Перайсьці да зьместу

Лідыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лідыйская дзяржава ў VII (мяжа чырвоным колерам) — VI (карычневы колер) стст. да н.э.

Лі́дыя (па-старажытнагрэцку: Λυδία) — старажытная гістарычная вобласьць і дзяржава на захадзе Малой Азіі.

Месцазнаходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антычныя географы называлі Лідыяй цэнтральныя раёны захаду Малой Азіі. Яна межавала з Траадай, Фрыгіяй, Лікіяй, Іёніяй, Эоліяй, Карыяй, Мізіяй. У VII — VI стагодзьдзях да н.э. лідыйскія ўладары здолелі падпарадкаваць увесь захад Малой Азіі да ракі Галіс. Палітычным і эканамічным цэнтрам Лідыі зьяўляўся горад Сарды. Жыхары Лідыі размаўлялі на лідыйскай мове, якая ўваходзіла ў анаталійскую групу індаэўрапейскай сям'і моваў. Паводле старажытнагрэцкіх аўтараў, самі лідыйцы называлі сваю краіну Мэоніяй.

У другой палове 2 тысячагодзьдзя да н.э. на захадзе Малой Азіі сфармавалася старажытная дзяржава Міра з цэнтрам на месцы Эфэсу. У пачатку XII ст. да н.э. яна была заваявана хетамі. Пасьля заняпаду хецкай дзяржавы цэнтральныя раёны захаду Малой Азіі відавочна кантраляваліся Фрыгіяй.

Непасрэдна лідыйская дзяржава паўстала толькі ў VII ст. да н.э., што было зьвязана зь дзейнасьцю валадара Гігеса. Дзякуючы хаўрусу з Асырыяй лідыйскія манархі здолелі адбіць напады кімэрыйцаў, паступова падначаліць малаазіяцкія грэцкія гарады і землі на ўсход ад Лідыі. У 585 годзе да н.э. лідыйцы спынілі наступ мідыйцаў на захад. Лідыйскія валадары даволі прыхільна ўспрымалі культуру Старажытнай Грэцыі і ў некаторых выпадках шанавалі грэцкіх багоў. Грэкі запазычылі ў лідыйцаў звычай ужываць манэты, а таксама навучыліся атрымоўваць чыстае золата.

Апошнім вядомым валадаром Старажытнай Лідыі быў Кроз. Ён славіўся сваімі багацьцямі, якія нават увайшлі ў прымаўку. У 546 г. да н.э. Кроз быў пераможаны Кірам Вялікім, а яго дзяржава ўвайшла ў склад імпэрыі Ахэмэнідаў у якасьці сатрапіі. Частка лідыйцаў была пераселена ў Мэсапатамію. У 334 г. да н.э. Лідыя ўвайшла ў склад Македоніі. У 133 г. да н.э. — у склад старажытнарымскай дзяржавы, дзе была створана асобная правінцыя Лідыя.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]