Будслаўская беларуская гімназія
Бу́дслаўская белару́ская гімна́зія — колішняя навучальная ўстанова ў мястэчку Будславе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З сакавіка 1917 году ў Будславе дзейнічала беларуская школа. У кастрычніку 1917 году ў Будславе на валасным сходзе было вырашана адчыніць беларускую гімназію. Галоўны арганізатар гімназіі — Эдвард Будзька, адзін з арганізатараў і першы дырэктар — Язэп Васілевіч.
Гімназія пачала працу ў канцы 1917 — пачатку 1918 г. Вучэбны корпус гімназіі разьмяшчаўся ў маёнтку пана Аскеркі. Заняткі праводзіліся ў 2-х падрыхтоўчых і 4-х поўных клясах (1-я ступень гімназіі), у якіх ад пачатку навучалася больш за 300 вучняў. Навучаньне вялося па наступных прадметах: сьпевы, маляваньне, рамёствы і сельскагаспадарчыя навукі, апроч гэтага выкладаў пчаляр-садавод і сьвятары — каталіцкі, праваслаўны і рабін. Гімназія існавала на сродкі заснавальнікаў. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці БНР апекуном гімназіі стаў Народны сакратарыят БНР, пачалі прыходзіць падручнікі зь Вільні і Горадні, дзе былі друкарні па іх выпуску.
Падчас нямецкай акупацыі дзейнасьць гімназіі не перапынялася, немцы адно патрабавалі выкладаньня нямецкай мовы і адсутнасьці сярод супрацоўнікаў гімназіі бальшавікоў. Некаторыя заснавальнікі гімназіі былі часова арыштаваныя з-за нагавору пана Аскеркі, быццам яны бальшавікі і бунтуюць насельніцтва. Канфлікт з Аскеркам пачаўся з-за будынку, дзе месьцілася гімназія. Пан патрабаваў вярнуць страчаную падчас рэвалюцыі ўласнасьць. Народны сакратарыят БНР быў вымушаны 2 кастрычніка 1918 году зьвярнуцца ў штаб 10-й германскай арміі з хадайніцтвам па адтэрміноўку да вясны 1919, каб гімназія не была выселеная ў адміністрацыйным парадку. Да вясны 1919 г. кіраўніцтва гімназіі разьлічвала пабудаваць уласнае памяшканьне, на што было атрымана ад Народнага Сакратарыяту БНР асігнаваньне больш за 60 тыс. марак і асобую Грамату. Гімназія будавалася паводле праекту беларускага архітэктара Лявона Дубейкаўскага.
Пры гімназіі дзейнічаў культурна-асьветніцкі гурток «Вяночак», зь яго дапамогаю ў мястэчку былі заснаваны клюб і бібліятэка, дзейнічаў тэатар, хор і струнны аркестар.
З прыходам Чырвонай арміі і з утварэньнем Літоўска-Беларускай ССР праводзіліся мерапрыемствы па стварэньні агульнаадукацыйных школ 1-й і 2-й ступеняў, але Будслаўская беларуская гімназія працягвала дзейнічаць. У ёй навучаліся каля 400 вучняў.
Падчас савецка-польскае вайны, летам 1919 г. Будслаў быў заняты палякамі, увосень Будслаўская беларуская гімназія была зачыненая польскімі ўладамі. Пратэсты жыхароў воласьці і беларускіх палітычных арганізацыяў былі пакінутыя без увагі. У 1920 годзе Будслаў зноў на кароткі час быў заняты Чырвонай арміяй, неўзабаве сюды вярнуўся былы дырэктар гімназіі Я. І. Васілевіч, які яшчэ ў чэрвені 1920 г. быў прызначаны загадчыкам інфармацыйнага аддзелу ўпраўленьня рэўкомаў Заходняга фронту. У жніўні-кастрычніку 1920 г. Я. І. Васілевіч займаў пасаду дырэктара школы ў Будславе. Аднак у тым жа 1920 г. Будслаў зноў занялі палякі, інспэктар зь Вільні прапанаваў бацькам пасылаць дзяцей у польскую школу.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Будслаўская беларуская гімназія (1917—1919). Дакументы і матэрыялы // Наша слова. — 2000, 6 сьнежня.
- Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. — Таронта: 1993. — 797 с.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. — Мн.: 1998. — С. 135—136.
- Праўрацкі В. І ў Будславе закрылі гімназію // Нарачанская зара. — 1999, 17 верасьня.
- Праўрацкі В. Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на Мядзельшчыне ў першай чвэрці ХХ ст. // Нашы карані: Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. — № 5. — Паставы: 2003. — С. 25-29.