Мікалай Кузьміч
Мікалай Кузьміч | |
Дата нараджэньня | 28 лістапада 1950 (73 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Патрыкі, Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць |
Адукацыя | Менская мастацкая вучэльня імя Аляксея Глебава |
Месца вучобы | |
Занятак | мастак-ювэлір |
Навуковая сфэра | ювелірная справа[d][1] і biographistics[d][1] |
Сябра ў | Беларускі саюз мастакоў |
Плынь | дэкаратыўна-прыкладное мастацтва |
Працы | копія Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай і стаўратэка для яго, |
Узнагароды | |
Сайт | nikolaikuzmich.by |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кузьміч.
Мікалай Пятровіч Кузьміч (нар. 28 лістапада 1950, в. Патрыкі Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці) — беларускі мастак-ювэлір, узнавіў нацыянальную сьвятыню Крыж Эўфрасіньні Полацкай, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Адрадзіў тэхніку старажытна-бізантыйскай перагародкавай эмалі XII ст.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся Мікалай Кузьміч у заходнепалескай вёсцы Патрыкі Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці у беднай сялянскай сям’і[2]). Ягоны дзед Нічыпар быў вядомым на ўсю ваколіцу кавалём, які да таго ж імкнуўся ўпрыгожваць свае вырабы. Як сьцьвярджае Мікола Кузьміч, «хутчэй за ўсё, менавіта ад дзеда ў мяне прага да прыгожага і да працы з мэталем у прыватнасьці»[3].
На пачатку 1960-х, у 11-гадовым узросьце, па ініцыятыве бацькі, які шукаў лепшай долі, сям’я Міколы Кузьміча пераехала ў Растоўскую вобласьць, дзе яны жылі нейкі час у станіцы. Пасьля заканчэньня васьмігодкі Мікола Кузьміч пайшоў вучыцца ў прафтэхвучэльню. Там за год вывучыўся на трактарыста-машыніста 3-й клясы і затым папоўніў шэрагі калгасных мэханізатараў[3].
У 1968 годзе быў прызваны ў Савецкую армію. Служыў на Паўночным флёце, у засакрэчаным тады Севераморску. Там заўважылі яго схільнасьць да маляваньня, даручылі афарміцельскія працы. Пазьней накіравалі машыністам кацельні на баявы карабель.
Пасьля завяршэньня службы на флёце вярнуўся ў данскую станіцу, аднак бацьку ўжо не застаў — ён памёр, так і ня здолеўшы зьдзейсьніць сваю мару — вярнуцца на радзіму ў Беларусь. Дзякуючы атрыманай падчас службы ў арміі рабочай спэцыяльнасьці гэтую мару зьдзейсьніў Мікола Кузьміч і разам з маці і двума сёстрамі змог вырвацца з калгасу, атрымаць пашпарты і вярнуцца на радзіму ў в. Вульку.
Жаданьне рэалізаваць сябе ў творчасьці прывяло Міколу Кузьміча ў Берасьце, дзе яго прыняла цётка. Яна дапамагла яму ўладкавацца ў драматычны тэатар памочнікам мастака. Праз год ён перайшоў працаваць мастаком-пастаноўшчыкам на Берасьцейскае абласное тэлебачаньне. Але ў хуткім часе ён пакінуў Берасьце і пераехаў Кобрынь, дзе ў гарадзкім Доме культуры была свабодная стаўка мастака. У Кобрыні адначасова з афармленьнем плякатаў ды афіш і працай у мясцовай выяўленчай студыі працягваў адукоўвацца ў вячэрняй школе[3]. Пасьля яе заканчэньня атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, які і адкрыў дарогу для атрыманьня прафэсійнай мастацкай адукацыі.
Спэцыяльную адукацыю атрымаў у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава ў 1982 годзе. З 1978-га неаднаразова спрабаваў паступіць у мастацкую вучэльню імя А. Глебава, але трапіў толькі ў 28-гадовым узросьце. Скончыў вучэльню ў 33 гады[4].
Пасьля быў разьмеркаваны на працу на Берасьцейскі мастацкі камбінат, дзе з 1984 году распачаў сваю творчую дзейнасьць. У 1987-ым стаў сябрам Саюзу мастакоў. У гэты час мастак удасканальваў сваю эмальерную тэхніку, удзельнічаў ва ўсерасейскіх і міжнародных выстаўках у Маскве і Менску, на сымпозіюмах у Юрмале (Латвія), Паланзе (Літва), Ля-Каруньі (Гішпанія), Кобургу (Нямеччына).
