Канцэртгебаў
Канцэртгеба́ў (па-нідэрляндзку: Concertgebouw, літаральна — «збудаваньне для канцэртаў») — буйная канцэртная заля ў Амстэрдаме, Нідэрлянды. Вядомая сваёй цудоўнай акустыкай, дзякуючы якой зьяўляецца адной з трох найлепшых заляў у сьвеце для сымфанічнай музыкі (іншыя дзьве — Symphonic Hall у Бостане, ЗША і Musikvereinsaal у Вене, Аўстрыя). Ужываецца пераважна для канцэртаў клясычнай музыкі, зрэдку — таксама для джазавых і фальклёрных выступаў. Залі з назвай «канцэртгебаў» ёсьць таксама ў іншых гарадах Нідэрляндаў і Бэльгіі, напрыклад — у Харлеме (Нідэрлянды), Бруге (Бэльгія).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канцэртгебаў быў пабудаваны ў 1888 годзе на праект архітэктара Адольфа Леанарда ван Гента. Падчас узьвядзеньня будынак знаходзіўся па-за межамі места, сёньня — у цэнтры гораду, побач з Музэем Ван Гога, Дзяржаўным мастацкім музэем (Rijksmuseum) і Музэем Стэдэляйк (Stedelijkmuseum). У 1980-я й 1990-я гады будынак быў у небясьпечным стане і зазнаў рэстаўрацыю, тады ж да яго была зробленая новая прыбудова з шкла й мэталу.
У гэтым будынку ўвесь час знаходзіцца сядзіба Каралеўскага аркестру Канцэртгебаў (Koninklijk Concertgebouworkest). За ўвесь час існаваньня аркестру толькі 6 асобаў былі ягонымі галоўнымі дырыжорамі:
- Вілем Кес (1888—1895)
- Вілем Мэнгельбэрг (1895—1945)
- Эдуард ван Байнум (1945—1959)
- Бэрнард Хайтынк (1959—1985)
- Рыкарда Шайі (1985—2004)
- Марыс Янсанс (ад 2004)
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час Канцэртгебаў інтэграваны ў канцэртнае жыцьцё Нідэрляндаў і сьвету. Акрамя ўласнага аркестру тут стала адбываюцца канцэрты Нідэрляндзкага філярманічнага аркестру. Зь беларускіх музыкантаў у апошнія некалькі гадоў тут выступалі: дырыжоры Аляксандар Анісімаў і Леў Лях, піяністкі Ганна Шыбаева і Ксенія Кузьменка, флейтыстка Даша Бельцюкова, віялянчэлісты Аляксей Кісялёў і Ўладзімер Сінькевіч.
Конкурс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штогод у сакавіку ў Канцэртгебаў адбываецца нацыянальны конкурс выканаўцаў (Vriendenkrans concours). У ім могуць браць удзел ансамблі і салісты, якія йграюць на любых інструмэнтах, але не старэйшыя за 27 гадоў. Конкурс адбываецца ў 3 туры. Пераможцы, акрамя грашовай прэміі, атрымліваюць права на выступ у Канцэртгебаў у наступным пасьля конкурсу сэзоне.
Канцэртнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канцэрты адбываюцца амаль штодзённа, звычайна — некалькі разоў за дзень, у дзьвюх залях: Вялікая заля (Grote Zaal), зьмяшчальнасьць — 1974 месцаў, і Малая заля (Kleine Zaal), зьмяшчальнасьць — 438 месцаў. Найчасьцей канцэрты пачынаюцца а 20.15. Таксама выступы могуць пачынацца а 10.15, 12.30, 14.15, 16.15, 19.00. Цэны на квіткі вагаюцца ад €7,50 да €150.
Лянч-канцэрты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штосераду ў адной з заляў Канцэртгебаў адбываецца бясплатны лянч-канцэрт. Яго працягласьць заўсёды паўгадзіны, пачатак — а 12.30.
Спрынт-квіткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За 45 хвілінаў да пачатку любога канцэрту, пры наяўнасьці вольных месцаў, распачынаецца продаж спрынт-квіткоў (sprint-tickets), якія маюць права набыць асобы, маладзейшыя за 27 гадоў. У сэзоне 2007—2008 іх кошт складе €7,50.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сайт Канцэртгебаў (нід.) (анг.)