Васіль Ігнаценка
Васіль Ігнаценка | ||||
13 сакавіка 1961 — 13 траўня 1986 (25 гадоў) | ||||
Месца нараджэньня | в. Спярыжжа, Брагінскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР | |||
---|---|---|---|---|
Месца сьмерці | Масква, РСФСР | |||
Прыналежнасьць | СССР | |||
Званьне | старэйшы сяржант | |||
Узнагароды | | |||
Васіль Іванавіч Ігнаценка (па-ўкраінску: Василь Іванович Ігнатенко; 13 сакавіка 1961 в. Сьпярыжжа, Брагінскі раён, Гомельская вобласьць — 13 траўня 1986, Масква) — ліквідатар катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, камандзір аддзяленьня 6-й самастойнай ваенізаванай пажарнай часткі па ахове гораду Прыпяць, Герой Украіны.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 13 сакавіка 1961 году ў вёсцы Сьпярыжжа Брагінскага раёну Беларусі. Бацькі — Іван Тарасавіч Ігнаценка і Тацьцяна Пятроўна Ігнаценка [1].
Пасьля заканчэньня Гомельскага вучылішча электратэхнікі працаваў па спэцыяльнасьці ў Бабруйску. На службу ў армію трапіў у адну з пажарных частак Масквы, дзе захапіўся пажарнай справай. Пасьля службы працаваў у спэцыялізаванай ваенізаванай пажарнай часцы № 6 г. Прыпяць. Старэйшы сяржант унутранай службы, майстар спорту СССР.
Васіль Ігнаценка прымаў непасрэдны ўдзел у тушэньні пажару на Чарнобыльскай АЭС уначы з 25 на 26 красавіка 1986 году. Ён быў у ліку першых пажарных, якія прыбылі на тушэньне пажару на чацьвёртым энэргаблёку ЧАЭС, у выніку атрымаў сьмяротную дозу радыяактыўнага апраменьваньня. Перавезены на лячэньне ў Маскву ў шостую клініку інстытуту біяфізыкі.
Памёр 13 траўня 1986 году. Пахаваны ў Маскве на Міцінскіх могілках.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 25 жніўня 2007 году ў г. Бярэзань усталяваная і асьвечаная памятная шыльда ў гонар герою Чарнобылю — Васіля Ігнаценкі[2]
- манумэнт на цэнтральнай плошчы Брагіна
- імем Васіля Ігнаценкі названыя вуліцы ў Брагіне, Бярэзані і Менску
- бюст у вёсцы Буда-Люшава Буда-Кашалёўскага раёну
- экспазыцыя ў Брагінскім гістарычным музэі (верасень 2008 году)
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ордэн Чырвонага Сьцягу (пасьмяротна) — узнагароджаны Ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 24 сьнежня 1986 году «За мужныя і самаадданыя дзеяньні, праяўленыя пры ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і ліквідацыі яе наступстваў» [3]
- Адзнака Прэзыдэнта Ўкраіны — крыж «За мужнасьць» (пасьмяротна) — узнагароджаны Ўказам Прэзыдэнта Ўкраіны ад 8 траўня 1996 году «За асабістую мужнасьць і адвагу, праяўленыя пры ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» [4]
- Герой Украіны (пасьмяротна, з уручэньнем ордэну Залатая Зорка) — узнагароджаны Ўказам Прэзыдэнта Ўкраіны ад 21 красавіка 2006 году «За гераічны подзьвіг у імя жыцьця цяперашніх і будучых пакаленьняў, асабістую мужнасьць і самаахвяраваньне, праяўленыя пры ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» [5]