Перайсьці да зьместу

Герніка (карціна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герніка
Мастак Паблё Пікаса
Год 1937
Тып алей
Памеры 349,3 см × 776,6 см
Месцазнаходжаньне Цэнтар мастацтваў каралевы СафііМадрыд

Герні́ка (па-гішпанску: Guernica) — вялікая карціна 1937 году гішпанскага мастака Паблё Пікаса[1][2]. Гэта адзін зь ягоных самых вядомых зробленых алеем твораў. Многія мастацкія крытыкі разглядаюць гэтую працу як найбольш кранальнай і магутнай антываеннай карцінай у гісторыі[3]. Выстаўляецца ў Цэнтры мастацтваў каралевы Сафіі ў Мадрыдзе[4]. Карціна зробленая ў шэрым, чорным і белым колерах на палатне ў 3,49 мэтраў вышынёю і 7,76 мэтраў даўжынёю. Яна адлюстроўвае пакуты, гвалт і хаос, якія зьведалі жыхары мястэчка Гернікі за час бамбаваньня. У кампазіцыі прыкметна прадстаўлены конь, бык, крыклівыя жанчыны, мёртвае дзіця, занігулы жаўнер і полымя.

Пікаса намаляваў «Герніку» ў сваім доме ў Парыжы ў адказ на бамбаваньне Гернікі 26 красавіка 1937 году. Гэтае мястэчка ў краіне Баскаў на поўначы Гішпаніі было бамбаванае нацысцкай Нямеччынай і фашыстоўскай Італіяй на просьбу гішпанскіх нацыяналістаў. Пасьля завяршэньня «Герніка» была выстаўленая ў гішпанскім павільёне на Сусьветнай выставе 1937 году ў Парыжы, а потым яшчэ ладзіліся ейныя экспазыцыі ў іншых местах сьвету. Грошы, якія былі атрыманыя ад экспазацыі карціны ў розных кутках Зямлі, былі накіраваныя на гішпанскую вайсковую дапамогу[5]. Неўзабаве карціна стала шырока вядомай, што дапамагло прыцягнуць увагу ва ўсім сьвеце да грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, якая цягнулася з 1936 па 1939 гады.

Гістарычны кантэкст

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бамбаваньне 26 кастрычніка 1937 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Руіны Гернікі.

За часам грамадзянскай вайны ў Гішпаніі рэспубліканскія сілы, якія складаліся з камуністаў, сацыялістаў, анархістаў ды прадстаўнікоў іншых плыняў, супрацьстаялі нацыяналістам, ачоленымі генэралам Франсіска Франкам. Нацыяналісты ўспрымалі ціхае мястэчка Герніку як паўночны бастыён Руху рэспубліканскага супраціву і цэнтар басконскай культуры.

У панядзелак 26 красавіка 1937 году вайсковыя самалёты нацысцкага легіёну «Кондар», якім кіраваў палкоўнік Вольфрам фон Рыхтгофэн, бамбаваў Герніку каля дзьвюх гадзінаў[6]. Як адзначыў Рыхтгофэн у сваім дзёньніку 30 красавіка 1937 году, эскадрыльля зрабіла налёт на горад і паўсюль быў дым, таму бомбы скідвалі менавіта ў самы цэнтар места, зьнішчыўшы яго ўшчэнт. У панядзелак у Герніцы быў рынкавы дзень, таму шмат жыхароў накіраваліся ў цэнтар. Калі пачалося бамбаваньне, дарогі былі заваленыя руінамі дамоў, а масты зьнішчаныя, таму людзі не маглі ўцячы.

Герніка была за 10 кілямэтраў ад фронту, знаходзячыся паміж ім і Більбао. Рэспубліканцы плянавалі адступленьне ў бок Більбао, таму шлях эвакуацыі мусіў прайсьці праз Герніку[7]. Рыхтгофэн адзначаў, што бамбаваньне было накіраванае на спыненьне арганізаванага вываду рэспубліканскіх сілаў у бок Більбао. Найбліжэйшай фактычнай вайсковай мэтай была фабрыка на ўскрайку места, але напад не зачапіў гэты прамысловы аб’ект. У сувязі з гэтым бамбаваньне лічыцца актам застрашэньня[8][9].

