Перайсьці да зьместу

Дзікае поле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзікае поле і рускія землі Рэчы Паспалітай на мапе Беаўплана з 1648 году
Прыблізная лакалізацыя Дзікага поля на мапе сучаснай Ўкраіны

Дзікае поле, Поле — гістарычная вобласьць незаселеных тэрыторыяў Запарожжа.

Займала тэрыторыю сучаснага Цэнтральнага Чарназем’я і частку сучаснай Украіны (басэйны рэк Северскі Данец, Ворскла і інш.), а таксама землі Ніжняга Прыдоньня, Сярэдняга і Ніжняга Паволжа. Тэрыторыя Дзікага поля ахоплівала акрамя дзікага стэпу вялікую частку асвоеных зямель, якія ўваходзілі ў склад Курскага, Ялецкага і часткова Разанскага княстваў. Да канца XIV стагодзьдзя першыя 2 княствы спынілі сваё існаваньне, а іх цэнтры, як і іншыя навакольныя гарады, ператварыліся ў гарадзішчы.

Падчас падпісаньня Уніі паміж Літвой і Польшчай (1569) украінская Русь ўяўляла сабою бязьлюдны стэп. Былі гэта землі, якія патрабавалася засяліць і пачаць весьці на іх гаспадарку. Старасты каралеўскіх замкаў — Кіева, Белай Царквы, Канева, Чаркас і іншых, прымалі валацугаў рознага паходжаньня, а таксама сялянаў і шляхту, і асаджвалі іх у стэпах, а таксама ўжывалі пры змаганьні з татарскімі наездамі.

Асаднікі часта гінулі пры шматлікіх нападах і паходах ворагаў. Аднак сюды ўвесь час беглі сяляне, што ўцякалі з Маскоўскага княства ад паншчыны, злачынцы і іншыя шукальнікі прыгод. Галоўным повадам, дзеля чаго сюды беглі — была поўная адсутнасьць улады і кантролю.

У XIV—XVI стагодзьдзях тэрыторыя Дзікага поля ўмоўна падзелена паміж ВКЛ (потым Рэччу Паспалітай) і Расейскай дзяржавай. Але гэты падзел не прызнаваўся нашчадкамі Залатой Арды (Вялікай Ардой, Крымскім ханствам), а Дзікае поле выкарыстоўвалася імі эпізадычна як качэўі (напрыклад, у 1490, 1491, 1501 гг.). Рэальнай улады над тэрыторыяй Дзікага поля ня мелі ні маскоўскі, ні літоўскі бок. Паводле дамовы 1503 году вялікая частка Дзікага поля намінальна трапіла ў склад Расейскай дзяржавы. Паступова яго памеры скарачаліся. Калі ў 1-й палове XVI ст. Дзікае поле пачыналася адразу за Тулай, то ў сярэдзіне таго ж стагодзьдзя яно адсунулася да адноўленых гарадоў: Арла, Данкава, Шацку і інш. 3 1571 г. «на Полі» пачала няспынна дзейнічаць агульнадзяржаўная расейская вартавая служба, арганізатарам якой быў баярын М. І. Варатынскі. Неўзабаве полем сталі называць тэрыторыю, на якой стаяла расейская ахова і дзейнічалі разьезды. Да канца XVI ст. былі пабудаваны ці адноўлены шэраг гарадоў (Варонеж, Ліўны, Курск, Белгарад, Ялец і інш.), а сама тэрыторыю Дзікага поля стала часткай расейскіх зямель. У нізоўях Дону пачало канцэнтравацца аўтаномнае данское казацтва. Такім чынам, напрыканцы XVI ст. тэрмін «Поле» страціў першапачатковы сэнс, але працягваў ужывацца для абазначэньня пэўнага геаграфічнага рэгіёну.

У рамане Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом» шмат падзеяў адбываецца на Дзікім полі.

  • Цемушаў В. Дзікае поле // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Заговорский, В.П. История вхождения Центрального Черноземья в состав Российского государства в XVI веке / В.П.Загоровский. — Воронеж: Издательство Воронежского университета, 1991. — 269, [1] с.
  • Władysław A. Serczyk: Na dalekiej Ukrainie: dzieje Kozaczyzny do 1648 roku, Wydawnictwo Literackie, Kraków 1984, ISBN 83-08-01214-0.