Перайсьці да зьместу

Занатоўкі пра Рагнеду

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сваты наўгародзкага князя Ўладзімера ў Рагвалода (леваруч); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсьці замуж за Ўладзімера (праваруч)

«Занатоўкі пра Рагнеду» — умоўная назва ананімнага старажытнага помніка ўсходнеславянскай літаратуры, які складаецца з трох летапісных паведамленьняў, датаваных прыкладна канцом X стагодзьдзя.

Гэты твор заклаў пачатак новаму кірунку пісьменства на Беларусі — мастацкай сьвецкай літаратуры, галоўнаю гераіняю якой зьяўлялася жанчына[1].

Помсьцячы за спалены Полацак і забітых бацькоў, Рагнеда спрабуе забіць свайго мужа Ўладзімера

Аўтограф летапісных «Занатовак» не захаваўся. Тэкст твору зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых гадоў», пасьля яны паўтараюцца ў летапісах XIVXV стст.: Лаўрэнцеўскім, Іпацьеўскім, Радзівілаўскім і інш.

Уладзімер хоча пакараць Рагнеду сьмерцю, але на абарону маці ўстае князевіч Ізяслаў

«Занатоўкі» ня маюць строгае сюжэтнае лініі і выразнага мастацка-эстэтычнага адзінства, аднак зьяўляюцца праявай сынтэзу нацыянальнае гістарыяграфіі і літаратуры, што ўласьціва для пачатковага этапу разьвіцьця пісьменства ўсходнеславянскіх народаў[2].

Першае паведамленьне пра Рагнеду зьмяшчаецца ў летапісе пад 980 г. і ўключае наступныя сэмантычныя лініі: сватаньне ноўгарадзкага князя Ўладзімера да полацкай князёўны, дыялёг Рагнеды з бацькам, князем Рагвалодам, адмову князёўны выйсьці замуж «за рабыніча», яе жаданьне стаць жонкай кіеўскага князя Яраполка, паведамленьне пра паходжаньне Рагвалода, жорсткае пакараньне Ўладзімерам князя Рагвалода і ягоных двух сыноў у знак помсты за абразу[1].

  1. ^ а б Іван Саверчанка «Занатоўкі пра Рагнеду». Нараджэнне фемінізму на Беларусі // Роднае слова. — Мн.: 2008. — № 8. — С. 3.
  2. ^ Лихачев, Д. С. Возникновение русской литературы. — Л.: 1952. — С. 14—31.