутнасьці аўтаномныя фармаваньні, якія падтрымлівалі кантакты з аднайменнай агульнанацыянальнай арганізацыяй і ставілі тыя ж мэты. У лютым 1918 году ўзьнікла Польская вайсковая арганізацыя прускіх зямель (па-польску: Polska Organizacja Wojskowa Zaboru Pruskiego). Яна арганізавала Велікапольскае паўстаньне і стала асновай узброеных сілаў паўстанцаў.
У лютым 1919 году былі створаны Польская вайсковая арганізацыя Верхняй Сылезіі (па-польску: Polska Organizacja Wojskowa Górnego Śląska) і Вайсковая арганізацыя Памор’я (па-польску: Organizacja Wojskowa PomorzaOrganizacja Wojskowa Pomorza). У Летуве Польская вайсковая арганізацыя рыхтавала ўзброены палітычны пераварот, прызначаны на канец жніўня 1919 году. Пераварот павінен быў бы прывесьці да ўлады прапольскі ўрад, які забясьпечыў б далучэньне Летувы да Польшчы. Атрыманыя летувіскімі ўладамі дадзеныя і масавыя арышты 28 жніўня 1919 году западозраных у змове прадухілілі пераварот. 117 абвінавачваных паўсталі перад вайсковым судом у Коўна 14—24 сьнежня 1920 году і былі прысуджаны да розных тэрмінаў пакараньня.
У Савецкім Саюзе ў 1930-я гады падчас масавых рэпрэсій супраць палякаў, у тым ліку камуністаў і дзеячаў Камінтэрну, іх як правіла вінавацілі ў прыналежнасьці да «Польскай вайсковай контррэвалюцыйнай арганізацыі», «шпіёнска-тэрарыстычнай групоўкі Польская вайсковая арганізацыя», «дывэрсійна-шпіёнскай сеткі польскай выведкі ў СССР, якая існавала ў відзе так званай «Польскай арганізацыі вайсковай»[1][2].