Перайсьці да зьместу

Антычнае (мэтрычнае) вершаваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Анты́чнае (мэтры́чнае) вершава́ньне — сыстэма вершаваньня, заснаваная на раўнамерным чаргаваньні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках.

Гісторыя антычнага вершаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікла антычнае вершаваньне ў VIII ст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі, у III ст. да н. э. перайшло ў Рым, шырокае разьвіцьцё атрымала ў антычнай літаратуры (адсюль і назва — антычнае). Гэта сыстэма магла і можа ўжывацца толькі ў мовах, у якіх галосныя адрозьніваюцца па працягласьці гучаньня. Да такіх моваў, апрача старажытнагрэцкай і раньняй латыні, адносяцца арабская, пэрсыдзкая, славацкая і большасьць індыйскіх моваў. Антычны верш узьнік і разьвіваўся ў еднасьці з мэлёдыяй; антычны паэт выступаў і як складальнік вершаў, і як сьпявак, іх музычны інтэрпрэтатар. Асноўнай рытмічнай адзінкай верша зьяўлялася стапа, у якой у належнай пасьлядоўнасьці ядналіся доўгія і кароткія склады. Адзінка часу, неабходная для вымаўленьня аднаго кароткага склада, называлася морай. У доўгім складзе былі дзьве моры. Раўнамернае чаргаваньне пэўных стопаў стварала выразны мэтрычны малюнак, або мэтар; паўтарэньне той ці іншай колькасьці стопаў, аднолькавых па працягласьці гучаньня, утварала вершаваны памер. Часам у вершаваных радках чаргаваліся ў строгай пасьлядоўнасьці розныя па характары стопы. Такія вершы называліся лягаэдамі. У антычным вершаваньні было 28 розных стопаў і дзясяткі памераў.

Найбольш пашыранымі вершаванымі памерамі антычнага верша былі гекзамэтар і пэнтамэтар. Антычныя аўтары ня ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі чаргаваньне аднатыпных кляўзулаў у радках. Дзякуючы кляўзулам, а таксама вершаваным памерам асобныя радкі ядналіся ў строфы. Антычная паэзія выпрацавала свае віды строфаў. Надзвычай багатае, тэарэтычна распрацаванае антычнае вершаваньне аказала велізарны ўплыў на ўсю эўрапейскую паэзію.