Алена Лебенбаўм
Алена Верабей | |
па-расейску: Елена Воробей | |
Імя пры нараджэньні | Алена Якаўлеўна Лебенбаўм |
---|---|
Дата нараджэньня | 5 чэрвеня 1967 (57 гадоў) |
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | актрыса, сьпявачка |
Гады дзейнасьці | 1990— |
Псэўданімы | Елена Воробей |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0495596 |
Сайт | vorobei.ru |
Подпіс | |
Алена Якаўлеўна Лебенбаўм, псэўд. Верабей (па-расейску: Елена Яковлевна Лебенбаум, псевд. Воробей; нар. 5 чэрвеня 1967, Берасьце) — эстрадная акторка парадыйнага жанру і кіно, сьпявачка. Жыве і працуе ў Расеі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям’і беларускіх габрэяў Якава і Ніны Лебенбаўмаў у Берасьці. Ганарылася сваім прозьвішчам і любіла падкрэсьліваць яго значэньне: дрэва жыцьця. Вучылася ў сярэдняй школе № 20 г. Берасьця, а затым у музычнай вучэльні (цяпер — Берасьцейскі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы). Здольнасьці да пародыяў выявіліся ў яе яшчэ ў школе. Школьныя настаўнікі сталі першымі пэрсанажамі для яе пародыяў. Разам з тым любіла сьпяваць і марыла стаць эстраднай сьпявачкай. Але бацькі рыхтавалі яе на настаўніка музыкі.[1]
У 1988 з трэцяй спробы паступіла ў Ленінградзкі тэатральны інстытут (сёньня — Санкт-Пецярбурская дзяржаўная акадэмія тэатральнага мастацтва). Паводле яе словаў, каб езьдзіць у Ленінград на ўступныя іспыты, тры гады запар ёй давялося мыць пад’езды, разгружаць хлеб, дапамагаць прадаўцам ў хлебным аддзеле. Цікава, што пры паступленьні прыёмная камісія адзначыла, што сьпяваць Алена Лебенбаўм ня ўмее і ня здольная гэтаму навучыцца.[2] У Ленінградзкім тэатральным інстытуце, які скончыла ў 1993 годзе, яна праходзіла навучаньне па клясе артыст тэатру, эстрады і кіно Ісака Штокбанта. Артыстка прызнаецца, што падчас навучаньня цяжэй за ўсё ёй было пазбавіцца свайго беларускага акцэнту, каб пачаць правільна размаўляць па-расейску. А лягчэй за ўсё ёй даваўся вакал. Пэдагогу па вакале Алене Шмыдлеўскай, якая вучыла ня толькі класычнай манэры сьпеваў, але і эстраднай, і джазавай, і якая пасьля ўгавораў пагадзілася ўзяць Алену Лебенбаўм у сваю клясу, яна паабяцала стаць лепшай вучаніцай. І сапраўды стала ёю.[3]
Творчы шлях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З студэнцкіх гадоў пачала працаваць у Ленінградзкім тэатры музычнай пародыі «Буфф» разам з такімі вядомымі сёньня парадыстамі як Юры Гальцаў, Генадзь Ветраў. Там у яе была магчымасьць іграць у драматычных спэктаклях, сьпяваць, і рабіць пародыі. Знайсьці свой жанр для яе тады аказалася няпроста — хацела стаць і сьпявачкай, і парадыстам, і акторкай.
У 1991 выступіла на конкурсе акторскай песьні імя Андрэя Міронава з музычнай пародыяй. Сваім вобразам і вакальным нумарам яна шакавала журы, якое не ацаніла яе выступ, але пры гэтым у гледачоў яна выклікала вялікае захапленьне і была адзначана прызам глядацкіх сымпатыяў.[2] У 1993 Алена выдатна прадэманстравала свае вакальныя і акторскія здольнасьці на Ўсерасейскім конкурсе «Ялта-Масква-Транзыт». Тады яна зьявілася перад гледачамі ў вобразе няўклюднай школьніцы ў акулярах з касічкамі і бутэрбродам у руцэ. Меркаваньні прафэсійнага журы і гледачоў гэтым разам супалі і Алена Верабей атрымала на конкурсе Гран-пры, адмысловы прыз 1-га тэлеканалу — паездку ў Сан-Рэма ды прыз глядацкіх сымпатыяў.
Аднак пасьля гэтага выдатнага посьпеху ў Ялце Алена Верабей эстраднай сьпявачкай ня стала — для гэтага патрэбныя былі вялікія грошы, якіх яна ня мела. Ты ня менш, яна працягвала пісаць песьні, агучвала шматлікія рэклямныя ролікі. Вялікую ролю ў яе далейшай акторскай кар’еры адыграла знакамітая сьпявачка Ала Пугачова, якая ў 1998 годзе запрасіла яе прыняць удзел у здымках «Калядных сустрэчаў» («Рождественских встреч»).
Пазьней ёй зацікавўся парадыст Уладзімер Вінакур, які шукаў актрысу для свайго тэатру, аднак працаваць у яго тэатры ёй не давялося: пасьля адзінага выступу ў канцэртнай праграме «Левчик и Вовчик. 30 лет спустя», дзе Верабей разам з Гальцавым і Ветравым выканалі парадыйны нумар, да яе падышоў прэзыдэнт культурнага фонду «АРТЭС» А. Достман і прапанаваў падпісаньне выгаднага кантракту. Праз пэўны час Алена Верабей цалкам перайшла на эстраду ў парадыйны жанр і пачала браць удзел у праграме «Аншлаг». Пачаліся і сольныя канцэрты перад вялікай аўдыторыяй у розных гарадах і краінах. За некалькі гадоў Алена Верабей пасьпела аб’езьдзіць з гастролямі паўсьвету. Здымаецца ў кіно.
