Байка
Ба́йка — невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару. Жыцьцё чалавека адлюстроўвае ў вобразах жывёлаў, расьлінаў, рэчаў або зводзіць да ўмоўных адносінаў. Іншасказальнасьць байкі заўсёды шматзначная. Гэтым яна адрозьніваецца ад прытчы, у якой увасобленая адна нейкая ідэя. Часта байка мае дыялягічную форму, што надае дзеяньню драматычную напружанасьць, дапамагае моўнай індывідуалізацыі пэрсанажаў. Шырока карыстаецца вольным (баечным) вершам. Генэтычна зьвязаная з народным расьлінным і жывёльным эпасам, прытчай.
Гісторыя байкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гісторыі сусьветнай байкі вядомы старажытнагрэцкі байкапісец Эзоп (VI—V стст. да н. э.), старажытнарымскі Федр (I ст. н. э.). У францускай літаратуры жанр байкі распрацоўваў Ляфантэн, у расейскай — Іван Крылоў, ва ўкраінскай — Рыгор Скаварада.
Беларускія байкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя беларускія байкі Францішка Багушэвіча («Воўк і авечка», «Сьвіньня і жалуды»), Альгерда Абуховіча («Ваўкалак», «Старшына») часта былі прамым або апасродкаваным насьледаваньнем І. Крылову. Насьледаваньне асабліва выразна выяўляецца ў творчасьці Марыі Косіч, якая выдала цэлую кніжку («Пералажэньне некаторых баек Крылова на беларускую гаворку». Чарнігаў, 1903). У творчасьці Янкі Купалы («Ігнат і п’яўкі», «Мікіта і валы», «Асёл і яго цень» і інш.), Якуба Коласа («Пастух і авечкі», «Пан і рэчка», «Конь і сабака» і інш.), Максіма Багдановіча («Варона і чыж») і некаторых іншых беларускіх пісьменьнікаў байка яшчэ да рэвалюцыі наблізілася да сацыяльных і нацыянальных патрэбаў народа, выразна акрэсьлілася ў жанравых адносінах. На новую вышыню байку ўзьняў Кандрат Крапіва, творам якога характэрнае высокае грамадзянскае гучаньне і мастацкая дасканаласьць («Сава, Асёл ды Сонца», «Жаба ў каляіне», «Дыплямаваны баран» «Махальнік Іваноў» і інш.). Байкі К. Крапівы — гэта значнае дасягненьне ўсёй беларускай літаратуры. Зь беларускіх байкапісцаў пасьляваеннага часу вылучаюцца У. Корбан, Э. Валасевіч, М. Скрыпка. Найбольш пашыраныя байкі на маральна-этычныя і палітычныя тэмы. У байцы закранаюцца пытаньні літаратуры, мастацтва, рэлігіі, права і інш. З боку мастацкай структуры сустракаюцца баляды ў форме казкі, пародыі, алегорыі, фэльетона, анэкдоту, маналёгу, дыялёгу й інш. Узоры беларускай байкі ў зборніку «Беларуская байка» (1986), «Анталёгіі беларускай байкі» (2001).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4