У 1992 распачаў шматгадовую дасьледніцкую і ювэлірна-мастацкую працу па ўзнаўленьні страчанай нацыянальнай каштоўнасьці беларусаў Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай. У 1994, на пачатку працы па ўзнаўленьні Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай, разам зь мітрапалітам Філарэтам зьдзейсьніў паломніцтва на Сьвятую Зямлю.
У 1990-ыя гады зьяўляўся сябрам БНФ «Адраджэньне». У канцы 1980-х вырабіў першы ў тагачаснай савецкай Беларусі значак «Пагоня» у выглядзе манэты-барацінкі.
Два тэрміны — з 2004 па 2010 гг. — Мікалай Кузьміч узначальваў Берасьцейскае абласное аддзяленьне Беларускага саюзу мастакоў.
У 2013 годзе берасьцейскі майстар-эмальер Мікалай Кузьміч па спэцыяльнай замове вырабіў 50 памятных бронзавых мэдалёў у гонар 450-годзьдзя Берасьцейскай Бібліі.[5]
На замову Чырвонага касьцёлу ў Менску ў 2013 годзе вырабіў таксама памятныя мэдальёны з выявай цудадзейнай іконы Будслаўскай Божай Маці на 400-ыя ўгодкі гэтай сьвятыні.[6]
Жыве і працуе ў Берасьці.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мікалай Кузьміч працуе ў галіне ювэлірнага мастацтва, у тэхніцы гарачых эмаляў. Уваходзіць у пяцёрку лепшых майстроў у сьвеце, якія працуюць у гэтай унікальнай тэхніцы. Займаецца вырабам мастацкіх твораў, аб’ектаў і ювэлірных ўпрыгожаньняў.
Мастацкім творам Мікалая Кузьміча ўласьціва арыгінальнае спалучэньне колеру і гармоніі з мэталам, выкарыстаньне старадаўніх тэхнік і сучасных тэхналёгіяў. Дзеля гэтага ягоныя творы ювэлірнага мастацтва па-сапраўднаму ўнікальныя, а сам ён зьяўляецца ляўрэатам розных міжнародных прэміяў і конкурсаў. У калекцыі яго прац — іконы, ювэлірныя ўпрыгожаньні, дэкаратыўныя эмалевыя пласьціны.
Працы Мікалая Кузьміча знайшлі пачэснае месца ў музэях, галерэях, прыватных калекцыях у шэрагу краінаў Эўропы і Амэрыкі. Галоўныя яго творчыя дасягненьні — копія Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай і стаўратэка для яго, а таксама рака для мошчаў сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Сярод іншых прац мастака вызначаюцца дэкаратыўныя кампазыцыі «Блакітныя мары», «Купальле», «Слуцкія паясы», «Памяць», «Прастора і час» і іншыя.
Пэрсанальны сайт мастака-эмальера Мікалая Кузьміча: Художник-ювелир Николай Кузьмич.
Праца над узнаўленьнем Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мікалай Кузьміч з 1992 па 1997 гг. на працягу пяці гадоў працаваў над узнаўленьнем страчанай нацыянальнай каштоўнасьці беларусаў Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай. 30 чэрвеня 1997 году мітрапаліт Філарэт уклаў ва ўзноўлены крыж-стаўратэку часьцінкі крыві Хрыстовай, дрэва Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга, каменя ад Магілы Гасподняй і каменя ад Магілы Найсьвяцейшай Багародзіцы, часьцінкі сьвятых мошчаў. У 1997 г. праца над узнаўленьнем крыжа была завершана. Крыж, створаны Міколам Кузьмічом паводле ўзору Крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай, быў асьвячаны і пакладзены ў Полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры. Сёньня гэты крыж стаў нацыянальнай хрысьціянскай сьвятыняй беларускага народу.
У наступныя гады Мікола Кузьміч працаваў над стварэньнем стаўратэкі для гэтага крыжа. 23 чэрвеня 2001 году ўзноўлены мастаком Крыж Эўфрасіньні Полацкай быў дастаўлены на некалькі дзён з Полацку ў Берасьце. У праваслаўным катэдральным саборы сьв. Сімяона Стоўпніка ён быў урачыста ўкладзены ў стаўратэку, вырабленую Мікалаем Кузьмічом.