Большасьць мужчынаў Гернікі змагаліся на баку рэспубліканцаў і былі на фронце, таму на момант бамбаваньня горад быў запоўнены пераважна жанчынамі і дзецьмі[10], як гэта адлюстравана на карціне Пікаса. Жанчыны і дзеці робяць «Герніку» вобразам нявіннасьці і безабароннасьці чалавецтва. Пікаса ўспрымаў жанчынаў і дзяцей як дасканаласьць чалавецтва. Таму, на думку Пікаса, гэты напад быў скіраваны на ўсё чалавецтва. За час акупацыі Францыі ўжо ў Другую сусьветную вайну Пікаса жыў у Парыжы. Адна з гісторыяў апавядае, што калі нямецкі афіцэр пабачыў фатаздымак «Гернікі» ў кватэры Пікаса і запытаў: «Гэта вы зрабілі?», дык Пікаса на гэта адказаў: «Не, гэта зрабілі вы»[11].

Пікаса пры стварэньні твору ўжыў матавую фарбу, бо імкнуўся да таго, каб карціна мела як найменш бляску[1]. Амэрыканскі мастак Джон Фэрэн дапамог падрыхтаваць вялікае манумэнтальнае палатно[12], а фатографка Доры Маар, якая супрацоўнічала зь Пікаса зь сярэдзіны 1936 году, фатаграфаваўшы ягоную студыю і навучыўшы мастака тэхніцы фатаграмы, зафіксавала стварэньне твору. Акрамя сваёй дакумэнтальнай каштоўнасьці фатаздымкі Маар дапамаглі Пікаса адмовіцца ад выкарыстаньня колераў у творы і надаць яму чорна-белую непасрэднасьць фатаграфіі. Пра гэта згадвае гісторык мастацтва Джон Рычардсан[1].

Пікаса, які толькі зрэдку дазваляў незнаёмым людзям назіраць за тым, як ён працуе, у гэты раз вітаў уплывовых наведвальнікаў, якія назіралі за ягонай працай над «Гернікай». Мастак лічыў, што гэта дапаможа яму ў антыфашысцкай справе[1]. Пікаса падчас працы адзначаў, што Гішпанія занятая барацьбой з рэакцыяй, якая накіраваная супраць людзей і свабоды. Ён дадаваў, што ў сваіх творах мастацтва ён выразна выказваў сваю агіду да вайсковай касты, якая патапіла краіну ў акіяне болю і сьмерці[13]. Пікаса працаваў над карцінай 35 дзён і скончыў яе 4 чэрвеня 1937 году[1].

  1. ^ а б в г д Richardson, John (2016). «A Different Guernica». The New York Review of Books, 63 (8): 4—6.
  2. ^ Picasso, Pablo. «Guernica». Museo Reina Sofía.
  3. ^ «Pablo Picasso». Biography.
  4. ^ Forrest Brown. «10 most famous paintings in the world». CNN.
  5. ^ Cohen, David. (2003). «Hidden Treasures: What’s So Controversial About Picasso’s Guernica?». Slate.
  6. ^ Ray, Beverly. (2006) «Analyzing Political Art to Get at Historical Fact: Guernica and the Spanish Civil War». The Social Studies 97 (2006): 168—171.
  7. ^ Beevor, Antony (2006). «The Battle for Spain: The Spanish Civil War 1936—1939». London: Weidenfeld & Nicolson. — С. 231. — ISBN 978-0-297-84832-5.
  8. ^ Saul, Toby (8.05.2018). «The horrible inspiration behind one of Picasso’s great works». National Geographic.
  9. ^ Overy, Richard (2013). «The Bombing War: Europe, 1939—1945». Penguin UK. — С. ix. — ISBN 0141927828.
  10. ^ Preston, Paul (2007). «George Steer and Guernica». History Today 57 (2007): 12—19.
  11. ^ Lubbock, Tom (8.01.2005). «Review: Guernica by Gijs van Hensbergen». The Guardian.
  12. ^ «John Ferren biography». Guggenheim.
  13. ^ Tóibín, Colm (2006). «The art of war». The Guardian.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]