Антыква
Анты́ква — вельмі шырокае паняцьце, якое азначае форму пісьма, абапертую на лацінскі альфабэт, якая на сёньняшні дзень дамінуе сярод друкарскіх шрыфтаў. Практычна ўсе сучасныя кнігі, часопісы і іншыя тыповыя месцы прымяненьня друкарскага шрыфту на нацыянальных мовах, якія выкарыстоўваюць альфабэты, што паходзяць з лаціны (заходнеславянскія, раманскія, англасаксонскія, нардычныя, фіна-вугорскія і да т. п.), друкуюцца нейкім відам антыквы. Неантыкваваныя шрыфты ў лацінскіх шрыфтах сёньня ўжываюцца толькі ў асаблівых сытуацыях, як прыгожае пісьмо (напрыклад, у тытулярыях, літарным аздабленьні, рэклямнай графіцы і г. д., але таксама здараюцца, напрыклад, пры друкаваньні паэзіі).
Гісторыя антыквы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антыква зарадзілася ў 2-й палове XV стагодзьдзя, калі на мысьлярнай хвалі эпохі Рэнэсансу ў Італіі быў распрацаваны новы спосаб ручнога пісаньня, які значна адрозьніваўся ад дамінуючага ў той час, але ня вельмі чытэльнага гатычнага пісьма. Маюскулы (вялікія літары) антыквы абапіраліся на рымскую капіталу — манумэнтальнае пісьмо старажытнага Рыму, а мінускулы (малыя літары) — на раньнесярэднявечную каралінгскую мінускулу — кодэксавае пісьмо эпохі Карла Вялікага. Спачатку ў дачыненьні да антыкваў, альбо формаў, што грунтаваліся на пісьме ранейшых эпохаў, ужывалася акрэсьленьне littera antiqua, у параўнаньні з распаўсюджаным у той час гатычным пісьмом, якое называлася littera moderna. Сёньня ж менавіта гатычнае пісьмо падаецца архаічным, у той час як формы першых антыкваў да сёньня пратрымаліся ў практычна нязьменным выглядзе і па-ранейшаму ахвотна ўжываюцца. Аднак з часам збор формаў, якія акрэсьліваліся як антыквы, быў значна пашыраны ў візуальным сэнсе за кошт тых пазыцыяў, якія зусім не падобныя на першыя антыквы. Сёньня да антыкваў залічаюць як шрыфты з засечкамі (сэрыфамі), так і без сэрыфаў, і разам з тым у абодвух выпадках яны могуць быць формамі адна- або двухэлемэнтнымі.
Антыкву прыдумалі практычна ў тыя самыя часы, калі адбылося распаўсюджаньне друку ў Эўропе, і хоць ксыляграфічныя друкі (з друкарскай формы, выразанай у дрэве) і першыя друкі, выкладзеныя рухомым шрыфтам (разам з Бібліяй Гутэнбэрга) друкаваліся гатычным шрыфтам, аднак першыя антыквавыя друкарскія шрыфты таксама зьявіліся ў той час, а з часам, і даволі хутка, яны выцесьнілі гатычныя на большай частцы Эўропы і ў большасьці выпадкаў ужываньня. У раманскіх краінах антыква панавала ўжо ў XVI стагодзьдзі, у Рэчы Паспалітай пасьпяхова выцесьніла гатычнае пісьмо толькі ў XVII стагодзьдзі (хоць першая антыква на яе тэрыторыі была ўжытая ўжо ў 1517 годзе кракаўскім друкаром Флярыянам Унглерам). Найдаўжэй, ажно да ІІ сусьветнай вайны, паралельнае ўжываньне антыквы і гатычных шрыфтаў захоўвалася на нямецкамоўным культурным абшары.
Храналёгія антыквавых шрыфтаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- рэнэсансавая антыква (сярэднявечная) — двухэлемэнтная, сэрыфная, зь невялікім кантрастам паміж верхнімі і ніжнімі лініямі
- баракальная антыква — двухэлемэнтная, сэрыфная, з павялічаным кантрастам у параўнаньні з рэнэсансавай антыквай, затое зь менш скошанымі засечкамі
- клясыцысцкая антыква — двухэлемэнтная, сэрыфная, з большым кантрастам у параўнаньні з баракальнай антыквай, прамымі засечкамі, у якой падкрэсьліваюцца ніжнія і верхнія лініі
- эгіпецкая (1-я палова XIX стагодзьдзя) — аднаэлемэнтная сэрыфная антыква
- гратэск (1-я палова XIX ст.) — аднаэлемэнтная безсэрыфная антыква
- мадэрновая антыква
Клясыфікацыя антыквавых шрыфтаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адной з найбольш папулярных у Эўропе клясыфікацыяў шрыфтаў — нямецкай клясыфікацыі DIN, сярод адзінаццаці асноўных клясаў сем былі прысьвечаныя ўласна антыквам (з апорай на храналягічны прынцып).
Іншае значэньне антыквы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У прастамоўі, у іншым значэньні, антыквамі называюцца таксама наагул усе шрыфты ў простых формах пісьма, у адрозьненьне ад пахіленых шрыфтоў, або курсіваў.