Створаная берасьцейскім майстрам-ювэлірам стаўратэка — гэта спэцыяльны каштоўны куфэрак для захоўваньня крыжа. Яна ўяўляе сабою простакутны футляр (даўжыня стаўратэкі 75 см, шырыня 60 см, вышыня 7 см), які абшыты зьверху срэбранымі з пазалотаю пласьцінкамі, усярэдзіне ніша для Крыжа выслана натуральным цёмна-зялёным аксамітам. Па пэрымэтры зьнешняга боку — літыя мэталёвыя карункі, якія выкананы паводле арнамэнтальных матываў XIII ст.: выразны акруглы рапорт, вытанчаная вязь і перапляценьне частак арнамэнту выдаюць старажытныя рэмінісцэнцыі, да якіх зьвярнуўся аўтар, каб дасягнуць больш поўнай адпаведнасьці сучаснага вырабу творам старажытнай мастацкай традыцыі. Зьверху, па баках і ўнізе арнамэнт «разрываецца» эмалевымі абразкамі з выявамі Магілы Гасподняй, прыладаў катаваньня Ісуса Хрыста, на двух эмалевых пласьцінках пасярэдзіне крыжа — выявы сьвятых імпэратара Канстанціна і яго маці Алены, пасярэдзіне ўнізе — мініяцюрныя выявы самой Эўфрасіньні Полацкай, а таксама сьвятых арханёлаў Міхаіла і Гаўрыіла. Зьверху на ражках — дзьве эмалевыя выявы шасьцікрылых хэрувімаў. Кожная выява непаўторная, зьяўляецца дасканала выкананай стылізацыяй старажытнабізантыйскай эмалі, якой уласьціва стрыманая экспрэсія.
У 2003—2007 гг. Мікола Кузьміч працаваў над стварэньнем ракі для мошчаў сьв. Эўфрасіньні Полацкай.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1997 — Ляўрэат прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне»;
- 1997 — Ляўрэат конкурсу «Чалавек году 1997 Берасьцейская зорка» Рэспубліка Беларусь;
- 1997 — Ордэн Сьвятога князя Ўладзімера 3 ступені;
- 1998 — Мэдаль князя Канстанціна Астроскага, Польшча;
- 2000 — Мэдаль Беларускага саюзу мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»;
- 2001 — Патрыяршая грамата — за руплівую працу на славу сьвятой Царквы;
- 2002 — Ордэн Крыжа вялебнай Эўфрасіньні Полацкай;
- 2007 — Ордэн Вялебнай Эўфрасіньні ігуменьні Полацкай;
- 2007 — Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь;
- 2010 — Грамата Берасьцейскага выканаўчага камітэту;
- 2010 — Грамата Ўпраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Kuz‘mìč, Mìchaìl Pjatrovìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Мікалай Пятровіч Кузьміч: Чалавек стагоддзя. Біябібліяграфічны паказальнік / УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага»; складальнікі: Т. С. Філіпава, В. А. Гарбачэўская. — Брэст: Паліграфіка, 2011. С. 5.
- ^ а б в Сяргей Галоўка. Мікалай Кузьміч: «Я быў звычайным савецкім атэістам» / Беларуская думка, № 10, 2011. С. 78.
- ^ Лявон Валасюк. Гармонія духу і майстэрства // Народная трыбуна : газэта. — 17 сьнежня 2010.
- ^ Барыс Паўлоўскі. Брэсцкай Бібліі 450 гадоў. А колькі Брэсту? / Вечерний Брест, 30.05.2013.
- ^ Антонина Хокимова. Свой крест
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Художник-ювелир Николай Кузьмич
- Мікалай Пятровіч Кузьміч: Чалавек стагоддзя(недаступная спасылка)
- Антонина Хокимова. Свой крест
- Гармонія духу і майстэрства
- Лирика в ювелирике(недаступная спасылка)
- Нарадзіліся 28 лістапада
- Нарадзіліся ў 1950 годзе
- Выпускнікі Менскага дзяржаўнага мастацкага каледжу імя А. К. Глебава
- Кавалеры ордэна Францішка Скарыны
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі
- Ляўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэньне»
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Нарадзіліся ў Дарагічынскім раёне
- Мастакі XX стагодзьдзя
- Мастакі XXI стагодзьдзя
- Беларускія мастакі і мастачкі
- Сябры Беларускага народнага фронту