Творчы псэўданім Алены Лебенбаўм мае наступнае тлумачэньне: з аднаго боку, слова «верабей» выдатна адлюстроўвае няўрымсьлівы тэмпэрамэнт артысткі, а яшчэ Алена зь дзяцінства любіць сьпявачку Эдыт Піаф, прозьвішча якой з францускай мовы перакладаецца як «верабей».
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня Алена Верабей жыве ў Маскве на Вараб’ёвых гарах, выхоўвае дачку Сонечку, якая нарадзілася ў 2003 годзе насуперак дыягназу дактароў, якія ставілі ёй дыягназ «бясплоднасьць». Раней рэгулярна наведвалася ў Берасьце, дзе ў сям’і бацькоў выхоўвалася яе дачка Сонечка. Заўчасна спачылы дзядзька Алены Лебенбаўм (родны брат бацькі) — Яфім Лебенбаўм — быў сябрам Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БНФ «Адраджэньне», выступаў за незалежнасьць Беларусі, яе дэмакратызацыю, прыхільна ставіўся да беларушчыны і, будучы прыватным прадпрымальнікам, нават матэрыяльна рэгулярна падтрымліваў утрыманьне сядзібы БНФ у Берасьці. Наогул для ўсіх Лебенбаўмаў, любоў да Берасьця і сваёй краіны былі зусім не чужыя.[4]
З 2010 году бацькі Алены Верабей (Лебенбаўм) Якаў і Ніна ды сям’я малодшай сястры Натальлі жывуць разам зь ёй у Маскве.
Ролі ў кіно
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2011 «Новые приключения Аладдина» — мама Аладзіна
- 2010 «Морозко»(мюзыкл) — Марфушэнька (галоўная роля)
- 2009 «Золотой ключик» — ліса Аліса
- 2008 «Золотая рыбка» — Залатая Рыбка
- 2007 «Первый дома» — сэржант міліцыі/Паша Строганава
- 2007 «Королевство кривых зеркал»
- 2006 «Бедная крошка» — Кікімара
- 2006 «1-й Скорый» — бяздарная акторка (пародыя на «кікімару» кінарэжысэра Якіна з к/ф «Иван Васильевич меняет профессию»)
- 2005 «Это все цветочки» — Інга
- 2005 «Бриллианты для Джульетты» — Жанна сьпявачка
- 2005 «12 стульев» (Украіна) — Фіма Собак, сяброўка Элачкі-людажэркі
- 2004—2005 «Осторожно, Задов!»
- 2004 «Операция „Эники-Беники“»
- 2004 «Афромосквич» — настаўніца Жэні
- 2003 «Женский роман» — эпізод
- 2001 «Вуліцы разьбітых ліхтароў»-3 (па-расейску: Улицы разбитых фонарей)— Ларыса, разьвядзёная багачка
- 2001 «Домовой» (16-я сэрыя)
- 2001 «Старые песни о главном. Постскриптум» (тэлепраект)
- 1998 «Тело будет предано земле, а старший мичман будет петь» — эпізод
- 1993 «Страсти по Анжелике» (Украіна, Расея) — сяброўка
- 1990 «Бакенбарды» | Sudeberns — удзельніца «Капэлы»
Тэатральная праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Чего хотят мужчины?» (рэжысэр Вольга Швэдава)
- 2012 «Ты мой Бог» — роля сабачкі-дварнягі па мянушцы Сыльвія
Сцэнарыст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2007 «Школа № 1»
Агучваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2006 «Элька» (анімацыйны)
Вакал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2001 «Улицы разбитых фонарей-3» — вакал
Выконвае песьню «Домовой» (музыка Андрэя Іванова, словы Дзьмітрыя Рубіна)
- 2001 «Домовой» (16-я сэрыя)
Песьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Арлекино»
- «Белый снег»
- «Домовой» (з сэрыялу «Улицы разбитых фонарей»)
- «Замечталась»
- «Идет солдат по городу» (з хорам ВВ МУС Расеі)
- «Ой, я мама»
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заслужаны артыст Расейскай Фэдэрацыі. Алена Верабей неаднаразова станавілася ляўрэатам Усерасейскіх конкурсаў артыстаў эстрады:
- «Хит-парад Останкино» (1995)
- «Кубок юмора» (2002)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Наталия Кривец. Елена Воробей живет на два дома — в Москве и Бресте (рас.)
- ^ а б Биография. Воробей Елена Яковлевна (рас.)
- ^ Елена Воробей: «Театральный институт — моя первая любовь»(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Мая знакамітая аднакласьніца — Алена Верабей
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт Алены Верабей
- Афіцыйная старонка Алены Верабей (Лебенбаўм)
- Елена Воробей / Союз юмористов
- Відэа з Аленай Верабей на YouTube
- Фильмография. Воробей Елена Яковлевна
- Секс-тайны Елены Воробей
- Нина Марадудина. Елена Воробей: «Я не боюсь быть смешной»(недаступная спасылка)
- Елена Воробей: «Театральный институт — моя первая любовь»(недаступная спасылка)
- Воробей Елена. Юмористка
- Елена Воробей: «Быть собакой — тяжело!»
- Рыўка Брыск. Лебенбаўм. // Літоўка ды Саха. Сшытак 1. Койданава. 2011. С. 58-59.